Дыктатура, збожжа і геапалітыка. Ці магчымая новая здзелка з Лукашэнкам?

Даведка

19 траўня Рада бяспекі ААН абмеркавала пытанне харчовай бяспекі ў 2022 годзе. У цэнтры дыскусіі стаяла пытанне экспарту ўкраінскага збожжа, якое ў выніку расейскай агрэсіі засталося заблакаваным. Чарнаморскія парты пакуль не могуць выконваць сваіх функцыяў. Такім чынам, у ААН адзначылі, што гэтая сітуацыя можа выклікаць голад у краінах трэцяга свету, куды раней Украіна экспартавала збожжа. У Радзе бяспекі ААН пастанавілі разгледзець магчымасць чыгуначнага транзіту тавару праз Беларусь.

Заключаючы гешэфт з дыктатарам, Захад можа хутка пераадолець існую праблему, але адчыніць скрыню Пандоры.

На першы погляд, справа банальная Расея заблакавала ўкраінскія парты і тым самым спыніла экспарт украінскага збожжа праз Чорнае мора. Украіна да вайны была пятай у спісе найбуйнейшых сусветных экспарцёраў, а ў гэтым годзе змагалася за ўваход у першую тройку. Ва ўкраінскіх зернясховішчах захраслі 20 млн т збожжа. Праблема вельмі балючая, ААН кажа пра пагрозу голаду ў краінах трэцяга свету. Нястачу харчоў ужо адчуваюць Егіпет і краіны паўночнай Афрыкі. Масква разблакаваць парты не пагаджаецца, і відавочна, што стабілізацыя сітуацыі чарнаморскага ўзбярэжжа Украіны не ўпісваецца ў планы Крамля. Вайна працягваецца, і свет шукае магчымасці пазбегчы голаду ў бедных краінах.

Украінскія фермеры праводзяць пасяўную кампанію нягледзячы на вайну. Фота зробленае каля вёскі Якаўлаўка пад Харкавам. 5 красавіка 2022 года.
Фота: THOMAS PETER / Reuters / Forum

Частка збожжа едзе з Украіны да партоў у румынскай Канстанцы, якая ляжыць усяго за 400 км ад Адэсы. З украінскага поўдня гэта самы кароткі шлях цягніком у бяспечную «натаўскую» прастору. Польшча таксама робіць што можа. У красавіку праз польскую чыгунку праехала 600 тыс. т збожжа. Украінскі ж бок кажа пра патрэбу транзіту 5 млн т на месяц. У Варшаве пачалі казаць пра будаўніцтва супольнай чыгункі ды нават пра пашырэнне балтыйскіх партоў, але на гэта патрэбны час. Акрамя таго, Украіна мае шырокія (савецкія) рэйкі, а Польшча вузкія, таму губляецца дадатковы час на мяжы. У выпадку з Беларуссю такой праблемы няма, але справа ж, вядома, не толькі ў шырокіх рэйках.

Беларусь да санкцыяў была адным з асноўных экспарцёраў калійных угнаенняў на свеце. А выкарыстоўвае іх сельская гаспадарка многіх краінаў Еўропы. Напрыклад, у Польшчы для аграрыяў увялі дзяржаўныя датацыі на ўгнаенне, бо кошты сыравіны выраслі ў некалькі разоў (паўплываў і моцны скачок кошту газу для мясцовай прамысловасці). А падаражэнне аўтаматычна перакладаецца на кошты ў крамах. Відавочна, што карпарацыі ў краінах ЕЗ зацікаўленыя ў дастаўках «беларускага калію», на гэтае пытанне працуе шмат лабістаў. Не здзіўлюся, што калі ў ЗША і ЕЗ усё ж такі прымуць прапановы ААН і «замарозяць» санкцыі супраць беларускага калію, патлумачаць гэта барацьбой з сусветным харчовым крызісам.

Поле са збожжам. Крупскі раён, побач з вёскай Нявераўшчына, Беларусь. 6 ліпеня 2021 года.
Фота: Белсат

Транзіт збожжа праз Беларусь выгадны не толькі краінам, якія гэтае збожжа набываюць, але ў першую чаргу Украіне, якая гэтае збожжа прадае. Таму шмат будзе залежаць ад пазіцыі ўладаў у Кіеве, якія сёння маюць уплыў на палітыку Захаду. Калі б у Кіеве сказалі, што транзіт праз Беларусь катэгарычна недапушчальны, хутчэй за ўсё, ён сапраўды быў бы недапушчальны. Але так у Кіеве не кажуць. Трэба памятаць, што ідзе вайна, і гісторыя з Лукашэнкам – не толькі пра збожжа і не толькі пра калій. Калі адчыніць сваю чыгунку для збожжа, то можа адчыніць і для паліва з НПЗ у Мажэйках, якое ідзе сёння ў абыход, праз Польшчу, і якога так не стае сёння Украіне? А можа і з мазырскага НПЗ паплыве. Нельга таксама выключаць таго, што нехта (у Кіеве, Бруселі ці Вашынгтоне) сапраўды лічыць, што Лукашэнку можна купіць, адцягваючы гэтым самым яго ад Крамля і памяншаючы верагоднасць яго непасрэднага ўдзелу ў вайне супраць Украіны. Пакуль ніхто з кіраўнікоў краінаў ЕЗ гучна не выказаўся супраць ініцыятывы ААН, а з гэтага вынікае, што размовы ідуць. Не здарма ж Лукашэнка пісаў лісты ў Брусель і генеральнаму сакратару ААН Антонью Гутэрышу.

«Лукашэнка стварае фальшывыя дылемы: ці голад, ці правы чалавека – і прапаноўвае Захаду выбіраць», – каментавала Святлана Ціханоўская. Бо ведае, што гэта скрыня Пандоры. Адчыняючы яе, Захад перакрэслівае сваю палітыку, якую праводзіў у дачыненні дыктатуры з 2020 года. Зачыніць яе будзе вельмі складана. Пакуль будуць ехаць цягнікі са збожжам, увесці чарговыя санкцыі таксама будзе немагчыма. А калі б Лукашэнка падыграў Захаду і выпусціў на свабоду хаця б некалькі соцень палітычных зняволеных?..

Выглядае на тое, што дылемаў Захад мае значна больш у дачыненнях з Менскам, чым «правы чалавека ці голад». Прызнаваць акупаванай тэрыторыю Беларусі ці не прызнаваць? Закрываць цалкам мяжу для гандлю ці толькі для грузавікоў на беларускіх нумарах? Адключаць усе беларускія банкі ад SWIFT ці толькі тыя, якія ні на што не ўплываюць? Прачытаўшы чарговы ліст ад Лукашэнкі, працягнуць яму руку і паспрабаваць адарваць яго ад Пуціна ці цалкам пакінуць яго Крамлю?

Меркаванні
Адказ на пытанне «А ці не пайсці нам на кампраміс з захаваннем улады Лукашэнку?»
2022.05.20 14:50

Руслан Шошын belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў