Як у Беларусі вакцынуюць ад каронавіруса? Менчукі распавялі пра свой досвед


З распрацоўваннем вакцынаў з’явілася надзея на вяртанне дакаронавіруснага жыцця: адкрытыя межы, выхад з локдаўнаў і паўнавартасны працоўны дзень у офісе. Аднак стаўленне да вакцынаў ад COVID-19 рознае: адны ім не давяраюць і настроеныя вельмі скептычна, а іншымі яны ўспрымаюцца як адзінае ратаванне ад хваробы.

Як праходзіць вакцынацыя ў Беларусі? Мы пагутарылі з менчукамі, якія прышчапіліся вакцынаю «Спутник-V», запыталі пра іхную рэакцыю на прышчэпку і ўражанне ад вакцынацыі.

Уладзь запісаўся на вакцынацыю праз онлайн-форму на сайце сталічнай 19-й паліклінікі ў пачатку красавіка. Праз тры тыдні яму патэлефанавалі і прапанавалі прыйсці на прышчэпку ў гэты ж дзень або на наступны, а таксама самому абраць час і прышчэпку – кітайскую або расейскую. Ён абраў другі варыянт.

Уладзь. Фота прадстаўлена «Белсату»

У паліклініцы для вакцынацыі вылучылі адмысловую зону – два кабінеты. У першым доктар апісвае стан, пытае пра захворванні, у другім робяць прышчэпку.

«Я падпісаў згоду на працэдуру, і мне далі даведку аб праходжанні першай фазы, пасля чаго перавялі ў іншы кабінет, дзе і рабілі прышчэпку. Уласна працэс уводу інʼекцыі практычна не адчуваўся», – распавядае Уладзь.

«Пасля прышчэпкі мне сказалі яшчэ паўгадзіны быць у паліклініцы, каб прасачыць рэакцыю арганізму: калі раптам зʼявяцца прыкметы алергіі, каб яны маглі адразу дапамагчы», – кажа хлопец.

Паводле Уладзя, ніякіх пабочных рэакцыяў у яго не было: «У першы вечар нічога не адбывалася: месца ўколу не балела, і тэмпература не падымалася, як гэта бывае. Для мяне наступстваў прышчэпкі наагул не было, быццам нічога і не рабіў».

Даведка аб вакцынацыі. Фота прадстаўлена «Белсату»

Аднак у 25-гадовай Ганны, якая рабіла прышчэпку ў Менскім цэнтральным клінічным раённым шпіталі, сітуацыя была зусім іншая.

«Агляд тэрапеўта перад прышчэпкаю быў ніякі. Ён наагул нічога не правяраў, проста з галавы напісаў, што ў мяне тэмпература 36,7, сатурацыю (норма кіслароду ў крыві) напісаў 98 %. Але на справе нічога не вымяраў, запоўніў ліст агляду і даў падпісаць, што я з усім згодная», – распавядае Ганна.

Потым дзяўчыну адвялі ў прафілактычны кабінет і з лядоўні дасталі вакцыну. Ампулу не паказалі, толькі сказалі, што гэта расейскі «Спутник», і адразу пасля прышчэпкі адпусцілі дадому.

«Ніхто не сказаў: «Пачакайце, мы павінны прасачыць вашую рэакцыю на прышчэпку». Не сказалі, што рабіць пры тэмпературы, якая прымальная, ці варта збіваць тэмпературу і чым. Нічога не патлумачылі, рабіце што хочаце. Я потым ужо сама ўсё вывучала і чытала. Усім абсалютна ўсё роўна. Ніякіх дакументаў, што я зрабіла прышчэпку, таксама не далі, толькі сказалі самой адлічыць 21 дзень і прыйсці на другую прышчэпку. Але ж яны самі павінны пазваніць і запрасіць», – абураецца дзяўчына.

Вакцына ад каронавіруснай інфекцыі.
Фота: AMANDA PEROBELLI / Reuters / Forum

Наступствы ад першай прышчэпкі для Ганны былі цяжкія: працэс уводу быў балючы, а пад вечар тэмпература цела паднялася да 39,2 градуса, і гэта ўжо пасля прыняцця гарачкапаніжальных сродкаў. Агульнае самаадчуванне пагоршылася, было вельмі дрэнна. На наступны дзень таксама была тэмпература.

Праз 21 дзень ад першай прышчэпкі ніхто так і не патэлефанаваў з паліклінікі, каб запрасіць зрабіць другую дозу. «Я сама адлічыла дні, патэлефанавала і прыехала», – кажа дзяўчына.

«Прыйшла ў паліклініку раніцай, а перада мною было ўжо чалавек 50 у чарзе, у маленькім памяшканні на калідоры, дзе дыстанцыя наагул не выконвалася. Было шмат пажылых людзей», – згадвае Ганна.

На другі раз перад прышчэпкаю таксама ніякіх замераў тэмпературы або сатурацыі не рабілі.

«Мяне спыталі пра пабочныя рэакцыі. Я сказала, што была высокая тэмпература, але яны нават не запыталі якая, проста напісалі 39, хоць я чытала, што пры тэмпературы каля 40 другая доза вакцыны супрацьпаказаная. Усім зноў было ўсё роўна.

Адразу ж напісалі даведку пра вакцынацыю і сказалі, што яна дзеіць паўгода. Я папрасіла выпісаць даведку на англійскай мове, каб я змагла яе недзе паказаць, калі буду выязджаць за мяжу, на што мне адказалі, што такіх яны не робяць», – распавядае Ганна.

Ампулу ад вакцыны Ганне зноў не паказалі: «Я наагул не ведала, чым мяне колюць», – кажа дзяўчына.

Пабочная рэакцыя пасля другой прышчэпкі была значна лягчэйшая, аднак тым разам месца ўколу апухла і балела, але тэмпературы ўжо не было.

«Наколькі я разумею, рэакцыя на прышчэпку ў кожнага індывідуальная, яе нельга прадбачыць. У паліклініцы я размаўляла з жанчынамі ў чарзе, і яны распавядалі, што першую прышчэпку спакойна перанеслі, ніякіх сімптомаў не было. Відаць, усё залежыць ад рэакцыі арганізму. Таксама, магчыма, гэта звязана і з тым, перахварэў чалавек да прышчэпкі на ковід ці не. І калі не, то ўсё працякае больш складана», – кажа Ганна.

Вакцынацыя ад COVID-19

Першыя пацыенты, прышчэпленыя вакцынай ад каронавіруса, зʼявіліся яшчэ ўлетку 2020 года, аднак вакцынацыя ў Беларусі пачалася толькі ў канцы снежня. Першапачаткова прышчэплівалі дактароў і медычны персанал. Масавая вакцынацыя стартавала толькі ў красавіку.

Паводле апошніх звестак, цалкам прышчэпленых у Беларусі толькі 1,6 %. Першую з дзвюх фазаў прайшлі каля 450 тысяч беларусаў. Паводле планаў Міністэрства аховы здароўя, за 2021–2022 гады плануюць прышчапіць больш за 60 % насельніцтва краіны.

Цалкам прышчэпленых людзей у свеце на дзень 19 траўня 4,7 %.

Крыніца: ourworldindata.org

Эфектыўнасць вакцынаў

Паводле звестак Сусветнай арганізацыі здароўя, сёння ў свеце на розных этапах распрацоўвання – больш за 230 вакцынаў супраць COVID-19, аднак афіцыйна САЗ залучыла ў спіс прэпаратаў для экстранага выкарыстання толькі шэсць вакцынаў ад наступных кампаніяў:

  • «Sinopharm» (Кітай), эфектыўнасць складае 79,34 %;
  • «Pfizer / BioNTech» (ЗША), самая высокая эфектыўнасць, 95 %;
  • «Moderna» (ЗША), эфектыўная на 92 %;
  • «AstraZeneca» (Вялікая Брытанія і Швецыя), эфектыўнасць – 62 %, яе індыйскі аналаг «AstraZeneca-SKBio» мае эфектыўнасць 63 %;
  • «Johnson & Johnson» (ЗША) з эфектыўнасцю 85 %.

Расейскі «Спутник V» пастаўляюць у 60 краінаў свету. Цяпер вакцына на разглядзе ў САЗ, а яе эфектыўнасць, паводле розных звестак, ацэньваюць на 92–97 %.

Аднак пакуль ні адна вакцына не дае поўнай гарантыі ад заражэння.

Як і чым прышчапіцца ў Беларусі?

Пры жаданні прышчапіцца ад каронавіруса можна ў паліклініцы. Трэба патэлефанаваць ва ўстанову і дамовіцца пра час, аднак праз магчымую адсутнасць вакцыны на месцы трэба будзе стаць у чаргу.

У Беларусі на гэты момант можна зрабіць прышчэпкі двух вытворцаў: ухваленай САЗ кітайскаю вакцынаю кампаніі «Sinopharm» і расейскаю «Спутник-V», масавую вытворчасць якой ужо запусцілі ў Беларусі.

Як дзеюць гэтыя вакцыны?

Вакцыны, якімі прышчэпліваюць у Беларусі, маюць абсалютна розныя прынцыпы дзеяння.

«Спутник V» уяўляе сабою «вектарную вакцыну», створаную на аснове адэнавіруса чалавека. Адэнавірус – гэта ўстойлівы вірус, шырока распаўсюджаны ў прыродзе і здольны выклікаць шырокі спектр захворванняў на ВРІ з кашлем і насмаркам. Адэнавірусы, якія выкарыстоўваюцца ў вакцыне, дастаўляюць ДНК у клетку, і на падставе атрыманай «інструкцыі» выпрацоўваецца спайкавы бялок каронавіруса, пасля чаго імунная сістэма можа навучыцца яго распазнаваць і будзе здольная справіцца з ім.

Кітайская вакцына працуе па-іншаму, яна створаная на аснове інактываванага, або забітага каронавіруса. Інактывацыя віруса – адзін з самых старых і надзейных спосабаў стварэння вакцынаў. Пры ім вірусы вырошчваюцца ў кантраляваных лабараторных умовах, а затым забіваюцца зменаю тэмпературы або атрутаю. Паводле гэтай тэхналогіі, напрыклад, распрацавалі вакцыну супраць грыпу.

Ілюстрацыйны здымак, вакцынацыя ад COVID-19.
Фота: Michal Kosc / Forum

Пацвярджэнне аб пройдзенай вакцынацыі

З 18 траўня 32-я гарадская клінічная паліклініка Менску пачала выдаваць сертыфікаты, што пацвярджаюць вакцынацыю супраць COVID-19. Мяркуюць, што такі дакумент будзе неабходны беларускім грамадзянам для паездак за мяжу. Тэрмін яго дзеяння – 1 год.

Кошт сертыфікату складае 4,25 рубля, яго будуць выдаваць толькі тым, хто прайшоў вакцынацыю менавіта ў гэтай паліклініцы. Але, імаверна, такая паслуга ў хуткім часе будзе даступная ўва ўсіх паліклініках, якія прышчапляюць ад каронавіруса.

Распаўсюд каронавіруса ў свеце і Беларусі

Каронавірусам з пачатку пандэміі заразіліся больш за 166 мільёнаў чалавек, сведчаць звесткі маніторынгавага праекту Універсітэту Джонза Гопкінза. Гэта 2,14 % насельніцтва Зямлі. Больш за 3,4 мільёна пацыентаў з пацверджаным дыягназам COVID-19 памерлі. Найбольшая колькасць ахвяраў – у ЗША, Індыі ды Бразіліі.

Паводле афіцыйных звестак Міністэрства аховы здароўя, з пачатку пандэміі на ковід захварэлі больш за 383 тысячы чалавек, з якіх 373 тысячы выздаравелі. Усяго за гэты перыяд ад COVID-19 памерлі 2752 асобы. Аднак гэты лік можа быць значна вышэйшы.

АД belsat.eu

Стужка навінаў