Вынікі пошуку для:

У шклоўскай калоніі памёр палітвязень Вітольд Ашурак

На 51-м годзе жыцця памёр палітвязень Вітольд Ашурак, які адбываў пакаранне ў шклоўскай калоніі. Прычына смерці – спыненне сэрца, піша «Наша ніва».

Вітольд Ашурак. Фота: Facebook

«Палітычных тут не бракуе, – пісаў Вітольд Ашурак з калоніі. – Так што сумаваць нагоды няма. Тым больш, што адміністрацыя выдала загад мець жоўты колер бірак на адзенні, і таму палітычных можна адрозніць здалёк».

Ён дадаваў, што зняволенне ўспрымае як адзнаку «выдатна» за тое, што «меў гонар падняць паходню паўстання супраць дыктатуры».

18 студзеня ў судзе Лідскага раёну вынеслі прысуд у крымінальнай справе супраць актывіста з Бярозаўкі, гарадзенскага абласнога каардынатара руху «За Свабоду», сябры Сойму Партыі БНФ Вітольда Ашурка. Яго прызналі вінаватым паводле артыкулаў 342 ч. 1 («Удзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак») і 364 («Гвалт у дачыненні супрацоўніка міліцыі») Крымінальнага кодэксу і прысудзілі 5 гадоў калоніі агульнага рэжыму і сплаціць 1000 рублёў на карысць пацярпелага міліцыянта.

Актывіста затрымалі 9 жніўня на некалькі дзён, а потым 19 верасня пакаралі 30-дзённым адміністратыўным арыштам за ўдзел у васьмі мітынгах. Адбываў пакаранне ў лідскім ізалятары. Аднак пасля содняў Ашурка не выпусцілі, працягваючы ўтрымліваць ужо паводле крымінальнай справы. Суд па справе зрабілі закрытым з-за «пагрозы дзяржаўнай бяспецы». Асуджанага прызналі палітычным зняволеным.

Хто такі Вітольд Ашурак

У палітыцы Вітольд ужо 10 гадоў, і за гэты час ён прайшоў праз шмат што: былі і затрыманні, і арышты, і штрафы. Ён вядомы тым, што злавіў улады на забруджванні рэк Дзітва і Нёман (актывіст звяртаўся ў пракуратуру з патрабаваннем завесці крымінальную справу і знайсці вінаватых у забруджванні рэк летам 2019 года, калі ў іх злілі нечыстоты з тэрыторыі Лідскай ЖКГ), змагаўся супраць будаўніцтва другога цэху шклаваты ў Бярозаўцы (26 красавіка 2020 года ён выйшаў на адзіночны пікет да прахадной заводу «Нёман» з плакатам «Шклавата – наш Чарнобыль»), быў адным з ініцыятараў усталявання памятных знакаў у гонар паўстанцаў Кастуся Каліноўскага, праводзіў розныя акцыі ў Бярозаўцы, удзельнічаў у маршы на Дзень Волі, акцыі памяці паўстанцаў Каліноўскага, маршы недармаедаў супраць Дэкрэту № 3. У 2016 годзе быў зарэгістраваны прэтэндэнтам на дэпутацкі мандат па Дзятлаўскай акрузе, а ў 2019 вылучаўся кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па Нёманскай выбарчай акрузе № 56.

Вітольд Ашурак вядомы таксама сваімі крэатыўнымі акцыямі. Так, 7 лістапада 2017 года актывіст усклаў да помніку Леніну ў Бярозаўцы вянок з чарапамі і надпісам «Гары ў пекле, кат». Ён тады патлумачыў журналістам, што зрабіў гэта, каб нагадаць пра мільёны людзей, якіх забілі бальшавікі. У снежні 2019 года Вітольд Ашурак ладзіў адзіночны пікет у Лідзе супраць інтэграцыі Беларусі і Расеі. Накінуўшы на плечы бел-чырвона-белы сцяг, ён трымаў у руках плакат з надпісам «Беларусь не Расея».

belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны