Супрацоўнікаў TUT.by не вызвалілі праз 72 гадзіны. Золатаву, Лойку і Талкачову перавозяць у СІЗА


Мінула 72 гадзіны з затрымання супрацоўнікаў беларускага парталу TUT.by і звязаных з ім кампаніяў. Затрыманых не адпусцілі – значыць, яны з’яўляюцца падазраванымі.

У ізалятары на Акрэсціна парталу паведамілі, што прынамсі трох затрыманых пераводзяць у СІЗА: галоўную рэдактарку Марыну Золатаву, рэдактарку Вольгу Лойку і журналістку Алену Талкачову. У чым вінавацяць менавіта іх, невядома, аднак раней улады заяўлялі, што партал падазраюць ва «ўхіленні ад падаткаў» (ч.2 арт.243 КК РБ).

Калі прымаюць рашэнне ўзяць чалавека пад варту, цягам 10 дзён з моманту затрымання мусяць афіцыйна выставіць абвінавачанне. TUT.by адзначае, што калі гэтага не зробяць, затрыманых мусяць вызваліць.

Абноўлена. Паводле TUT.by, пад вартай у статусе падазраваных застаюцца не толькі Золатава, Лойка і Талкачова, але і галоўная інжынерка парталу Ала Лапатка, намесніца дырэктара Ірына Рыбалка, намесніца галоўнага бухгалтара Марыя Новік. Усіх іх пераводзяць у СІЗА № 1 на Валадарскага. Галоўную бухгалтарку Анжэлу Асад заключылі пад варту, але невядома, куды менавіта. Дырэктарцы кампаніі «RocketData» Дар’і Данілавай выставілі абвінавачанне ва ўхіленні ад спраты падаткаў і змясцілі ў СІЗА КДБ. Дырэктарку «ТУТ БАЙ МЕДЫЯ» Людмілу Чэкіну, як стала вядома позна вечарам, таксама перавялі ў СІЗА № 1. Журналістку TUT.by Адар’ю Гуштын 10 гадзінаў дапытвалі ў ДФР, але вызвалілі.

Hавiны
Кірыл Валошын пра сітуацыю з сэрверамі TUT.by: «Гэта падобна на рэйдарскі захоп»
2021.05.21 17:15

АА belsat.eu

Стужка навінаў