Наступных 12 фігурантаў «пінскай справы» пачнуць судзіць 31 траўня

У судзе Маскоўскага раёну Берасця 31 траўня пачнуць судзіць другую групу людзей у «пінскай справе».

На гэтым тыдні ў СІЗА № 7 у Берасце з Баранавічаў перавезлі групу пінчукоў, яшчэ частка людзей застаецца ў СІЗА № 6 у Баранавічах. Гэтым разам судзіць будуць 12 асобаў. Гэта Леанід Германовіч, Аляксандр Лапух, Андрэй Моцук, Сяргей Цібец, Андрэй Хвескавец, Аляксандр Шандыба, Аляксандр і Сяргей Шаламіцкія, Сяргей Волкаў, Уладзімір Хаміцевіч, Валянцін Колб і Ілля Бохан.

АМАП у Пінску, ноч з 9 на 10 жніўня 2020 году. Крыніца: media-polesye.by

Пінчукоў судзяць за пратэсты 9–10 жніўня 2020 году ў іхным родным горадзе, усіх вінавацяць ва «ўдзеле ў масавых беспарадках» (ч. 2 арт. 293 КК РБ). Увечары 9 жніўня пінчукі, якія хацелі даведацца вынікі выбараў сабраліся каля мясцовага райвыканкаму і там адбылася сутычка з міліцыянтамі – людзі пачалі бараніцца ад нападаў сілавікоў.

«Пінская справа»: міліцыянты патрабуюць скампенсаваць маральную шкоду на 380 тысячаў рублёў

Вырак першым 14 асобам агучылі 30 красавіка, тады суддзя Яўген Брэган прысудзіў:

  • Сяргею Маўшуку і Аляксандру Цярэшку – 6,5 года калоніі ўзмоцненага рэжыму;
  • Раману Багнаўцу, Даніілу Богнату, Рыгору Гуньку, Сяргею Ляжэнку, Станіславу Міхайлаву, Вячаславу Рагашчуку, Ігару Салаўю, Артуру Халімончыку – 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму;
  • шматдзетнай маці Алене Маўшук – 6 гадоў калоніі агульнага рэжыму;
  • Дэвіду Масціцкаму, Алегу Рубцу, Вячаславу Шалямету – 5,5 года калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Раней такія тэрміны для абвінавачваных запатрабаваў пракурор.

«Як ім дараваць скрадзеныя гады і асірацелых дзяцей?» Гутарка з сястрой асуджанага ў «пінскай справе»

5,5 года за жменю зямлі, кінутую ў міліцыянтаў. Размова з маці палітвязня Алега Рубца

«Паклалі на падлогу, і кожны, хто праходзіў побач, біў нагамі». Як катавалі і судзілі 19-гадовага пінчука

АЛ belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны