Кірыл Валошын пра сітуацыю з сэрверамі TUT.by: «Гэта падобна на рэйдарскі захоп»


Кіраўніцтва TUT.by разглядае магчымасць пераезду часткі працаўнікоў за мяжу, але далёка не ўсе журналісты гатовыя з’ехаць з Беларусі. Пра гэта заявіў сузаснавальнік парталу Кірыл Валошын падчас брыфінгу, прысвечанага атацы сілавікоў на TUT.by.

Атаку на TUT.by Валошын назваў «актам забойства ненавіснага ўладай медыя, якое заўсёды заўсёды шчыра і хутка публікавала інфармацыю аб тым, што адбываецца ў краіне». Ён адзначыў, што па стане на 21 траўня ў межах «справы TUT.by» былі затрыманыя 15 чалавек, але не ўсе яны зʼяўляюцца працаўнікамі парталу.

Журналісты і рэдактары TUT.by цяпер працягваюць працу ў сацыяльных сетках, але аднавіць партал у выглядзе люстэркі, пад іншым адрасам, пакуль не атрымліваецца.

«Знікненне доступу да нашых сервераў падобна на рэйдарскі захоп. Заблакаваны не толькі дамен парталу. Наколькі мы разумеем, сэрвера, праграмнае забеспячэнне, дыскавыя назапашвальнікі – яны ўсё вынятыя з пляцоўкі, дзе размяшчаліся сэрверы кампаніі. Адпаведна, нават калі Міністэрства інфармацыі прыняло рашэнне аб блакіроўцы TUT.by на тэрыторыі Беларусі, замежныя карыстальнікі мусяць мець магчымасць туды заходзіць. Мусяць мець магчымасць туды заходзіць уласнікі і супрацоўнікі кампаніі. Чаму так адбываецца – нам не кажуць», – падкрэсліў сузаснавальнік TUT.by.

Валошын адзначыў, што цяпер каманда TUT.by будзе спрабаваць аднавіць працу мабільнага прыкладання на ўсіх платформах і аднавіць працу TUT.by на іншым дамене. Таксама кіраўніцтва выдання будзе звяртацца ў Міністэрства інфармацыі, каб там назвалі спіс навінаў, якія, на погляд уладаў, нібыта парушаюць заканадаўства.

Сузаснавальнік TUT.by распавёў, што цяпер разглядаецца магчымасць пераезду часткі працаўнікоў за мяжу, але далёка не ўсе журналісты гатовыя да гэтага.

Валошын канстатаваў, што ў цяперашняй сітуацыі («без рэкламадаўцаў, без той наведвальнасці, якая была») трымаць дзейную каманду ў TUT.by будзе немагчыма. У сувязі з гэтым частку працаўнікоў накіруюць у адпачынак.

«У нас некалькі дзясяткаў раздзелаў: забаўляльных, фінансавых, спартовых і г.д. Без рэкламадаўцаў мы не зможам сабе дазволіць іх утрымліваць», – прызнаўся ён.

Сузаснавальнік TUT.by падкрэсліў, што не шкадуе, што каманда партала заняла прынцыповую пазіцыю адносна сітуацыі ў Беларусі і несла людзям праўду:

«Журналісты – героі. Ніхто з каманды TUT.by не шкадуе пра тое, што мы рабілі. Гэта рэдакцыйная палітыка, гэта спадчына ідэяў Юрыя Зісера: празрыстае, сумленнае, шматбаковае і аператыўнае асвятленне тых падзеяў, якія адбываюцца ў краіне. TUT.by ад гэтай канцэпцыі не адыходзіў і не плануе адыходзіць».

Hавiны
Праваабаронцы пра «справу TUT.by»: Спыніце палітычны пераслед і вызваліце зняволеных
2021.05.21 13:50

Намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі адзначыў, што «з лета 2020 года мы назіраем небывалы шквал рэпрэсіяў супраць журналістаў». За гэты час было зафіксавана больш за 550 выпадкаў затрыманняў, больш за 80 журналістаў сталі ахвярамі гвалту сілавікоў (збіццё або раненне спецсродкамі). На дадзены момант за кратамі знаходзяцца 27 чалавек (пяць з іх у межах адміністратыўных справаў, астатнія па крымінальных). Больш за 50 сайтаў незалежных медыяў былі заблакаваныя на тэрыторыі Беларусі. Восем друкаваных выданняў у выніку рэпрэсіўных захадаў уладаў або наагул перасталі выходзіць, або іх праца была істотна абмежаваная.

Журналістка TUT.by Кацярына Барысевіч, якая правяла шэсць месяцаў у зняволенні, прызналася, што не можа паўнавартасна радавацца свайму вызваленню, калі іншыя журналісты застаюцца за кратамі:

«У такіх умовах прыходзіцца радавацца таму, што чалавек выходзіць на волю, але я не магу да канца радавацца, разумеючы што цяпер мае калегі пазбаўленыя волі. Журналісты не мусяць трапляць за краты, выконваючы свае прафесійныя абавязкі».

Аб’ектыў
Кацярына Барысевіч: унутранай свабоды ў мяне не забралі
2021.05.19 22:32

Нагадаем, 18 траўня ў менскім і рэгіянальным офісах TUT.by, а таксама ў працаўнікоў выдання адбыліся ператрусы. У Камітэце дзяржаўнага кантролю заявілі, што ў дачыненні службовых асобаў «ТУТ БАЙ МЕДЫЯ» распачалі крымінальную справу паводле ч.2 арт.243 КК («Ухіленне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры»). Дамен парталу TUT.by заблакаваны па ініцыятыве Генеральнай пракуратуры. Па стане на 21 траўня ў межах «справы TUT.by» затрыманыя:

  • галоўная бухгалтарка Анжэла Асад (СІЗА КДБ);
  • дырэктар Hoster.by Сяргей Павалішаў (СІЗА КДБ);
  • дырэктарка «RocketData» Дар’я Данілава (СІЗА КДБ);
  • галоўная рэдактарка Марына Золатава (Акрэсціна);
  • генеральная дырэктарка Людміла Чэкіна (Акрэсціна);
  • намесніца дырэктара Ірына Рыбалка (Акрэсціна);
  • кіраўніца аддзелу распрацоўвання Ала Лапатка (Акрэсціна);
  • юрыстка Кацярына Ткачэнка (Акрэсціна);
  • журналістка Алена Талкачова (Акрэсціна);
  • рэдактарка Вольга Лойка (Акрэсціна);
  • менеджар Андрэй Аўдзееў (Акрэсціна);
  • намесніца галоўнага бухгалтара Марыя Новік (Акрэсціна);
  • намеснік генеральнага дырэктара ў тэхнічных пытаннях Аляксандр Дайнэка (месца перабывання невядомае);
  • былая юрыстка TUT.by Ірына Касцючэнка (Акрэсціна).

Таксама з 18 траўня не было інфармацыі пра месца перабывання Юліі Чарняўскай, удавы заснавальніка TUT.by Юрыя Зісера. Пазней стала вядома, што Юлія Чарняўская ўдома пад хатнім арыштам. Адвакатка Юліі – пад падпіскаю пра неразгалашэнне.

Юлія Чарняўская не мела дачынення да парталу, але яна з’яўляецца мажарытарным уласнікам кампаніі «Надёжные программы» (hoster.by) – імаверна, менавіта з гэтым звязаны яе пераслед.

Аб’ектыў
Знайшлася Юлія Чарняўская
2021.05.20 22:42

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў