ГУБАЗіК прапануе прыраўняць бел-чырвона-белы сцяг да нацысцкай сімволікі


Намеснік кіраўніка ГУБАЗіК Міхаіл Бедункевіч у інтэрв’ю дзяржаўнай газеце «СБ» заявіў, што ягонае ведамства будзе патрабаваць забароны БЧБ-сімволікі і прызнанне яе нацысцкаю.

Намеснік кіраўніка ГУБАЗіК Міхаіл Бедункевіч.
Фота: pressball.by

На пытанне, якім ён бачыць лёс і статус бел-чырвона-белага сцяга, Бедункевіч сказаў, што «надышоў час зрабіць захады і паставіць кропку ў гэтым пытанні – людзі просяць». Таксама ён распавёў, што нібыта падчас рыхтавання да Усебеларускага народнага сходу дзяржаўныя органы прымалі шмат зваротаў ад грамадзянаў «пра захады ў дачыненні калабарацыянісцкай сімволікі».

«Мы не можам проста так, абыякава, глядзець на сімволіку здраднікаў. Таму бліжэйшым часам будзем выступаць з ініцыятывай улучыць у спіс нацысцкай сімволікі БЧБ-сцяга», – адказваў Бедункевіч.

Таксама ён падкрэсліў, што «спробы хадзіць па вуліцах з бчб-сцягамі будуць вельмі жорстка спыненыя».

Раней кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка прапанаваў пратэстоўцам апранацца ў белае і пры падтрыманні дэмакратычных сілаў абвесціў пра пачатак бестэрміновай акцыі #КолерСупрацьЦемры (#ЦветПротивТьмы). Ён прапануе беларусам «вярнуць белы колер у нашыя гарады і навінавыя стужкі, запоўніць ім усё навокал і разагнаць змрок».

«Белы колер сімвалізуе чысціню, згуртаванасць і волю. Белы – гэта сімвал барацьбы беларускага народу супраць цемры, у якую спрабуе пагрузіць нас рэжым», – гаворыцца ў звароце.

Офіс Святланы Ціханоўскай таксама падтрымаў ініцыятыву: «У гэтых умовах нават маленькі крок – гэта крок наперад. Таму мы далучаемся да акцыі «Колер супраць цемры», бо, каб вярнуць веру ў сябе, трэба з чагосьці пачаць. Улетку 2020 года мы пачалі з белых бранзалетаў і ўбачылі, што нас большасць. Белы – наш колер, і яго ў нас ужо ніхто не зможа адабраць. Колер, дзякуючы якому мы пазнавалі адно аднаго тады і пазнаем цяпер. Колер свабоды і святла».

АД, belsat.eu

Стужка навінаў