Прысуды берасцейцам, самагубства палкоўніка, смерць палітвязня. Галоўнае за 21 траўня


Belsat.eu падводзіць вынікі 21 траўня – 286-га дня супрацьстаяння грамадства і ўладаў.

Гэта ўжо чацвёрты дзень, калі беларусы жывуць без аднаго з самых папулярных сайтаў у краіне – TUT.by. Мінула 72 гадзіны з затрымання супрацоўнікаў беларускага парталу і звязаных з ім кампаніяў. Затрыманых не адпусцілі – значыць, яны з’яўляюцца падазраванымі. Праваабаронцы заклікалі спыніць наступ на свабоду слова.

Кіраўніцтва TUT.by разглядае магчымасць пераезду часткі працаўнікоў за мяжу, але далёка не ўсе журналісты гатовыя з’ехаць з Беларусі.

Hавiны
Кірыл Валошын пра сітуацыю з сэрверамі TUT.by: «Гэта падобна на рэйдарскі захоп»
2021.05.21 17:15

Атака на TUT.by – не адзіны эпізод ціску на СМІ за дзень. Раніцай журналіста выдання «Белорусы и рынок» Арцёма Маёрава асудзілі на 15 содняў за «хуліганства». Затрымалі журналіста-фрылансера Алеся Сіліча – будуць судзіць за «Пагоню» на пашпарце. Дзяўчыну арыштавалі на 15 дзён за плакат у падтрымку TUT.by, які ляжаў у пакеце.

Днём сілавікі ўварваліся ў студыю, дзе «Белсат» здымае перадачу «Кожны з нас». Затрыманыя тэхнічныя супрацоўнікі: гукарэжысёр і чатыры аператары, а таксама адміністратар студыі. Цяпер яны ў ізалятары на завулку Акрэсціна.

Агулам праваабаронцы прызналі ўжо 406 беларусаў палітычнымі зняволенымі. 37 краінаў АБСЕ заўважылі, што сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі не паляпшаецца, а ў некаторых аспектах істотна пагаршаецца.

Hавiны
37 краінаў АБСЕ выступілі з заявай аб сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі
2021.05.21 15:11

21 траўня ў судзе Ленінскага раёну Берасця вынеслі прысуд 13 жыхарам гораду за пратэсты ў жніўні 2020 года: ад 3 гадоў выхаваўчай калоніі да 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Паралельна ідзе «пінская справа», наступных 12 фігурантаў «пінскай справы» пачнуць судзіць 31 траўня. Вырак першым 14 асобам агучылі 30 красавіка.

Трывае і «справа Статкевіча»: палітыку выставілі пазоў на 3 мільёны рублёў. Днём раней стала вядома, што яго самога этапавалі ў Гомель.

Абноўлена
Агучаныя выракі ў справе пра масавыя закалоты ў Берасці. Бальшыня пакараных – моладзь
2021.05.21 12:55

Адразу пра некалькі трагічных смерцяў стала вядома за 21 траўня. У Менску школьнік загінуў ад удару токам. У Берасці знайшлі павешаным 50-гадовага палкоўніка міліцыі ў адстаўцы. У шклоўскай калоніі на 51-м годзе жыцця памёр палітвязень Вітольд Ашурак – паводле папярэдніх звестак, прычынай смерці стала спыненне сэрца.

Артыкулы
У шклоўскай калоніі памёр палітвязень Вітольд Ашурак
2021.05.21 22:56

ГУБАЗіК тым часам прапануе прыраўняць бел-чырвона-белы сцяг да нацысцкай сімволікі. Заяўляюць, што «спробы хадзіць па вуліцах з бчб-сцягамі будуць вельмі жорстка спыненыя». Тым часам закрываецца адна з апошніх крамаў адзення і сувеніраў з нацыянальнай сімволікай – «Будзьма-крама».

Выбарчае ж заканадаўства мяняць не збіраюцца прынамсі да рэферэндуму, заявіла старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына. Нават з улікам таго, што яно, як кажа Ярмошына, «састарэла». Калі будзе рэферэндум і што на ім прапануюць, па-ранейшаму невядома.

Аб’ектыў
Нацыянальны сцяг – у спіс нацысцкай сімволікі?
2021.05.21 22:44

Тым часам у Рызе стартуе чэмпіянат свету па хакеі, які павінен быў прайсці і ў Беларусі. Першую гульню беларуская зборная прайграла: саступіла 2:5 славакам. Латвійская зборная ў той жа час сенсацыйна перамагла канадскую з лікам 2:0.

АА belsat.eu

Стужка навінаў