Амбасадара Беларусі выклікалі ў МЗС Нямеччыны за выказванне Карпянкова


Беларускі палітык Павел Латушка расказаў у сваім Telegram-канале пра рэакцыю нямецкіх уладаў на просьбу праверыць выказванні беларускага намесніка міністра ўнутраных справаў Беларусі аб процідзеянні апазіцыі як «тэрарыстам».

Мікалай Карпянкоў падчас разгону мірнай акцыі пратэсту 23 верасня 2020 года.
Фота: Аліса Ганчар / belsat.eu

Міністр унутраных справаў Беларусі Мікалай Карпянкоў заявіў 2 траўня ў эфіры дзяржаўнага тэлеканалу СТВ, што «радыкальна настроеныя апазіцыянеры» стаяць у адным шэрагу з «­міжнароднымі тэрарыстамі», і барацьба з імі будзе ісці «паводле закону контртэрарыстычных аперацыяў». Паводле яго, «радыкалізавалася» ўся «наша неймаверная апазіцыя».

Павел Латушка расцаніў гэтую заяву як адмову ад абмежавання сілавікоў законамі ў дзеяннях супраць палітычнай апазіцыі. Ён папрасіў дзяржаўнага сакратара Міністэрства замежных справаў Нямеччыны Мігеля Бэргера выказаць рэакцыю на заяву Карпянкова – і атрымаў адказ:

«У лісце ў адказ Мігель Бэргер запэўніў, што МЗС Нямеччыны вельмі сур’ёзна ўспрыняў недапушчальныя выказванні Карпенкова, – перадае Латушка. – Амбасадар Беларусі быў выкліканы ў МЗС, дзе да яго была выразна даведзеная пазіцыя Нямеччыны аб недапушчальнасці падобных дзеянняў і выказванняў. Нямеччына будзе цвёрда стаяць на баку тых беларусаў, якія змагаюцца за дэмакратыю, вяршэнства закона і выкананне правоў чалавека».

Раней у пракуратуру Нямеччыны падалі заяву аб здзяйсненні Аляксандрам Лукашэнкам злачынстваў супраць чалавечнасці. Латушка ж яшчэ ў сакавіку запрапанаваў Захаду прызнаць рэжым Лукашэнкі тэрарыстычным.

Hавiны
37 краінаў АБСЕ выступілі з заявай аб сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі
2021.05.21 15:11

АА belsat.eu

 

 

Стужка навінаў