Алігарх Варабей пастаўляў ва Украіну расейскія нафтапрадукты, абыходзячы тамтэйшыя санкцыі


Беларуская кампанія «БелКазТранс», падкантрольная бізнесоўцу Мікалаю Вараб’ю, дастаўляла ва Украіну расейскія нафтапрадукты ў абыход санкцыяў.

Пра гэта гаворыцца ў супольным расследаванні праграмы «Давайце разбірацца» і ўкраінскай праграмы «Схемы».

Гэтак, у 2020 годзе «БелКазТранс» даставіў ва Украіну больш за 2 мільёны тон нафтапрадуктаў расейскага паходжання амаль на $ 800 мільёнаў, сведчаць звесткі ўкраінскай мытні, што ёсць у распараджэнні журналістаў. Атрымальнікамі тавару былі ў тым ліку кампаніі «Анвітрэйд» і «Глуско Украіна», якія медыі звязваюць з прарасейскім палітыкам Віктарам Медведчуком.

Лідар партыі «Апазіцыйная платформа – За жыццё» Віктар Медведчук.
Фота: VALENTYN OGIRENKO / Reuters / Forum

У некаторых выпадках у мытнай базе пазначаны вытворца нафтапрадуктаў. Гэта расейская «Башнафта». За мінулы год «БелКазТранс» даставіў ва Украіну больш за 950 тон нафтапрадуктаў гэтай кампаніі на суму больш за $ 400 тысячаў. Варта адзначыць, што з 2016 года расейская «Башнафта» – пад украінскімі санкцыямі.

«На жаль, у нас абыходзяць гэтыя санкцыі. То бок санкцыі ва Украіне дрэнна працуюць, таму мы і бачым на ўкраінскім рынку прадукты кампаніяў пад санкцыямі», – каментуе сітуацыю аналітык, галоўны рэдактар украінскага выдання «НафтоРинок» Аляксандр Сірэнка.

Акрамя таго, як высветлілі журналісты, эстонскія кампаніі «NT Marine» і «NT Bunkering», звязаныя з Аляксеем Чульцом, даўнім партнёрам Мікалая Вараб’я, займаліся дастаўкамі ва Украіну і Еўропу прадукцыі з Навашахцінскага заводу нафтапрадуктаў з Растоўскай вобласці, што доўгі час належаў жонцы Віктара Медведчука, тэлевядоўцы Аксане Марчанцы, а нядаўна трапіў пад украінскія санкцыі за пастаўкі паліва данецкім і луганскім сепаратыстам.

Падрабязнасці – у праграме «Давайце разбірацца»:

belsat.eu

Стужка навінаў