Агучаныя выракі ў справе пра масавыя закалоты ў Берасці. Бальшыня пакараных – моладзь


Вынясенне прысуду чарговым фігурантам «карагоднай справы». Берасце, 21 траўня.
Фота: Белсат

21 траўня ў судзе Ленінскага раёну Берасця вынеслі прысуд 13 жыхарам гораду за пратэсты ў жніўні 2020 года. Пракурор прасіў для фігурантаў справы да 5 гадоў калоніі. Суддзя Андрэй Грушко вынес прысуд, якога прасіла абвінавачанне, паведамляе карэспандэнт «Белсату».

  • 18-гадовая палітзняволеная Віталія Бандарэнка – 4 гады калоніі агульнага рэжыму;
  • 26-гадовы былы дэсантнік Дзяніс Марусевіч – 4 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму;
  • 22-гадовы Уладзімір Рубашэўскі – 4 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму;
  • 21-гадовы Марк Салонікаў – 4,5 года калоніі ўзмоцненага рэжыму;
  • 27-гадовы Віктар Панцялееў – 4 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму;
  • 20-гадовы Данііл Бандарук – 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму;
  • 32-гадовы Вячаслаў Касцючык – 4 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму;
  • 20-гадовы Максім Зіневіч – 4 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму;
  • 24-гадовы Міхаіл Калішук – 4 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму;
  • 22-гадовы Андрэй Грышчук – 3,5 года калоніі ўзмоцненага рэжыму;
  • 23-гадовы Сіман Канцэвіч – 3,5 года калоніі ўзмоцненага рэжыму;
  • няпоўнагадовы Аляксандр Вінярскі – 3 гады выхаваўчай калоніі (просяць узяць яго пад варту ў зале суда);
  • няпоўнагадовы Эдуард Кудынюк – 3 гады выхаваўчай калоніі (просяць узяць яго пад варту ў зале суда).

Трое падсудных цалкам пагадзіліся з выстаўленым абвінавачаннем, сямёра – часткова. Віталія Бандарэнка, Данііл Бандарук і Марк Салонікаў віны не прызналі, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».

Частку асуджаных прызналі палітычнымі вязнямі.

«У канцы мой сын сказаў «Жыве Беларусь!»

Журналісты «Белсату» запыталі, што пра выракі думаюць бацькі засуджаных.

26-гадовы спартовец Дзяніс Марусевіч 11 верасня летась пайшоў на допыт у Следчы камітэт і дадому не вярнуўся. Ён майстар спорту па каратэ, рукапашным баі і вайсковым рукапашным баі, былы сябра нацыянальнай зборнай па каратэ. Да 13 ліпеня 2020 года служыў паводле кантракту ў 38-й берасцейскай асобнай дэсантна-штурмавой брыгадзе. Але пасля таго як убачыў, што адбываецца ў краіне, звольніўся. Сёння ён атрымаў 4 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Людміла маці асуджанага Дзяніса Марусевіча.
Фота: Белсат

– Справядлівасці ніякай няма, асабліва шкада няпоўнагадовых хлопцаў. Суддзя ўвесь працэс браў актыўны ўдзел, усё запісваў, нават было адчуванне, што можна спадзявацца на ягоны прафесіяналізм і што ён будзе лаяльны хоць бы да няпоўнагадовых, але ён усё пакінуў у сіле. І я, убачыўшы, што было, калі судзілі першы дзясятак, і цяпер, прыходжу да высновы, што разыгрываецца спектакль. Я не ведаю, для чаго гэта робіцца. Можа, робяць выгляд, што яны працуюць. Але атрымліваецца, што суддзя проста манекен, ён нічога не вырашае, у курс справы не ўваходзіць і даў, што запатрабавалі. Але хлопцы нашыя малайцы, добра трымаюцца, усе ўсміхаліся, – кажа Людміла, маці Дзяніса Марусевіча, у размове з «Белсатам».

Жанчына адзначае, што сваякі засуджаных усё разумеюць і вераць, што хутка сітуацыя ў краіне зменіцца ды іхныя дзеці будуць з імі:

– Мы былі маральна гатовыя да гэтага прысуду. Учора ліст ад сына атрымала. Ён у апошнім слове вельмі моцна прамовіў, гэта былі словы чалавека, які верыць у перамогу. Ён нічога не прасіў, а выказаўся пра несправядлівасць уладаў. У канцы мой сын сказаў «Жыве Беларусь!». Але ў нас гэта забаронена, яны, напэўна, не хочуць, каб Беларусь жыла.

Самы вялікі тэрмін, 5 гадоў, атрымаў 20-гадовы Данііл Бандарук. У ягонай сямʼі васьмёра дзяцей. Марк Салонікаў, стрыечны брат Бандарука, атрымаў на паўгода менш. Віктар Бандарук, бацька Данііла, не спадзяваўся на мяккі вырак:

– Сёння мы сталіся сведкамі гэтага беззаконня, якое адбываецца. Не былі ўлічаныя ніякія абставіны. Што пракурор сказаў, тое суддзя і прызначыў. Гэта робіцца толькі для таго, каб аказаць максімальны ціск на нашых дзяцей і нашыя семʼі. Майму сыну далі больш за ўсіх, 5 гадоў. Для нас такое рашэнне не стала сюрпрызам, мы разумеем, што справядлівы суд толькі ў Бога, а тое, што тут напісана «Дом правасуддзя», – нічога не значыць, тут няма справядлівасці.

Віктар Бандарук бацька асуджанага Данііла Бандарука.
Фота: Белсат

Яшчэ ў жніўні ў Берасці распачалі крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 293 КК («Удзел у масавых беспарадках»), у ёй праходзяць больш за 80 асобаў. Бальшыня абвінавачваных застаецца ў СІЗА, некаторыя са жніўня. Пераважная частка фігурантаў справы – моладзь.

Ужо на наступным тыдні пачнуць судзіць трэцяю групу людзей у гэтай справе.

Няпоўнагадовы Эдуард Кудынюк развітваецца з роднымі.
Фота: Белсат

Паралельна з гэтым у Берасці працягваюцца працэсы ў гэтак званай карагоднай справе. 14 траўня пачалі судзіць чацвёртую групу. Пазней стала вядома, што ў канцы траўня будуць судзіць і пятую групу падсудных.

Hавiны
«Карагодная справа» – адна з самых вялікіх палітычных справаў у Беларусі. Што трэба пра яе ведаць
2021.04.02 08:45
Гісторыі
«Яна пайшла абараняць скрадзеныя галасы». Сярод 80 падсудных за масавыя беспарадкі ў Берасці – адзіная дзяўчына
2021.04.16 21:25

AC belsat.eu

Стужка навінаў