37 краінаў АБСЕ выступілі з заявай аб сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі


Вечарам 20 траўня прадстаўнік Даніі ў Арганізацыі па бяспецы і супрацы ў Еўропе Рэнэ Дынэсэн агучыў заяву 37 краінаў-удзельніц АБСЕ аб сітуацыі ў Беларусі.

У заяве згадваецца, што пасля «маштабнага, сістэматычнага і брутальнага гвалту» ў Беларусі ў 2020 годзе АБСЕ распачала «маскоўскі механізм» расследавання парушэння правоў чалавека. У дакладзе, зробленым сем месяцаў таму ў межах механізму, прыйшлі да высновы, што існуюць шматлікія доказы фальсіфікацыяў на прэзідэнцкіх выбарах, сістэматычных і масавых правоў чалавека ў Беларусі.

Аб’ектыў
Катаванні расследуе АБСЕ
2020.09.18 23:13

Праз сем месяцаў з таго дакладу ў АБСЕ адзначаюць, што «адны і тыя ж сістэмныя парушэнні і злоўжыванні працягваюцца без зменаў». Колькасць палітычных зняволеных і затрыманых працягвае расці, прычым асаблівую ўвагу набываюць прадстаўнікі свабодных СМІ, заяўляюць краіны АБСЕ. Ціск на грамадзянскую супольнасць, праваабаронцаў, журналістаў і нацыянальныя меншасці не толькі не стаў слабейшым, але і ў некаторых выпадках значна ўзмацніўся. Не было ніводнага расследавання ўладамі «добра задакументаваных злачынстваў прадстаўнікоў уладаў».

«З асаблівай занепакоенасцю мы адзначаем, што праваабарончыя арганізацыі паведамляюць пра шматлікія вартыя даверу заявы аб жахлівым абыходжанні з зняволенымі, у тым ліку аб катаваннях, – гаворыцца ў дакладзе. – Падобна, гэта адлюстроўвае наўмыснае рашэнне ўладаў стварыць атмасферу страху з мэтай замоўчвання ахвяраў і сведак».

Асобна згадваюцца змены ў заканадаўстве аб «экстрэмізме»: абноўленыя законы «дазваляюць уладам крыміналізаваць любую форму іншадумства», а краіны АБСЕ «катэгарычна і відавочна адрынаюць меркаванне, што такое іншадумства з’яўляецца экстрэмізмам». Пашырэнні паўнамоцтваў сілавікоў тым часам «фактычна легалізуюць будучыя парушэнні правоў чалавека супраць грамадзянскай супольнасці».

У АБСЕ застаюцца тры галоўныя пытанні да ўладаў Беларусі:

  1. Калі ўлады пачнуць расследаваць паведамленні пра масавыя парушэнні праваахоўнікамі правоў чалавека, катаванні, сексуальны гвалт, знікненні і забойствы?
  2. Калі ўлады пачнуць выстаўляць крымінальныя абвінавачанні супраць тых, хто парушае правы чалавека ў Беларусі?
  3. Калі ўлады забяспечаць абарону пацярпелых і сведак, якія мужна выступілі і паведамілі пра свае парушэнні і парушэнні правоў чалавека?
Hавiны
У Еўропе і ЗША асудзілі разгром TUT.by
2021.05.19 10:35

Заяву падпісалі Албанія, Аўстрыя, Бельгія, Балгарыя, Канада, Харватыя, Кіпр, Чэхія, Данія, Эстонія, Фінляндыя, Францыя, Нямеччына, Грэцыя, Вугоршчына, Ісландыя, Ірландыя, Італія, Латвія, Літва, Люксембург, Мальта, Чарнагорыя, Нідэрланды, Паўночная Македонія, Нарвегія, Польшча, Партугалія, Румынія, Сербія, Славакія, Славенія, Іспанія, Швецыя, Украіна, Вялікая Брытанія і ЗША. Сярод падпісантаў няма суседняй з Беларуссю Расеі.

«Гэта вельмі важны сігнал і Беларусі, і міжнароднай супольнасці, што пытанне Беларусі застаецца на парадку дня», – пракаментаваў заяву дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка.

АА belsat.eu

Стужка навінаў