Затрыманні, уварванне ў кватэру і ціск у зняволенні. Працяг рэпрэсіяў у Беларусі 21 красавіка


Адміністрацыя наваполацкай калоніі цісне на палітвязня Рамана Багнаўца, які адбывае там тэрмін, паведамляе ПЦ «Вясна».

Палітвязень Раман Багнавец.
Фота: Вясна

Ягоная сястра распавяла, што больш за месяц не атрымлівала ад брата ніякіх звестак. І толькі некалькі дзён таму да яе дайшлі лісты ад Ромы, у якіх ён паведаміў, што ажно два тыдні яго ўтрымлівалі ў ШІЗА і што ў хуткім часе яго могуць перавесці ў памяшканне камернага тыпу (ПТК). Акрамя гэтага, ён паведамляе, што стаўленне адміністрацыі калоніі № 1 да зняволеных апошнім часам вельмі пагоршылася. Паводле Рамана, там «робяць усё дзеля таго, каб было сорамна за тое, што яны палітвязні».

Палітзняволенаму Уладзіміру Коласу ўзмацнілі рэжым і перавялі з «хіміі» ў магілёўскую турму. Прычына – «парушэнне правілаў унутранага распарадку ва ўстанове». Цяпер ён будзе адбываць тэрмін у магілёўскай турме № 4.

Стала вядома пра затрыманне Арсенія Пахомава. «Пакаяннае» відэа з ім з’явілася на праўладным тэлеграм-канале. На ім мужчына кажа, што яму 35 гадоў, ён часова беспрацоўны і яго затрымалі за тое, што ён «распаўсюджваў дэструктыўную інфармацыю пра вайну ва Украіне». ГУБАЗіК таксама паведаміў, што начамі затрыманы нібыта расклейваў налепкі з забароненымі выявамі.

Праваабаронцы даведаліся пра затрыманне ў Менску ўладальнікаў агенцтва нерухомасці КУБ – мужа і жонкі Васіля і Алы Раманенкаў. Учора, 20 красавіка, дадому да іх уварваліся супрацоўнікі ГУБАЗ і САХР. Васілю выставілі абвінавачанні паводле крымінальнага артыкулу 361-1 «Стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім». Мужчына быў зарэгістраваны ў плане «Перамога». У чым дакладна абвінавачваюць Алу, пакуль невядома.

Актывіст прафсаюзу РЭП Вацлаў Арэшка.
Фота: Новы час

Актывіст прафсаюзу РЭП Вацлаў Арэшка ўтрымліваецца ў СІЗА КДБ. Нагадаем, 19 красавіка з’явілася інфармацыя пра ператрусы ў офісах і кватэрах лідараў незалежных беларускіх прафсаюзаў, затрыманне кіраўнікоў і актывістаў прафсаюзнага руху.

У Мазыры затрымалі мужчыну Уладзіслава. Ягонага прозвішча праваабаронцы пакуль не ведаюць. На праўладным тэлеграм-канале ГУБАЗ размясціў відэа, на якім бачна, што мужчыну затрымалі ў яго ўдома. Сілавікі ўрываюцца ў кватэру, кідаюць мужчыну тварам у падлогу, заломваюць рукі за спінай, пытаюцца ягонае імя, а калі той адказвае, цынічна кажуць: «С Днем рождения, Владислав». На відэа мужчына прызнаецца, што «распаўсюджваў малюнкі, якія абражаюць прэзідэнта і супрацоўнікаў міліцыі». Магчыма, гэта адбылося 20 красавіка. Мужчыну выставілі абвінавачванне паводле крымінальнага артыкулу 369 «Абраза прадстаўніка ўлады».

Гэтага мужчыну затрымалі ў ягоны дзень народзінаў. Выява: Вясна

Затрыманы 39-гадовы інжынер менскай дыстанцыі арганізацыі сувязі БЧ. З мужчынам ГУБАЗ запісаў «пакаяннае» відэа, на якім ён гаворыць, што ў 2020 годзе «браў удзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах, а да нядаўняга часу быў падпісаны на экстрэмісцкія тэлеграм-каналы, з якіх рабіў рэпосты». Нібыта за гэта мужчыну і затрымалі. Ягонае імя і прозвішча на відэа не прагучалі.

Hавiны
Затрымалі інжынера беларускай чыгункі
2022.04.21 18:02

МГМ, belsat.eu

Стужка навінаў