Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 21 красавіка


«Белсат» падводзіць вынікі апошніх содняў поўнамаштабнай вайны, якую распачала Расея ва Украіне. Пра галоўныя падзеі на вечар 21 красавіка чытайце ў нашым аглядзе.

Фота: Reuters

Паводле інфармацыі Генеральнага штабу ЗСУ, страты асабовага складу расейцаў з пачатку вайны дасягнулі 21 тысячы чалавек.

Украіна і Расея правялі чарговы абмен палоннымі. Паведамляюць, што ўкраінскі бок вызваліў 19 чалавек (10 вайскоўцаў і 9 цывільных). Сярод вызваленых ёсць параненыя.

На Херсоншчыне акупанты актывізавалі рыхтаванне да правядзення «рэферэндуму аб стварэнні ХНР». Дату імітацыі волевыяўлення народу перанеслі на 27 красавіка. Акупанты прызначылі «рэферэндум» сярод тыдня – у працоўны дзень.

Кіраўнік Луганскай абласной вайсковай адміністрацыі Сяргей Гайдай заявіў, што 80 % тэрыторыі рэгіёну застаецца пад кантролем Расеі. Ён пагадзіўся, што другі этап вайны пачаўся, але папярэдзіў, што гэта яшчэ не «поўнае ўварванне». Таксама ён заклікаў цывільных асобаў пакінуць усходні рэгіён Украіны пры актывізацыі баявых дзеянняў.

Найцяжэйшая сітуацыя па-ранейшаму назіраецца ў Марыупалі. Віцэ-прэм’ер Украіны Ірына Вэрэшчук паведаміла, што зноў запрацавала эвакуацыя жыхароў гораду праз гуманітарныя калідоры. Нагадаем, што папярэднія чатыры дні эвакуацыя не ажыццяўлялася.

Hавiны
Пасля чатырохдзённага перапынку з Марыупалю выехалі эвакуацыйныя аўтобусы
2022.04.21 11:58

21 красавіка прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін сустрэўся з міністрам абароны Сяргеем Шайгу, які паведаміў, што ўзброенымі сіламі Расейскай Федэрацыі і сіламі народнай міліцыі «Данецкай народнай рэспублікі» Марыупаль «вызвалены». Пры гэтым пацвердзіў, што каля 2000 байцоў батальёну «Азоў» застаюцца на тэрыторыі заводу «Азоўсталь». У сваю чаргу Пуцін назваў «немэтазгодным» штурм прамысловай зоны «Азоўсталі» і загадаў адмяніць яго, замест гэтага запатрабаваў заблакаваць прамысловую зону.

Дарадца кіраўніка Офісу прэзідэнта Украіны Міхайла Падаляк заявіў, што гатовы асабіста прыехаць у Марыупаль і правесці там перамовы з расейскаю дэлегацыяй наконт вызвалення вайскоўцаў, цывільных асобаў і байцоў палка «Азоў». Уладзімір Зяленскі ж заявіў, што Украіна гатовая на любы фармат абмену, каб разблакаваць Марыупаль.

Hавiны
Дарадца ўкраінскага прэзідэнта Міхайла Падаляк гатовы асабіста паехаць на перамовы ў Марыупаль
2022.04.21 09:41

Разам з тым Уладзімір Зяленскі не пацвердзіў, што Украіна атрымала ад Расеі праект дакументу ў межах перамоваў аб завяршэнні вайны, пра які 20 красавіка казаў прэс-сакратар прэзідэнта Расеі Дзмітрый Пяскоў.

У гэты ж час створаная з ініцыятывы Уладзіміра Зяленскага група ўкраінскіх і міжнародных экспертаў, якія аналізуюць уплыў санкцыяў супраць РФ, апублікавала план узмацнення ціску на Расею і Беларусь. Адзін з пунктаў плану прадугледжвае прызнанне Расеі і Беларусі дзяржавамі – спонсарамі тэрарызму, а Узброеных сілаў РФ – тэрарыстычнай арганізацыяй.

Расея ў ААН адмовілася ад прапановы велікоднага замірэння. Прадстаўнік РФ заявіў, што перамір’е ёсць «імкненнем даць кіеўскім нацыяналістам і радыкалам перадышку, каб перагрупавацца» і дазволіць украінскаму боку «зладзіць новыя бесчалавечныя правакацыі ды запусціць новыя фэйкі». Генеральны сакратар ААН Антонью Гутэрыш у сваю чаргу выказаў жаданне сустрэцца з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім і асобна – з Уладзімірам Пуціным. Дыпламатычныя прадстаўніцтвы Украіны і Расеі атрымалі адпаведныя запрашэнні.

21 красавіка прадстаўнікі Офісу Святланы Ціханоўскай прыехалі ў Кіеў з візітам, у межах якога адбудуцца сустрэчы з афіцыйнымі прадстаўнікамі ўкраінскай улады, а таксама з беларускаю дыяспарай, якая працягвае актыўна дзеяць на тэрыторыі Украіны. Таксама прадстаўнікі Святланы Ціханоўскай перадалі Батальёну імя Кастуся Каліноўскага транспарт, абсталяванне і гуманітарную дапамогу з Літвы.

Артыкулы
Прадстаўнікі Офісу Святланы Ціханоўскай распачалі візіт у Кіеў
2022.04.21 15:13

Таксама ў гэты дзень у Кіеў прыехалі прэм’ер-міністры Іспаніі і Даніі Пэдра Санчэс і Мэтэ Фрэдэрыксэн. Яны заявілі пра падтрыманне Украіны з боку сваіх краінаў і пра захапленне мужнасцю ўкраінскага народу.

ВК, Belsat

Стужка навінаў