Святлане Ціханоўскай уручылі Прэмію чатырох свабодаў


У горадзе Мідэлбюрг у Нідэрландах 21 красавіка ў прысутнасці нідэрландскай каралеўскай сям’і і прэм’ера Марка Рутэ Святлане Ціханоўскай уручылі міжнародную Прэмію чатырох свабодаў.

Гэта ўзнагарода за дзейнасць у галіне абароны правоў чалавека.

Святлана Ціханоўская падчас уручэння ўзнагароды.
Фота: Белсат

«Калі б свет адрэагаваў на злачынствы Лукашэнкі, Украіна не зазнала б таго нападу, які адбываецца цяпер», – заявіла беларуская лідарка падчас уручэння ўзнагароды.

Святлана Ціханоўская заклікала не спрабаваць улагодзіць дыктатараў: «Іх немагчыма перавыхаваць. Свет павінен зрабіць цяжкі, але неабходны выбар, бо свабода вымагае самаахвярнасці».

Таксама яна заклікала дэмакратычныя краіны свету абʼяднацца супраць дыктатуры Пуціна і Лукашэнкі. «Не дайце дыктатарам выйграць гісторыі, бо гісторыя належыць нам», – завершыла свой выступ Святлана Ціханоўская.

Лаўрэатамі гэтай узнагароды за 40 гадоў яе існавання былі Далай-Лама, Нэлсан Мандэла, Вацлаў Гавэл і Ангела Мэркель.

«Дыктатары не маюць натуральных межаў. Якія ахвяры мы гатовыя зазнаць, каб спыніць іх і спыніць злачынствы? Дэмакратыя і прававая дзяржава павінныя быць абароненыя!» – падкрэсліў падчас уручэння ўзнагароды прэмʼер Нідэрландаў Марк Рутэ.

Прэміі чатырох свабодаў уручаюцца фондам, заснаваным прэзідэнтам ЗША Фрэнклінам Рузвэлтам. Кожны няцотны год яе ўручаюць у Нью-Ёрку грамадзянам ЗША, а кожны цотны – грамадскім і палітычным дзеячам з іншых краінаў. Уручэнне адбываецца ў Мідэлбюргу, бо з гэтага рэгіёну паходзіць род славутага амерыканскага прэзідэнта.

Месца правядзення цырымоніі ўручэння Прэміі чатырох свабодаў.
Фота: Белсат

Чатыры свабоды – гэта фундаментальныя элементы дэмакратыі, якія Фрэнклін Рузвэлт пералічыў у сваім выступе ў Кангрэсе ЗША ў студзені 1941 года. Да іх адносяцца свабода слова, свабода веравызнання, свабода ад беднасці, а таксама свабода ад страху вайны і пераследу.

  • Узнагароду за барацьбу за свабоду слова атрымала вʼетнамская палітычная актывістка і музыка Май Хой (Mai Khôi).
  • За абарону свабоды веравызнання Фонд Рузвэлта ўзнагародзіў інданезійскую актывістку Ліян Гогалі (Lian Gogali), якая змагаецца за рэлігійны мір у рэгіёне Поса на выспе Сулаўэсі.
  • Узнагароду «Свабода ад беднасці» атрымала кенійская актывістка Найс Найлянтэй Ленгетэ (Nice Nailantei Lengʼete). Яна змагаецца супраць практыкі жаночага абразання і абараняе права жанчын на адукацыю.
  • Узнагароду «Свабода ад страху» атрымалі турэцкія ЛГБТ-актывісты Мэліке Балкан і Эзгюр Гюр (Melike Balkan, Özgür Gür).
Артыкулы
Прадстаўнікі Офісу Святланы Ціханоўскай распачалі візіт у Кіеў
2022.04.21 15:13

belsat.eu

Стужка навінаў