«Вісеў з незапомных часоў». У Менску мужчыну з інваліднасцю далі штраф за старую шыльду на хаце


Знак, які вісеў на доме Валянціна і Алы. Фота герояў матэрыялу

У Менску пенсіянера спачатку затрымалі, пасля ў яго правялі ператрус, а ўрэшце яго ж і асудзілі толькі за тое, што ў яго на хаце вісела шыльда ў бел-чырвона-белых колерах.

65-гадовы Валянцін з жонкай Алай раніцай 20 красавіка, каля 10:30, збіраўся па «пенсіянерскіх справах». Але на выхадзе за межы ўчастку (пара жыве ў прыватным сектары) іх ужо чакалі трое міліцыянтаў. З прычыны знаку з адрасам на доме, які выкананы ў бел-чырвона-белых колерах і змяшчае герб Пагоня, яго даставілі ў Першамайскае РУУС.

«Гэты знак быў набыты ў такія часы, што мы нават не можам згадаць, калі канкрэтна. Магчыма, яшчэ з тых часоў, калі Лукашэнка прысягу прымаў пад гэтай Пагоняй. Нікому справы да яго не было. Вісеў з незапомных часоў», – распавядае Ала.

Больш за тое, апошнім часам Пагоню прыкрылі на ўсялякі выпадак.

Распытвалі пра суседзяў

У РУУС пенсіянеру, паводле ягоных словаў, чыталі «пропаведзі», распытвалі пра погляды на сітуацыю ў краіне ды іншыя ягоныя актыўнасці, пра пафарбаваныя слупы ў наваколлі. Абяцалі вызваліць, калі будзе «супрацоўнічаць».

У выніку праз некалькі гадзінаў Валянціну сказалі здымаць шнуркі ды рэмень, каб рыхтавацца да ізалятару на Акрэсціна. Але апытанне ўсё адно працягвалася.

«Сказалі, што на мяне данеслі суседзі. Так што, маўляў, каліцеся, і ўсё будзе нармальна, мы ж таксама людзі», – паведаміў Валянцін.

Каля 16-17 гадзінаў яму сказалі вяртаць у боты шнуркі і павезлі дадому. Агледзелі «ўсе вуглы» ў хаце, гаражы, сараі, лазні – «крыміналу ніякага не знайшлі». Пры гэтым зноў спрабавалі даведацца ў гаспадароў, хто з суседзяў у іх ворагі. У выніку знак забралі, хоць і абяцалі яго вярнуць.

Пазней пенсіянеру сказалі, што зноў павязуць яго ў РУУС, але замест гэтага даставілі ў суд.

«Чаму не сказаць, што муж паедзе ў суд? Каб адваката не дапусціць? Каб мы не змаглі зрабіць нейкіх захадаў абароны? Не, чакайце мужа – зараз размову правядзем, і ён да вас вернецца. А ў гэты час вязуць у суд, дзе ўжо суддзя гатовая слухаць справу», – распавяла жонка затрыманага.

У судзе Валянціна ў «высакахуткасным рэжыме» аштрафавалі на 30 базавых велічыняў за нібыта несанкцыянаванае пікетаванне. І хоць яго не маглі як чалавека з інваліднасцю асудзіць на содні, 72 гадзіны да суда ён мог прабыць на Акрэсціна, кажа Ала.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў