У Беларусі моцна пахаладае, магчымы снег


Фота: АВ / Белсат

Канец гэтага тыдня ў Беларусі будзе халодным. Пра гэта сведчаць звесткі сайту Белгідрамету.

21 красавіка будзе воблачна з праясненнямі. На большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы. Удзень месцамі прагрымяць навальніцы. Вецер няўстойлівы слабы, пры навальніцах парывісты. Тэмпература паветра ўдзень +11..+17°С.

22 красавіка будзе воблачна з праясненнямі. Ноччу месцамі, удзень на большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы. Ноччу і раніцай у асобных раёнах слабы туман. Удзень месцамі прагрымяць навальніцы. Вецер умераны, удзень парывісты, пры навальніцах моцны парывісты. Тэмпература паветра ўначы +2..+7°С, удзень +10..+17°С, па паўночным захадзе краіны +8..+9°С.

Затым у Беларусі ўсталюецца халоднае надвор’е.

23 красавіка будзе воблачна з праясненнямі. На большай частцы тэрыторыі краіны прагназуюцца кароткачасовыя ападкі (дождж, мокры снег). Ноччу па паўднёвым усходзе ў асобных раёнах магчымыя навальніцы. Вецер умераны, ноччу месцамі, удзень у многіх раёнах парывісты, месцамі моцны парывісты. Тэмпература паветра ўначы ад -1°С па захадзе да +7°С па ўсходзе краіны, удзень +5..+11°С.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў