Свабода рэлігіі ў Беларусі пад пагрозаю. Каталіцкі фонд з Ватыкану выпусціў справаздачу пра пераслед вернікаў


Акцыя салідарнасці ля Чырвонага касцёлу на пл. Незалежнасці. Менск, Беларусь. 1 верасня 2020 года.
Фота: ТК / Белсат

Каталіцкі фонд «Дапамога Касцёлу ў патрэбе» 20 красавіка прадставіў справаздачу пра парушэнні свабоды веравызнання ў свеце.

Дакумент, падрыхтаваны ўжо 15-ы раз, ахоплівае перыяд з 2018 да 2020 года. Паводле яго, 67 % насельніцтва зямлі (каля 5,2 млрд) жывуць у 62 краінах, дзе адзначаюцца парушэнні рэлігійнай свабоды. Найбольш ад пераследу ў свеце цярпяць хрысціяне.

У лік гэтых краінаў трапіла і Беларусь. Арганізацыя з Ватыкану прыйшла да высновы, што ад дзеянняў улады ў Беларусі цярпяць амаль усе канфесіі – шматлікія факты абмежавання рэлігійных свабодаў датычылі ўсіх хрысціянскіх канфесіяў і юдэяў.

Аналітыка
«Каму раней з праваслаўных было цікава, што там кажа Кандрусевіч?» Як пратэсты мяняюць вернікаў
2021.02.25 11:22

У справаздачы гаворыцца, што некалькі месяцаў у Беларусі «адбываліся палітычныя ўзрушэнні і публічныя дэманстрацыі, пад пагрозаю аказалася большасць правоў чалавека, у тым ліку і рэлігійная свабода».

«Тэндэнцыя да ўзмацнення аўтарытарнага кантролю цягне сур’ёзныя наступствы для рэлігійных арганізацый краінаў. Прынцып вяршэнства закону ў дачыненні свабоды веравызнання ўжываецца адвольна, па-ранейшаму залежыць ад капрызу ўладаў, што часта прыводзіць да хаатычных і самавольных дзеянняў супраць розных рэлігійных суполак, у тым ліку праваслаўных», – адзначаюць аўтары дакументу.

У Беларусі за акрэслены перыяд заклапочанасць выклікалі «крыжалом» у Курапатах, забарона вяртання на радзіму арцыбіскупу Тадэвушу Кандрусевічу, высылкі замежных святароў, абмежаванні ў будаўніцтве рэлігійных навучальных установаў і рэгістрацыі новых супольнасцяў.

Інтэрв’ю
«Царква павінна паказаць, што белае, а што чорнае». Вялікае інтэрв’ю з пастарам царквы «Новае жыццё», у якой забралі будынак
2021.04.04 17:07

Са снежня 2011 года фонд «Дапамога Касцёлу ў патрэбе» мае статус папскага дабрачыннага фонду. Афіцыйны цэнтр арганізацыі размяшчаецца ў Ватыкане, штаб-кватэра – у Нямеччыне.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў