«Робяць усё, каб ты не хацеў туды вярнуцца». Што кажуць «палітычныя» пра ўмовы на Акрэсціна


«Белсат» пагаварыў з хлопцамі, якія сядзелі разам у 23-й камеры ЦІПу пра тое, што адбываецца там цяпер: як зняволеных «труцяць» хлёркаю, утрымліваюць у перапоўненых камерах без матрацаў і вентыляцыі і пра тое, як адбіраюць кнігі і асадкі, а з перадачаў – ежу.

Няма чым дыхаць

Інфармацыя пра перапоўненыя камеры ізалятару з’явілася даўно, аднак сітуацыя ўсё горшае. Калі раней, увосень, у камеры было на 2-3 чалавекі больш за норму, то цяпер колькасць людзей у камерах перавышае норму ў некалькі разоў. Так, напрыклад, у двохмясцовую камеру могуць засяліць да 10 асобаў. І робяць гэта не праз недахоп свабодных месцаў, а як адмысловае «катаванне» і стварэнне максімальна некамфортных умоваў існавання.

Руслан быў затрыманы і сядзеў на Акрэсціна ў сакавіку 2021-га. Менск, Беларусь. 13 красавіка 2021 года.
Фота: ТК / Белсат

«Першае, пра што я падумаў, калі зайшоў у камеру, – чаму так душна?» – успамінае Руслан, калі яго толькі прывялі ў 23-ю камеру. У ёй было шмат людзей, усе потныя, з мокрымі валасамі праз спякоту і адсутнасць вентыляцыі. На акне збіраўся кандэнсат і зʼявіўся грыбок. Камера ніяк не праветрывалася, адзінае – рэдкія прадольныя маглі пагадзіцца адкрыць «кармушку» для ежы, каб зайшло хоць нейкае паветра. Але і гэта не асабліва дапамагала.

У чатырохмясцовай камеры памерам 2,5 на 5 метраў перабывалі 12 асобаў. Паводле разлікаў хлопцаў, якія сядзелі там, у сярэднім на чалавека прыходзілася па адным квадратным метры. І гэта разам з ложкамі, сталом з лаўкамі і прыбіральняю.

Гісторыі
«Сістэма руйнуецца знутры». Размова з мужчынам, які, нягледзячы на арышты, выходзіць на маршы
2021.03.12 16:25

У перапоўненай камеры амаль усе спалі на падлозе, пад ложкам. Праз адсутнасць матрацаў на жалезных рашотках ложкаў спаць было немагчыма. Уначы святла часцей за ўсё не выключалі.

Таксама для пагаршэння жыцця «палітычных» на соднях у камеру падсяляюць бяздомных. Робіцца гэта мэтанакіравана і ў пэўны перыяд ідзе «пошук» такога кантынгенту. Гэткіх людзей засяляюць адмыслова для таго, каб стварыць горшыя ўмовы арышту.

«Калі мяне везлі на ЦІП, я чуў, як дзяжурным паступаў загад, што на сёння трэба знайсці яшчэ пяць бамжоў», – згадвае мужчына з 23-й камеры.

Аднак у камерах такім людзям імкнуцца дапамагчы прывесці сябе ў парадак, памыцца. Дзякуючы валанцёрам знаходзяцца нейкія рэчы і мыйныя сродкі для іх.

«Яны робяць усё, каб ты не хацеў туды вярнуцца», – кажуць сукамернікі.

У цэлым стаўленне працаўнікоў ЦІПу да «палітычных» зняволеных асаблівае. Іх могуць ударыць, абразіць, назваць «змагарамі» і наўпрост кажуць: «Вы палітычныя, вы павінны пакутаваць».

Тручэнне хлёркаю

З 18 сакавіка ў ЦІП да ўсяго вышэйпералічанага дадаўся яшчэ і здзек з хлёркаю.

Асуджаныя распавялі, як тым днём у камеры адчыніліся дзверы, зайшоў прадольны са словамі «Да вас прыйшоў Містэр Пропэр» і выліў на падлогу з металёвага 12-літровага вядра раствор з хлёркаю.

Сукамернікі, якія сядзелі на Акрэсціна ў сакавіку 2021-га. Менск, Беларусь. 13 красавіка 2021 года.
Фота: ТК / Белсат

«У нас пачалі цячы слёзы, раздражнялася слізістая, і мы разумелі: чым даўжэй будзе хлёрка, тым горш тут будзе заставацца. Пачалі неяк збіраць яе», – згадваюць сукамернікі.

Гэткая практыка з хлёркаю сталася рэгулярнаю.

«Але тут большы ціск псіхалагічны – праз тое, што людзі наагул на гэта ідуць, – чым фізічны», – успамінае Аляксей з 23-й камеры.

Забралі ўсё, на чым можна было пісаць

Таксама ў 23-й камеры адбывалі свае содні двое былых працаўнікоў МУС: адзін з Следчага камітэту, другі – з аддзелу незаконнага абароту наркотыкаў. Следчы кожную раніцу запісваў усе заўвагі на імя начальніка ЦІПу і аддаваў на абыходзе. Гэта былі скаргі на незаконнае затрыманне і невыносныя ўмовы ўтрымання. Неўзабаве пасля такіх скаргаў з камеры канфіскавалі ўсе асадкі і алоўкі, паперу, сканворды і кнігі – усё, на чым толькі можна было пісаць. У аднаго хлопца забралі нават малітоўнік. З перадачаў гэта ўсё таксама канфіскоўвалі: у пункце пропуску маглі прыняць, але ў камеру не перадавалі.

Да таго ж былі праблемы з лістамі. Калі да пачатку сакавіка нешта і даходзіла, то потым іх пачалі цалкам блакаваць, у абодва бакі. Нават лістоў з віншаваннямі на дзень нараджэння не прапускалі.

Ператрусы ў камерах

«Шмоны былі штораніцу, і менавіта шмоны, а не агляды, таму што торба з тваймі рэчамі проста бралася і вывальваліся на падлогу», – распавядаюць сукамернікі.

Падчас «шмонаў» правяральнікі маглі забраць асабістыя рэчы затрыманых. Гэтак, аднойчы працаўнікі ЦІПу таемна вынеслі з камеры італьянскую каўбасу ў вакуумнай упакоўцы, нічога не сказаўшы.

Віталь быў затрыманы і сядзеў на Акрэсціна ў сакавіку 2021-га. Менск, Беларусь. 13 красавіка 2021 года.
Фота: ТК / Белсат

«Увогуле гэта называецца крадзяжом. Калі блізкія, родныя набываюць гэта за свае грошы, а ў цябе гэта проста забіраюць», – кажуць хлопцы.

Яшчэ з адным правяраннем пасля атрымання перадачаў у асуджаных забралі арэхі, курагу, разынкі. Працаўнікі патлумачылі гэта тым, што зняволеным перадаюць занадта шмат і яны не спраўляюцца. Цыгарэты, якія перадаюць сваякі, таксама ніколі не даходзяць.

Прагулку трэба выпрошваць

Прагулкі для «палітычных» зняволеных у ЦІПе – рэдкая з’ява. Ёсць і тыя, хто за 25 содняў адміністратыўнага арышту наагул не выходзіў на вуліцу. А на пытанне аб прагулцы адказваюць: «Сёння ўвечары даведаецеся, ці была ў вас прагулка».

У адзін дзень хлопцы з 23-й камеры пачалі прасіць аб прагулцы. На гэта дзяжурны прапанаваў квэст: навучыць бесхацінца спяваць гімн, пасля чаго паабяцаў шпацыр.

Кастусь быў затрыманы і сядзеў на Акрэсціна ў сакавіку 2021-га. Менск, Беларусь. 13 красавіка 2021 года.
Фота: ТК / Белсат

«Мы заўзята пачалі яго вучыць гімну, але ён адолеў толькі паўкуплету. А ў выніку ледзь праспяваў першыя два радкі». За старанні хлопцаў усё роўна вывелі на вуліцу, але таксама пры ўмове: іхная прагулка будзе доўжыцца роўна столькі, колькі яны будуць спяваць гімн.

«Мы спявалі яго па чарзе. Там жа ў канцы ёсць радок «Вечна жыві і квітней Беларусь», і мы на словах «жыві» і «Беларусь» пачыналі крычаць гучней, так што, магчыма, з вуліцы са сценаў Акрэсціна чулася «Жыве Беларусь», – успамінаюць сукамернікі.

«Побыт наладзіць можна»

Цяпер на содні трапляюць людзі зусім розных лёсаў і прафесіяў, ад дактароў да музыкаў, але знаходзяць міжсобку агульную мову і падтрымліваюць адно аднаго, асабліва ў гэткіх умовах утрымання.

Выпадковыя знаёмствы ў камерах ізалятару могуць перарасці ў сапраўднае сяброўства, калі людзі пасля выхаду працягваюць стасункі, ладзяць супольныя сустрэчы. Менавіта гэтак і адбылося з хлопцамі з 23-й камеры.

Сукамернікі, якія сядзелі на Акрэсціна ў сакавіку 2021-га. Менск, Беларусь. 13 красавіка 2021 года.
Фота: ТК / Белсат

«Там усе людзі з нейкай адукацыяй, кожны інтэлектуальна развіты. Ніхто адзін аднаму нічога не шкадуе, калі нешта ў кагосьці ёсць, ён абавязкова падзеліцца. Калі я заехаў у мяне наагул нічога не было. Людзі мяне адразу накармілі, вылучылі месца, паклалі, каб я паспаў. Там адчуваецца падтрыманне адзін аднаго. А калі ёсць хітрасць і кемлівасць – то і побыт можна ўсюды наладзіць», – кажа адзін з арыштантаў Акрэсціна.

У пачатку красавіка кіраўнік ЦІП Яўген Шапяцька ў каментары прэсавай службе МУС заявіў, што ніякіх парушэнняў, звязаных з утрыманнем зняволеных на тэрыторыі аб’екту няма, а дрэнныя ўмовы – гэта толькі выдумкі. Аднак рэальнасць ізалятару, паводле тых, хто выйшаў адтуль пасля зняволення, іншая.

АД belsat.eu

Стужка навінаў