Пуцін раскрытыкаваў Захад за тое, што не заўважыў «замаху» на Лукашэнку


Уладзімір Пуцін падчас паслання 21 красавіка 2021 года.
Фота: Kremlin.ru

Кіраўнік Расеі Уладзімір Пуцін пасля свайго паслання 21 красавіка зноў стаў на абарону Аляксандра Лукашэнкі ды асудзіў Захад.

«У нас ёсць свае інтарэсы, якія абараняем паводле міжнароднага заканадаўства. Расея таксама знойдзе магчымасці адстаяць свае пазіцыі. Усе прызвычаіліся да практыкі санкцыяў, якія незаконныя. Такая практыка перараджаецца ў нешта больш страшнае. Маю на ўвазе спробу перавароту ў Беларусі. І гэтыя дзеянні не знаходзяць асуджэння на Захадзе. Робяць выгляд, што нічога не адбываецца», – сказаў ён.

Hавiны
Валер Кавалеўскі: у гісторыю аб замаху на Лукашэнку не вераць у Вашынгтоне
2021.04.20 08:00

Пуцін падкрэсліў, што «можна як заўгодна ставіцца да прэзідэнта Украіны Януковіча ці, там, да Мадура ў Венесуэле, можна мець любы погляд на палітыку Лукашэнкі».

«Але практыка палітычных забойстваў, – гэта пераход усіх межаў. Рыхтавалі блакаду Менску, адключэнне энергасістэмы. Гэта значыць, што фактычна вялося рыхтаванне да кібератакі. Гэтага адзіным рубільнікам не зробіш. Таму і адмаўляюцца там наладзіць дыялог у кібербяспецы. А што было б, каб спроба перавароту адбылася? Як бы складваўся лёс Беларусі? Таксама як ніхто не задумваўся пра лёс Украіны ў свой час», – сказаў прэзідэнт РФ.

Hавiны
Пяскоў паведаміў, што Пуцін размаўляў з Байдэнам пра рыхтаванне «замаху» на Лукашэнку
2021.04.19 16:03

17 красавіка Аляксандр Лукашэнка заявіў, што амерыканскія спецслужбы пры дапамозе палітолага Аляксандра Фядуты, апазіцыйнага палітыка Рыгора Кастусёва і юрыста Юрася Зянковіча нібыта рыхтавалі замах на яго і ягоных дзяцей. А санкцыю на гэта нібыта дало кіраўніцтва ЗША. Адначасова ФСБ Расеі апублікавала прэс-рэліз, дзе распавядалася, што Зянковіч і Фядута былі затрыманыя ў Маскве падчас супольнай з КДБ спецаперацыі. Затрыманыя нібыта рыхтавалі «вайсковы пераварот» і «фізічнае знішчэнне» амаль усяго кіраўніцтва краіны.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў