Праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ траіх чалавек


Менск, Беларусь. 20 красавіка 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

У сувязі з вынясеннем судамі шэрагу прысудаў па крымінальных справах за гвалт у адносінах да супрацоўнікаў міліцыі, супраціў з выкарыстаннем гвалту і хуліганствам (арт. 363, 364, 366, 339 КК) праваабаронцы выступілі з агульнай заявай, паведамляе «Вясна».

«Мірныя сходы грамадзян павінны знаходзіцца пад абаронай дзяржавы і міліцыя не павінна прадпрымаць дзеянні па гвалтоўным іх спыненні, нават калі яны адбываюцца ў парушэнне працэдур іх арганізацыі і правядзення. Гвалтоўнае спыненне сходаў і ўжыванне фізічнай сілы, а тым больш спецыяльных сродкаў і зброі да пратэстоўцаў павінна ажыццяўляцца толькі як крайняя мера, у выпадках, калі паводзіны ўдзельнікаў сходу носяць гвалтоўны характар, што ўяўляе рэальную пагрозу нацыянальнай і грамадскай бяспецы, жыццю і здароўю грамадзян», – гаворыцца ў заяве.

Праваабаронцы перакананыя, што непрапарцыйна жорсткія дзеянні міліцыі, скіраваныя на спыненне мірных сходаў, нельга разглядаць як законную дзейнасць па абароне і ахове грамадскага парадку. Гвалт з боку ўдзельнікаў пратэсту абгрунтаваны бо справакаваны самімі прадстаўнікамі МУС. Менавіта гэта – нагода разглядаць дадзеныя дзеянні зыходзячы з цяжкасці прычыненай шкоды здароўю і намеру на прычыненне такой шкоды, а таксама як абарону ад відавочна неправамерных дзеянняў сілавікоў, якія дзейнічалі ў тым ліку па незаконным загадзе.

Зыходзячы з гэтага і кіруючыся Кіраўніцтвам па вызначэнню паняцця «палітычны зняволены», праваабаронцы прызналі палітвязнямі наступных асуджаных да пазбаўлення волі:

Ігар Букас – (асуджаны на чатыры гады пазбаўлення волі па арт. 364 КК);

Алег Букас – (асуджаны на два гады пазбаўлення волі па арт. 364 КК);

Іван Цагалка – (асуджаны на тры гады пазбаўлення волі па ч.1 арт. 342 КК, арт. 364 КК);

«Лічым неабходным патрабаваць для дадзеных палітычных зняволеных неадкладнага перагляду прынятых у дачыненні да іх мер і судовых рашэнняў пры выкананні права на справядлівае судовае разбіральніцтва і ліквідацыі ўказаных фактараў, а таксама вызвалення іх з-пад вартай з ужываннем іншых мер, якія забяспечваюць яўку ў суд», – гаворыцца ў заяве.

На 21 красавіка ў Беларусі палітзняволенымі прызнаныя 358 чалавек.

МГМ, belsat.eu

Стужка навінаў