Менск з раніцы запоўнілі сілавікі. Што адбываецца?

Сілавікі на вуліцах Менску 21 красавіка 2021. Фота: nashaniva / Telegram

Раніцай 21 красавіка ў Менску заўважылі актыўнасць сілавікоў.

Людзі паведамляць пра дзясяткі людзей са шчытамі ў раёне аднаго з факультэтаў Акадэміі МУС на вуліцы Філімонава.

Назіраюцца калоны вайсковых машынаў, шыхтаванні байцоў са шчытамі, перамяшчэнне спецтэхнікі, піша «Наша Ніва».

«Толькі што калона з 6 доўгіх аўтобусаў прайшла ў бок Уручча ад Акадэміі МУС, усе пасажыры ў баявых камплектах, вокны шмат дзе завешаныя», – паведамляюць чытачы выдання.

Сілавікі ў Менску 21 красавіка 2021. Фота: nn.by

«Сёння а 9-й гадзіне вялікая калона ехала з Маякоўскага на ўнутранае кола МКАД. Грузавыя машыны і аўтобусы з салдатамі і меншыя машыны».

«Па трасе Менск – Маладзечна таксама калона ваенных машынаў, міліцыі, прычэпы з бухтамі калючага дроту».

У чаце мікрараёну Новая Баравая таксама паведамляюць пра актыўнасць сілавікоў. Пра перасоўванні інфармуюць і тэлеграм-каналы, прызнаныя экстрэмісцкімі.

Сілавікі ў Новай Баравой. Фота: newbor98pro_chat / telegram

21 красавіка ў Беларусі не чакалася ніякіх пратэставых акцыяў. Разам з тым у суседняй Расеі заклікалі выйсці на вуліцы прыхільнікі Аляксея Навальнага. Таксама існуюць падазрэнні, што Уладзімір Пуцін сёння можа абвесціць пра інтэграцыю з Беларуссю.

Афіцыйна – гэта вучэнні

Прэс-сакратарка МУС Вольга Чамаданава заявіла, што «праводзяцца планавыя вучэнні падраздзяленняў МУС».

«Гэта штогадовыя планавыя практычныя заняткі для адпрацоўвання дзеянняў у розных умовах. Мерапрыемствы – частка навучальнага працэсу курсантаў Акадэміі МУС», – падкрэсліла Чамаданава.

МГ belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны