Вынікі пошуку для:

Маці валанцёра штабу Бабарыкі ў судзе: «Я заўсёды ім ганарылася і ганаруся да гэтага часу»

Ігар Ярмолаў, валанцёр штаба Віктара Бабарыкі. 15 красавіка 2021 года. Фота: АК / Белсат

20 красавіка працягнулася судовае паседжанне ў справе валанцёраў штабу Бабарыкі: палітвязняў Ігара Ярмолава, Мікалая Сасева, Уладзіслава Карэцкага і Дзмітрыя Канапелькі. Прыводзім ніжэй тэкст «Вясны».

Мужчынаў абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 13 і ч. 2 арт. 293 КК («Рыхтаванне да масавых беспарадкаў») і ч. 3 арт. 293 КК («Навучанне ці іншае рыхтаванне асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках»).

Суддзя Святлана Бандарэнка заслухала сведак.

Першай у судзе ў якасці сведкі дапыталі маці Ігара ЯрмолаваСвятлану. Яна сказала, што з поўнай упэўненасцю можа заявіць: сын выхаваны ў досыць сур’ёзных рамках законаў і нормаў, прынятых у грамадстве.

«Мой сын, я гэта ўпэўнена заяўляю, інфармаваны і ніяк не мог здзяйсняць ніякіх супрацьпраўных дзеянняў: ні падпалаў, ні пагромаў, ні нейкага гвалту над асобай, нічога супрацьпраўнага. Ён не збіраўся аказваць ніякага ўзброенага супраціву органам міліцыі».

Маці абвінавачанага патлумачыла, што Ігар не распавядаў ёй пра падзеі 9–12 жніўня, не паведамляў пра свой удзел у акцыях пратэстаў. Апошні раз яна размаўляла з сынам 12 жніўня – гэта была эмацыйная размова з нагоды таго, што адбываецца ў краіне, пра забастоўку. Запіс размовы захоўваецца ў матэрыялах справы.

«Забастоўка – гэта адна з формаў для насельніцтва пасля таго, як здарыліся гэтыя выбары ў нашай краіне. Я сама была сведкай, я хадзіла да школы, [бачыла], як разганялі і пагражалі людзі без апазнавальных знакаў, і нас разагналі ад гэтай школы».

Пракурор Раман Бізюк удакладніў: «Хто першы загаварыў пра забастоўку?»

«Такое ўпершыню прагучала ад сына. Гэта былі проста размовы. Эмацыйная размова, калі ты проста не ведаеш, як абараніць сябе, свой голас. Забастоўка – гэта не бунт, гэта права, якое нам вызначанае Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, што мае найвышэйшую юрыдычную сілу і прызнаецца асноўным законам…» – патлумачыла Святлана.

Ігар Ярмолаў перасоўваўся ў жніўні на машыне маці: «Калі патрэбна машына, забіраю я, калі патрэбная сыну – ён бярэ». Дарэчы, машыну Святлане дагэтуль не вярнулі, хоць пракурор адмяніў пастанову на арышт машыны.

Валанцёры штаба Віктара Бабарыкі ў судзе Маскоўскага раёну: Дзмітрый Канапелька, Ігар Ярмолаў, Уладзіслаў Карэцкі, Мікалай Сасеў. Менск, Беларусь. 15 красавіка 2021 года. Фота: АК / Белсат

«Я заўсёды ім ганарылася і ганаруся да гэтага часу. Ён ніколі не быў незаконапаслухмяным грамадзянінам. Ігар заўсёды быў творчым, шмат чытаў. Яму падабаецца тэатр, ён захапіўся танцамі. У яго вельмі шмат розных узнагародаў. Ён удзельнічаў у розных рэгіянальных і міжнародных конкурсах. Мае незлічоную колькасць кубкаў і ўзнагародаў. Гэта значыць, чалавек, які стварыў школу танцаў, каб сабраць вакол сябе людзей, якія вядуць здаровы лад жыцця, культурна праводзяць свой вольны час… Я проста не магу ўявіць, што ён нешта мог парушыць».

Маці Ярмолава кажа, што знайшла сына ў шпіталі: «Мы знайшлі яго збітым, з страсеннем галаўнога мозгу, у гематомах. У яго былі зламаныя рэбры, прабіта лёгкае. – (Плача.) – Тыя бандыты, якія ўварваліся да яго, узламалі дзверы, яны не назваліся, ён ніяк не супраціўляўся, а яго проста жорстка білі. Яны білі яго ў машыне, калі вазілі, і потым, калі яго ў мяшку чорным вадзілі па двары збітага. Гэта ўсё кажа пра тое, што проста нечалавеч гвалт быў здзейснены над маім сынам. Усе заявы, усе скаргі ў пракуратуру і адпаведныя органы дагэтуль не знайшлі ніякага руху».

Суд працягнуў разгляд справы валанцёраў штабу Бабарыкі, якіх судзяць за лазерныя ўказкі

Наступным выступіў Дмітрый Гарбачоў, які распавёў, што Ігара Ярмолава ведае са студэнцтва, адзін з найлепшых ягоных сяброў. Улада Карэцкага бачыў да жнівеньскіх падзеяў у танцавальнай школе. З Канапелькам і Сасевым пазнаёміўся 10 жніўня.

11 жніўня Ярмолаў патэлефанаваў і сказаў, што заедзе па Гарбачова. Ігар прыехаў з астатнімі абвінавачанымі, усе хацелі паехаць на якую-небудзь акцыю, сталі абзвоньваць знаёмых, каб даведацца, дзе і што праходзіць. Даведаліся, што людзі збіраюцца ў Серабранцы, прынялі рашэнне ехаць туды. У машыне Канапелька прапанаваў Гарбачову ўзяць указку, сказаў, што яе можна будзе выкарыстоўваць, напрыклад, для таго, каб пасвяціць кіроўцу аўтазака ў вочы. Сведка адмовіўся.

Уладзіслаў Карэцкі, валанцёр штаба Віктара Бабарыкі. 15 красавіка 2021 года. Фота: АК / Белсат

У Серабранцы Гарбачоў сустрэў некалькіх знаёмых і падышоў да іх пагутарыць. Калі пачуў, што едзе АМАП, уцёк у двары, потым вярнуўся. Не ведаў, дзе астатнія хлопцы, стэлефанаваўся з Ігарам. Са словаў сведкі, Ярмолаў указкай паказаў, дзе ён. Гарбачоў не бачыў, каб хтосьці раздаваў указкі грамадзянам, яму таксама ніхто не прапаноўваў.

Калі сустрэліся, селі ў машыну і паехалі ва Уручча. Там Дзмітрый Гарбачоў, прабыўшы нейкі час, пайшоў на прыпынак і паехаў дадому. Дарога займала значны час, транспарт хадзіў дрэнна, тады Гарбачоў патэлефанаваў Ярмолаву і папрасіў падвезці дадому. Ігар забраў сведку на прыпынку, па дарозе абвінавачаны распавёў, што быў каля ГЦ «Рыга». Калі мужчыны падʼехалі да дому Гарбачова, Ярмолаў сказаў, што перажывае, што машыну могуць абшукаць, і папрасіў Дзмітрыя ўзяць два пакеты з указкамі. Сведка пагадзіўся.

На наступны дзень спрабаваў датэлефанавацца да Ярмолава, а праз яшчэ некалькі дзён, калі даведаўся, што сябра затрымалі, выкінуў указкі.Масавых беспарадкаў сведка сам не назіраў, на масавыя мерапрыемствы ездзіў, каб паглядзець, што адбываецца, удзельнічаць у акцыях не збіраўся.

«Гэта была бесчалавечная жорсткасць». Працягваецца суд над валанцёрамі штабу Бабарыкі

Бабуля Мікалая Сасева ў суд у якасці сведкі не прыйшла, бо яна сталага веку – 1939 года нараджэння, інвалід II групы. На працэсе зачыталі ейныя пісьмовыя паказанні.

Паводле пратаколу допыту, бабуля Мікалая жыве з унукам – братам абвінавачанага, інвалідам. Палітвязень Мікалай Сасеў жыве асобна, у кватэры, якая перайшла яму ў спадчыну. Вучыўся ў БДУІР. Дзе працуе і колькі зарабляе, бабуля абвінавачанага не ведае. Ці ўдзельнічаў Мікалай у несанкцыянаваных мерапрыемствах, яна не ведае.

Са словаў бабулі, 13 або 14 жніўня абвінавачаны прыязджаў да яе і казаў, што хоча зʼездзіць у Маскву, каб пагуляць і набыць рэчы. Жанчына перадала ўнуку каля 3000 долараў ЗША, бо блізкіх сваякоў у яго няма, і ніхто яго не падтрымлівае. Таксама ў бабулі Мікалая ёсць ашчаджэнні, якія яна назапасіла за 20 гадоў.

Ігар Ярмолаў, Мікалай Сасеў, Уладзіслаў Карэцкі і Дзмітрый Канапелька былі прызнаныя палітзняволенымі.

Валанцёра штабу Віктара Бабарыкі затрымалі, збілі ды шыюць крымінальную справу

МГМ, belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны