Эканаміст: У часы пераменаў лепей не вельмі спадзявацца на банкі і дэпазіты


Нацбанк супольна з урадам краіны ў выпадку пагрозы эканамічнай бяспецы Беларусі атрымалі права ўводзіць валютныя абмежаванні. Эканамісты нагадваюць, што насамрэч і раней, нягледзячы на адсутнасць адпаведнага заканадаўства, кіраўніцтва краіны ўводзіла жорсткія абмежаванні на валютным рынку.

Пасля падпісання ўказаў Аляксандрам Лукашэнкам змяняюцца некаторыя моманты, якія тычацца валютнага рэгулявання і валютнага кантролю. Адной з галоўных навінак з’яўляецца магчымасць увядзення Нацыянальным банкам разам з урадам на тэрмін не больш за адзін год валютных абмежаванняў у выпадках пагрозы эканамічнай бяспецы Беларусі і стабільнасці яе фінансавай сістэмы. Але, нягледзячы на тое, што адпаведнае заканадаўства з’явілася толькі цяпер, кіраўніцтва краіны і раней уводзіла жорсткія абмежаванні на валютным рынку.

Даведка

Кацярына Барнукова, акадэмічная дырэктарка BEROC зазначае, што найбольш жорсткія абмежаванні на валютным рынку былі ў 2011 годзе. Потым у канцы 2014 пачатку 2015 году Нацбанк увёў абмежаванні ў выглядзе падатку на набыццё валюты.

«Тое, што ўвялі цяпер – гэта не навіна, паколькі адбылося замацаванне нормаў, якія прапісаныя ў новым банкаўскім кодэксе. Таму я не ўспрымаю ўвядзенне гэтага ўказу, што заўтра пачнуць прымяняць гэтыя абмежаванні. Хутчэй наадварот, гэтыя палажэнні былі прапісаныя яшчэ ў праекце банкаўскага кодэксу, які ствараўся далёка да пандэміі каронавіруса, я не кажу ўжо пра палітычны крызіс. Таму тут баяцца няма чаго. А калі ж баяцца валютных узрушэнняў, то яны адбудуцца зусім не праз указ», – лічыць Кацярына Барнукова.

Фота: ІА / Белсат

У Беларусі каторы месяц назіраецца скарачэнне золата-валютных рэзерваў. Інфляцыя перавысіла прагназаваныя межы Нацбанку. Курс рубля вагаецца і ў красавіка абнавіў гістарычны рэкорд. Усё гэта сведчыць пра негатыўныя моманты ў эканоміцы.

«Нашая эканоміка цяпер у крызісе, бо эканомікі без інвестыцый не бывае. А ў такія часы разлічваць на інвестыцыі, тым больш замежныя, не выпадае. А калі няма інвестыцыяў, немагчыма захаваць узровень вытворчасці на тым узроўні, які маем на сённяшні дзень. Тое, што ва ўрадзе кажуць пра дзяржаўныя інвестыцыі – гэта насамрэч толькі друкаванне грошай. Гэтая захада не дасць новыя тэхналогіі, не павялічыць ВУП», – кажа эканаміст Леў Марголін.

Hавiны
Эксперты: Перспектывы Беларусі пры Лукашэнку – рост беднасці, эміграцыі, залежнасці ад Масквы
2021.03.19 17:20

Эксперты зазначаюць, што не маюць пазітыўных чаканняў, што да развіцця беларускай эканомікі. І сёння галоўным чыннікам праблемаў у эканоміцы зʼяўляецца палітычны крызіс, паколькі ўзровень негатыўных чаканняў дастаткова высокі і даверу ў людзей да дзяржавы і ўсяму, што з ёй звязана, зʼяўляецца досыць нізкім. Таму калі людзі бачаць загаловак, пачынаюць чакаць самага горшага.

«Цяпер мы больш адчувальныя да ўсякіх навінаў. Раней падобны тэхнічны ўказ пра ўвядзенне валютных абмежаванняў проста не выклікаў бы ніякай цікавасці. А цяпер людзі бягуць у абменнік. І ўсе іншыя негатыўныя навіны распаўсюджваюцца такой хваляй дастаткова хутка. Таксама мы бачым, што недавер у людзей зніжае таксама эканамічны настрой. Зніжаецца раздробны гандаль, нягледзячы, што статыстыка паказвае рост прыбыткаў насельніцтва. Мы бачым таксама падзенне інвестыцыяў, негатыўныя настроі бізнесу. Хаця фармальна сёння ў эканоміцы асабліва кепскага нічога не адбываецца», – кажа Кацярына Барнукова.

Малюнак: Дэ Лёс / Belsat.eu

Эканаміст Леў Марголін выказвае меркаванне, што ўлады разумеюць такія настроі людзей. Гэта і адлюстравана ў новым заканадаўстве.

«Так, дакументы раней рыхтаваліся, але менавіта цяпер яны вылілася ў адпаведны ўказ Лукашэнкі. Я думаю, што нездарма гэта зроблена, што ўказ пачне дзеяць не сёння, а праз тры месяцы. Гэта разлічанае на тое, што ў людзей узнікнуць страхі і негатыўныя чаканні, а праз тры месяцы яны нібыта знікнуць. Але няхай страхі і знікнуць, а вось у Нацбанку з’явіцца рэальная магчымасць у любы момант увесці гэтыя абмежаванні. А я думаю, што Нацбанк увядзе абмежаванні, сітуацыя развіваецца такім чынам, што шмат негатыўных момантаў цяпер вядуць да гэтага. У часы пераменаў лепей не вельмі спадзявацца на банкі, дэпазіты. Калі зберажэнні ў банку ў рублях – яны могуць абясцэніцца, а валютныя – могуць увесці абмежаванні да году і нельга будзе забраць свае грошы», – падсумоўвае Леў Марголін.

Аналітыка
Як эканамічныя праблемы развязваюцца ўладамі і якія насамрэч прычыны крызісу ў эканоміцы краіны
2021.03.20 01:30

СК belsat.eu

Стужка навінаў