Беларускія дэпутаты прынялі шэраг рэпрэсіўных законаў


Савет Рэспублікі 21 красавіка.
Фота: БелТА

На пасяджэнні пятай сесіі Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі 21 красавіка ўхвалілі адразу некалькі рэпрэсіўных законапраектаў. Пра гэта паведамляе БелТА.

Гэтак, сенатары прынялі дакумент аб змяненні законаў у пытаннях процідзеяння экстрэмізму. Як адзначыў генеральны пракурор Андрэй Швед, законапраект прадугледжвае «захады прафілактычнага, папераджальнага і карнага характару».

Сенатары таксама ўхвалілі законапраект аб недапушчэнні рэабілітацыі нацызму. Паводле Шведа, «святы абавязак, звязаны з гарантаваннем грамадскай бяспекі і стабільнасці ў нашым грамадстве, – гэта на корані спыніць любыя спробы праявы нацызму і тым больш рэабілітацыі нацысцкіх злачынцаў».

Hавiны
Генпракурор завёў крымінальную справу «па факце генацыду насельніцтва Беларусі» ў гады вайны
2021.04.09 12:05

Таксама дэпутаты прынялі законапраект «Аб змяненні Закона Беларусі «Аб масавых мерапрыемствах у Беларусі». У прыватнасці, у ім касуецца паведамляльны прынцып, а ў абавязковым парадку мусіць быць дазвольны прынцып. Пры гэтым і раней для правядзення масавых акцыяў трэба было атрымліваць дазвол уладаў і аплочваць паслугі міліцыі, хуткай дапамогі і камунальнікаў.

Апроч таго, быў ухвалены законапраект аб змяненні законаў адносна медыяў. Змены накіраваныя «на ліквідацыю гэтых прабелаў або вузкіх месцаў у заканадаўстве», якімі «карысталіся нашы нядобрасумленныя калегі», сказаў міністр інфармацыі Уладзімір Пярцоў.

Таксама дэпутаты ўхвалілі законапраект «Аб змяненні Закону Рэспублікі Беларусь« Аб дзяржаўнай абароне суддзяў, службовых асобаў праваахоўных і кантрольных (наглядных) органаў, супрацоўнікаў органаў дзяржаўнай аховы».

Hавiны
У МУС распавялі, каму з чыноўнікаў і прапагандыстаў будуць даваць ахову
2021.04.03 11:23

У дакумент унесенае паняцце «іншыя асобы пад абаронаю». Як распавёў міністр унутраных справаў Іван Кубракоў, цяпер кожны грамадзянін, у дачыненні якога паступаюць пагрозы, звяртаецца ў органы ўнутраных справаў, якія вызначаюць ступень пагрозы і абароны.

«Камусьці дастаткова проста змяніць месца працы ці месца жыхарства, а камусьці неабходныя змены знешнасці», – адзначыў кіраўнік МУС.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў