Аперацыя «Кансервы»–2021. Навошта Пуцін казаў пра «змову» супраць Лукашэнкі

Па-за ўсякім сумневам, дзеянні ФСБ і КДБ па захопу «тэрарыстаў» у Маскве мелі выразную палітычную задуму, звязаную з рэалізацыяй цэлага шэрагу крокаў, накіраваных на захоп Беларусі. Пазіцыя Пуціна, агучаная ў яго сённяшнім пасланні, адносна змовы супраць Лукашэнкі не толькі «легітымізавала» факт замаху, але і запусціла механізмы па ажыццяўленні шырокамаштабнай атакі на незалежнасць Беларусі.

«Змова» ужо прадстаўлена як спроба агрэсіўных дзеянняў Захаду супраць «законных» уладаў Беларусі, з мэтай дэстабілізацыі сітуацыі ў краіне, з перспектывай яе акупацыі. Адпаведна, відавочна варожыя дзеянні заходніх дзяржаваў даюць поўнае права Расеі абараніць свайго хаўрусніка.

Hавiны
Пуцін раскрытыкаваў Захад за тое, што не заўважыў «замаху» на Лукашэнку
2021.04.21 15:09

Падобныя правакацыйныя практыкі, якія арганізоўвалі таталітарныя дзяржавы для развязвання вайны або акупацыі суседніх тэрыторыяў, добра вядомыя. Напэўна самай паказальнай была аперацыя «Кансервы», якую ажыццявілі гітлераўцы ў 1939 годзе і якая стала прамой падставай для нападу Германіі на Польшчу, што прывяло да пачатку Другой Сусветнай вайны. Расея таксама неаднаразова ладзіла інфармацыйныя і іншыя правакацыйныя дзеянні, каб стварыць умоўна законныя падставы для ажыццяўлення агрэсіі, да прыкладу ў адносінах да Украіны: акупацыя Крыму і развязванне вайны на Данбасе.

Уладзімір Пуцін перад Федэральным сходам, 21 красавіка 2021 года.
Фота: Mikhail Klimentyev / TASS / Forum

Што тычыцца Беларусі, то тут мы таксама маем справу з ідэалагічнай і інфармацыйнай падрыхтоўкай для пашырэння расейскага вайскова-стратэгічнай прысутнасці ў Беларусі, ці яе інтэграцыйнага захопу. Істотнае адрозненне толькі ў тым, што цяперашняя аперацыя «Кансервы» рэалізуецца з вымушана-добраахвотнай згоды Лукашэнкі.

Мэта дадзенай правакацыі ў тым, каб паказаць, што менавіта Захад стаіць за арганізацыяй палітычнага крызісу ў Беларусі, і што іх дэструктыўная палітыка падштурхнула Лукашэнку да радыкальных дзеянняў па абароне суверэнітэту Беларусі з дапамогай Расеі. І што ў гэтым выпадку Масква вымушаная выступаць як гарант бяспекі для насельніцтва саюзнай дзяржавы. Маскоўская правакацыя ў нейкай ступені павінна схаваць той факт, што Лукашэнка страціў здольнасць кіраваць дзяржавай.

У сітуацыі, якая склалася, можна разглядаць два магчымыя сцэнары развіцця падзеяў, у выніку чаго будзе канчаткова знішчаны суверэнітэт краіны:

  1. Падпісанне ўсіх дарожных карт па паглыбленай інтэграцыі. Што фактычна азначае эканамічнае, а ў перспектыве і палітычнае паглынанне Беларусі ў межах саюзнай дзяржавы. Гэта таксама ўключае маштабнае разгортванне расейскай вайсковай прысутнасці на тэрыторыі нашай краіны.
  2. Размяшчэнне расейскага вайсковага кантынгенту (вайсковай базы) на тэрыторыі Беларусі, альбо стварэнне актыўнага змешанага беларуска-расейскага вайсковага падраздзялення ў рамках рэгіянальнай групоўкі войскаў. Гэта можа адбыцца літаральна на працягу некалькіх дзён, тым больш, што для гэтага таксама ёсць усе фармальныя падставы прапісаныя ў Саюзнай дамове і ў шэрагу іншых дакументах, якія тычацца ваенна-стратэгічнай супрацы дзвюх краін.

У сваю чаргу, ваенна-тэхнічныя магчымасці, умовы знаходжання расейскага ваеннага кантынгенту могуць быць акрэсленыя спецыяльным дэкрэтам Лукашэнкі.

У любым выпадку Масква падрыхтавала інфармацыйны, ідэалагічны і палітычны плацдарм для таго, каб Беларусь цалкам перайшла пад геапалітычны кантроль Расеі.

Меркаванні
Сюжэт з замахам на правадыра
2021.04.19 18:44
Hавiны
Што кажуць эксперты пра «вайсковы пераварот» і наступствы спецаперацыі КДБ-ФСБ
2021.04.19 11:43

/ІР belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў