«Да нармальнай працы можна аднесці толькі прагноз надвор’я». Медыяэксперт аб працы дзяржаўных тэлеканалаў


Медыяэксперт Павел Быкоўскі ў каментары «Белсату» дае ўласную ацэнку працы беларускіх дзяржаўных тэлеканалаў.

Журналіст Паўлюк Быкоўскі. Менск, Беларусь. 8 траўня 2021 года.
Фота: Белсат

АБ ПРАПАГАНДЗЕ Ў ІНФАРМАЦЫЙНАЙ ПРАСТОРЫ

– Прапаганда пашырае нейкую інфармацыю, але для таго каб змяніць нашае меркаванне. Гэта можа быць, напрыклад, прапаганда здаровага ладу жыцця. Гэта станоўчыя нейкія дзеянні, але мы ведаем, што нас падштурхоўваюць да пэўнага дзеяння. Таксама гэта можа рабіцца з дапамогай дэзынфармацыі. І намі могуць маніпуляваць і прасоўваць нейкія дзеянні, якія могуць ісці нам не на карысць. Такое адбываецца даволі часта ў палітычнай сферы, калі людзей пераконваюць зрабіць не той выбар, які ім карысны.

Ёсць медыі, у тым ліку дзяржаўныя, якія робяць нармальны прадукт, і ёсць прадукты, якія абсалютна немагчыма аднесці да нармальнай журналістыкі. Калі браць дзяржаўныя тэлеканалы, то там да нармальнай працы можна аднесці толькі прагноз надвор’я. Мусіць быць розны дыяпазон меркаванняў. Калі гэтага няма, то ўжо ёсць праблема. На дзяржаўным тэлебачанні замест экспертаў выказваюцца людзі, якія дакладна не ёсць экспертамі.

Людзі пратэстуюць супраць дзяржаўнай прапаганды падчас мітынгу. Менск, Беларусь. 23 жніўня 2021 года.
Фота: Белсат

Калі ж мы пакажам сёння на незалежныя медыі, то тут ёсць хутчэй медыі, у якіх розныя гаспадары, ёсць розныя задачы, якія яны хочуць вырашыць. Ёсць тыя, што працуюць як незалежныя медыі і хочуць адлюстроўваць аб’ектыўную карціну свету так, як яны бачаць. Ёсць тыя, што хочуць змяніць палітычную сітуацыю, і вось такое барыкаднае мысленне перашкаджае ім быць аб’ектыўнымі, яны хочуць перамагаць ворагаў і займаюцца ці прапагандай, ці контрпрапагандай – гэта таксама прысутнічае.

АБ ІНФАРМАЦЫЙНАЙ БАРАЦЬБЕ

– У нас ёсць блакаванне сайтаў у Беларусі. Гэта не ёсць надзвычай эфектыўным метадам. І ў нас з’яўляюцца «экстрэмісцкія матэрыялы», за распаўсюд якіх цяпер ёсць адміністратыўная адказнасць. І вось ужо з’явіліся «экстрэмісцкія фармаванні», якія гуртуюцца вакол тэлеканалу «Белсат» ці БелаПАН і г. д. Тут ужо ёсць крымінальная адказнасць, і гэта выглядае больш страшна для аўдыторыі. Усё гэта разам і ёсць часткай інфармацыйнай барацьбы. Тут мы можам назіраць агрэсіўную палітыку, яна часткова эфектыўная.

Медыяэксперт Павел Быкоўскі адзначае, што хаця ўсе дзяржаўныя тэлеканалы працуюць у інтарэсах Лукашэнкі, яны маюць розныя падыходы.

– «Беларусь 1» робіць даволі драўляны прадукт. Не хапае зорак, ён дастаткова роўны. Калі браць СТВ, то там бываюць агрэхі, там бываюць эмоцыі, там бываюць вельмі дзіўныя творчыя задумы, якія могуць адштурхнуць аўдыторыю. Тэлеканал ОНТ скіраваны на аўдыторыю, якая не падтрымлівае ніякага боку, таксама аўдыторыю, якая ў чымсьці сумняваецца. Гэтыя каналы працуюць на розную аўдыторыю, з аднаго боку. А з другога боку, яны працуюць з розным рэсурсам. Напэўна, самы вялікі рэсурс, які ўкладаецца ў каналы, гэта ОНТ.

Ёсць Ігар Тур на ОНТ. Ён выступае ў інтэлектуальным амплуа. І ён спрачаецца, але звычайна мае нейкія аргументы, і гэтыя аргументы могуць быць пераканаўчымі, бо людзі не заўсёды ведаюць, што факты могуць быць падтасаванымі. Ёсць Рыгор Азаронак, гэта іншы фланг. Тут эмоцыі, тут праца са стэрэатыпамі, тут спроба напужаць – і гэта таксама можа працаваць для пэўнай аўдыторыі. Я б сказаў, што гэта на сённяшні момант два галоўныя гульцы на прапагандысцкім фронце. Ёсць тыя, хто не выступае персонай у кадры, яны выпрацоўваюць пэўную палітыку ў гэтай сферы. Ёсць тыя, хто выступае быццам бы медыяменеджарам, напрыклад, Марат Маркаў. Але разам з тым ягоныя інтэрвю маюць вялікае прапагандысцкае значэнне.

Рыгор Азаронак у судзе над Вольгай Калацкай. Менск, Беларусь. 23 сакавіка 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

У нас ёсць прэс-сакратар Аляксандра Лукашэнкі, якая праводзіць нарады з кіраўнікамі медыяў. Дзяржаўныя медыі прыслухоўваюцца да таго, што ім кажуць у Адміністрацыі прэзідэнта. Відавочна, што ў дзяржаўных медыях з’яўляюцца аднолькавыя наратывы, з’яўляюцца аднолькавыя памылкі з выкарыстаннем тэрміналогіі. Гэта сведчыць, што ёсць пэўныя загады наконт таго, што трэба асвятляць. Калі паглядзець выданні навінаў СТВ, ОНТ і «Беларусь 1», можна ўбачыць, што сюжэты пададзеныя абсалютна аднолькава. Такога не бывае, калі медыі робяць гэта самастойна.

Шырокае грамадства цяпер або адмаўляецца глядзець, што адбываецца ў палітыцы, бо ёсць пэўныя стомленасці, шмат у каго ёсць расчараванне, або выбірае тыя крыніцы, якія ім здаюцца больш адэкватнымі, падсумоўвае Быкоўскі.

Hавiны
Як дзяржмедыі запісваюць Лукашэнку і каго лічыць галоўным ворагам Рыгор Азаронак
2022.01.01 15:40

АМ belsat.eu

Стужка навінаў