26 сакавіка ў Варшаве пройдзе святочны марш, прысвечаны Дню Волі


У Варшаве пройдзе ўрачысты марш, прысвечаны 104-й гадавіне абвяшчэння БНР. Шэсце мае пачацца у суботу, 26 сакавіка, а 14-й гадзіне. Збор на пляцы Канстытуцыі.

Дзень Волі 2022
Дзень Волі, марш, Варшава

У гэтым годзе акцыя на Дзень Волі будзе прысвечаная не толькі беларускаму парадку дня, але і падзеям ва Украіне. Заяўнікі шэсця адзначаюць: «Цяпер мы не можам быць побач са сваімі роднымі і блізкімі. Але ж мы разам! Разам змагаемся за свае правы. Разам перажываем за нашых братоў ва Украіне. Разам дапамагаем ўцекачам».

Дзень Волі традыцыйна адзначаецца ў гонар абвяшчэння Беларскай Народнай Рэспублікі 25 сакавіка 1918 года. За савецкім часам нават згадкі пра БНР былі забароненыя. Пасля абвяшчэння незалежнасці ў 1991 гэтая дата яднае прыхільнікаў свабоды, дэмакратыі і незалежнасці Беларусі. Угодкі БНР масава адзначаюць у Беларусі і далёка за яе межамі.

У гэтым годзе ўрачыстае шэсце ў Варшаве мае пачацца на пляцы Канстытуцыі. Арганізатары акцыі заклікаюць:

Мы пройдзем магутным маршам па вуліцах Варшавы – нязломнымі і сумленнымі людзьмі, якімі мы і з’яўляемся!

Мы яшчэ раз голасна сцвердзім, што беларусы супраць вайны ва Украіне. Мы зноў заявім: Лукашэнка і Пуцін –дыктатары, якіх не падтрымлівае беларускі народ!

104 гады таму нашыя мужныя продкі аб’явілі незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі! Чакаем усіх вольных людзей на велізарным маршы, прысвечаным Дню Волі!

 

ХЗ belsat.eu

Стужка навінаў