Супраць маці пяцярых дзяцей распачалі крымінальную справу за арганізацыю пратэставых чаяванняў


УУС Менаблвыканкаму паведаміла пра затрыманне жыхаркі аграгарадку Ждановічы, якая ладзіла пратэставыя акцыі ў пасёлку.

Паводле сілавікоў, 38-гадовая жыхарка пасёлку Ждановічы была адміністратаркай мясцовага дваровага чату і арганізатаркай «несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў» – менавіта гэтак у міліцыі называюць чаяванні, прагулкі ды канцэрты ў дварах. У міліцыі распавядаюць, што некаторыя мясцовыя жыхары званілі на лінію «102» і скардзіліся, што сустрэчы суседзяў-іншадумцаў перашкаджаюць іхнаму «камфорту і адпачынку».

Сяргей Удодаў заявіў пра затрыманне жанчыны за пратэставую дзейнасць. Скрыншот відэа УУС

«Кожны раз, ледзь заўважыўшы працаўнікоў міліцыі, «акцыянеры» прыбіралі ўсю пратэставую сімволіку і распавядалі, што проста сабраліся пагутарыць або папіць гарбаты, аднак пасля сыходу праваахоўнікаў у мясцовых чатах актыўна посціліся фота, дзе ўдзельнікі пʼюць гарбату ў асяроддзі пратэставай сімволікі, якой, дарэчы, быў упрыгожаны і двор мужа і жонкі, а таксама адно з вокнаў дому», – адзначаецца ў прэс-рэлізе УУС.

Скрыншот відэа УУС

За распіванне гарбаты на фоне пратэставай сімволікі жанчына неаднаразова прыцягвалася да адміністратыўнай адказнасці, аднак суд прызначыў ёй пакаранне, не звязанае з арыштам, бо яна выхоўвае пяцярых дзяцей. Таму сілавікі вырашылі не абмяжоўваецца адміністратыўным пераследам і распачаць крымінальную справу.

«18 сакавіка жанчына была затрыманая. За актыўную пратэставую дзейнасць у дачыненні яе распачатая крымінальная справа. Падчас агляду ў доме знойдзеная і канфіскаваная пратэставая сімволіка і носьбіты інфармацыі», – паведамляюць сілавікі.

Рэчы, канфіскаваныя ў жанчыны падчас ператрусу. Скрыншот відэа УУС

Пад рэпрэсіі трапіў і ейны муж – яго затрымалі і прыцягнулі да адміністратыўнай адказнасці за вывешванне бел-чырвона-белага сцяга ў сваім вакне.

«Дзеці ў цяперашні час застаюцца пад наглядам бабулі. Таксама кампетэнтнымі органамі будзе дадзеная ацэнка выканання мужам і жонкаю абавязкаў у выхаванні дзяцей», – абяцаюць у міліцыі.

У прэс-рэлізе УУС не называюць імёнаў сямейнай пары, але відавочна, што гаворка ідзе пра Сяргея Ганкевіча і Вольгу Залатар. Пра ператрус і затрыманне жыхароў Менскага раёну раней паведамлялі раней праваабаронцы. Суд пакараў Сяргея 10 соднямі арышту. Вольга застаецца ў СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага ў Менску.

Мяркуючы з той інфармацыі, якая была агучаная ў судзе над Ганкевічам, пераслед сямейнай пары быў арганізаваны працаўнікамі ГУБАЗіКу.

Hавiны
Бацьку пяцярых дзяцей арыштавалі на 10 содняў за сцяг на вакне дому, якога не відаць з вуліцы
2021.03.21 10:01

Паводле праваабаронцаў, з лета 2020 года адбываюцца самыя масавыя ў найноўшай гісторыі Беларусі рэпрэсіі. Са жніўня былі распачатыя больш за 2400 крымінальных справаў, звязаных з пратэстамі, 288 чалавек на 21 сакавіка прызнаныя палітвязнямі. Тысячы пратэстоўцаў ва ўсёй краіне сталі ахвярамі мэтанакіраваных катаванняў, больш за 33 тысячы чалавек былі затрыманыя ў адміністратыўным парадку. Згодна з рознымі ацэнкамі, ад 4 да 10 асобаў загінулі ў выніку дзеянняў сілавікоў. Пры гэтым ні за катаванні, ні за забойствы нікога да адказнасці не прыцягнулі.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў