Прыхільнікі затрыманага Сяргея Сцярненкі ўчынілі пагром офісу прэзідэнта ў Кіеве


Увечары 20 сакавіка ў Кіеве прайшла акцыя пратэсту супраць зняволення Сяргея Сцярненкі. Акцыя адбылася ў дзень ягонага нараджэння, паведамляе УНІАН.

Пратэстоўцы вылучылі патрабаванні да прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага: адправіць у адстаўку міністра ўнутраных справаў Арсена Авакава, генеральнага пракурора Ірыну Венедыктаву, вызваліць з-за кратаў Сцярненку і Андрэя Антоненку, а таксама ўвесці санкцыі супраць Андрэя Партнова. Удзельнікі скандавалі: «Зяленскі, не маўчы!», а таксама: «Справядлівасць – Сцярненку, справядлівасць – усім!».

Акцыя пратэсту каля офісу прэзідэнта ў Кіеве 20 сакавіка 2021.
Фота: УНІАН

Пратэстоўцы палілі фаеры і кідалі іх у бок паліцэйскіх. Акрамя таго, яны размалявалі ўваходныя дзверы і сцены прэзідэнцкага офісу, а таксама разлілі чырвоную фарбу.

У цэнтральных дзвярах офісу прэзідэнта Украіны пратэстоўцы разбілі шкло і кінулі туды петарду.

Акцыя пратэсту каля офісу прэзідэнта ў Кіеве 20 сакавіка 2021.
Фота: REUTERS

Пасля акцыі паліцыя затрымала і адкрыла справу на «аднаго з самых агрэсіўных удзельнікаў». Яму пагражае да 7 гадоў турмы.

У офісе прэзідэнта лічаць, што ўдзельнікі акцыі, якія білі шкло і палілі агонь, спрабавалі справакаваць праваахоўнікаў, заявіў дарадца кіраўніка офісу прэзідэнта Міхаіл Падаляк. На ягоную думку, пратэстоўцы імкнуліся «справакаваць нейкі дзікі гвалт або агрэсію з боку паліцыі».

Разам з тым Падаляк запэўніў, што прэзідэнт Уладзімір Зяленскі не бачыць сэнсу перашкаджаць пратэстам. Таксама ён паабяцаў неўзабаве ліквідаваць наступствы вандалізму.

«Пад офісам прэзідэнта Украіны ў суботу былі сотні людзей – большасць з іх нават не падазравалі, што арганізатары акцыі і некалькі дзясяткаў неадэкватна настроеных хлопцаў паспрабуюць выкарыстаць звычайных удзельнікаў пратэсту ў такіх вось сваіх спробах нешта дэманстратыўна ламаць і правакаваць жорсткі адказ ад паліцыі. Пабітае шкло ў вокнах памяняюць, надпісы са сценаў – змыюць. Сляды ад піратэхнікі на сценах офісу прэзідэнта прыбяруць. А вось таго, што сябры Сцярненкі самі сябе паказалі разбуральнікамі, ужо не выправіш», – сказаў Падаляк.

Нагадаем, што 23 лютага Прыморскі райсуд Адэсы прызначыў Сяргею Сцярненку пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на 7 гадоў і 3 месяцы з канфіскацыяй паловы маёмасці, гэта адбылося ў справе аб выкраданні мясцовага дэпутата, удзельніка антымайдану Сяргея Шчэрбіча. Прыхільнікі Сцярненкі лічаць гэтую справу палітычна матываванай.

АД, belsat.eu

 

Стужка навінаў