Горад, у якім не дапусцілі паралеляў з фашызмам

Аповед пра тое, як у Горадні не дапусцілі пастаноўку паводле паэмы Аляксандра Галіча «Кадиш», асуджаны застацца ў падручніках. Прычым адразу па некалькіх дысцыплінах. Па гісторыі права. Па гісторыі тэатральнага мастацтва. Па гісторыі літаратуры. І проста – па гісторыі.

Сама сітуацыя простая да анекдатычнасці. Акторы збіраліся выканаць паэму галоўнага дысідэнцкага паэта 1970-х гадоў, прысвечаную памяці вялікага педагога і пісьменніка Януша Корчака. Іх запрасілі ў пракуратуру і ветліва патлумачылі, што ў выпадку паказу гэтай пастаноўкі супраць іх можа быць распачатая справа аб распальванні міжнацыянальнай варожасці. Увогуле, вырашайце самі – паколькі самі ўсе, як гаворыцца, разумееце, – але мы вас папярэдзілі.
Акторы падумалі – і вырашылі не ўзбуджаць у пракуратуры жадання распачаць справу.

Тут прыўкрасна ўсё.

Па-першае, фігура галоўнага героя. Доктар Януш Гольдшміт, які пісаў пад псеўданімам «Корчак», аўтар казак пра караля-дзіця Маціюша, стварыў дом сірот. Фашысты, якія акупавалі Польшчу, адправілі сірот – габрэйскіх дзяцей – у Трэблінку, каб там іх забіць. Доктар Гольдшміт мог застацца жывы. Але ён сеў у вагон цягніка, які ішоў у Трэблінку, добраахвотна. Ён не змог здрадзіць дзяцей.

Горадня пра Корчака памятае. З ім у свой час паспелі папрацаваць легендарны дырэктар школы № 1 Уладзімір Іванавіч Баран і яго жонка Марыя Аляксандраўна Мілінкевіч. Бацькі Аляксандра Мілінкевіча, які быў кандыдатам дэмакратычных сіл на выбарах прэзідэнта ў 2006 годзе.

Па-другое, постаць паэта. Аляксандр Аркадзьевіч Галіч, паспяховы савецкі драматург, аўтар сцэнарыяў да звышпапулярных фільмаў «Вас выклікае Таймыр» і «Верныя сябры», стаў класікам аўтарскай песні. У яго тэкстах злачыннасць улады Сталіна і прыдуркаватасць ягоных палітычных наступнікаў былі відавочныя для ўсіх. Праўдзівымі ж героямі ў яго сталі расстраляныя паэты, рэпрэсаваныя і забітыя грамадзяне краіны, дзе перамог сацыялізм, савецкія салдаты, трупамі якіх галоўнакамандуючы выслаў шлях да перамогі. Галіч быў вымушаны пакінуць радзіму і загінуў па недарэчнай выпадковасці ў эміграцыі.

«Кадиш» – адзін з самых вядомых паэтычных твораў Галіча, у тэксце якога дасведчаныя людзі лёгка прасочвалі паралель з савецкім ладам, які выключаў права быць самім сабой, права на іншадумства, на свабоду.

Цяпер гарадзенскім акторам патлумачылі, што такая паралель – не пажаданая. Гледачы могуць няправільна зразумець.

Гэта значыць – гэта не акторам патлумачылі, гэта ўжо я раблю выснову – гледачы могуць падумаць, што дзеці, змешчаныя ў гета, педагогі, якія гінулі за права заставацца самімі сабой, пісьменнік, які ахвяруе сабой, каб дзецям не было страшна ў канцлагеры – гэта ў нас?

І паэма Галіча здольная выклікаць нянавісць – да каго? Да габрэйскіх дзяцей? Але яны – ахвяры – і ў рэальнай гісторыі, і ў паэме! Да сацыялістычнай Польшчы? Але Польшча ўжо даўно не сацыялістычная, і ў ёй, як і пры сацыялізме, дарэчы, імя Януша Корчака акружанае максімальнай павагай.

Застаецца – фашызм. Выкананне «Кадиша» – малітвы ў памяць аб ахвярах – не пажаданае, паколькі ён накіраваны супраць фашызму?! І розніца будзе распаляцца – у адносінах да фашызму?

Звярніце ўвагу, сябры мае. Партал Тут.Бай не напісаў, што адбылася прамая забарона на публічнае выкананне «Кадиша». Акторам сказалі, што можа здарыцца, і прапанавалі падумаць. Акторы падумалі – і адмовіліся. Іх зразумець можна.

Але якімі прыгажунамі выглядаюць супрацоўнікі гарадзенскай пракуратуры, якія прымалі адпаведнае рашэнне! Яны правялі адпаведную паралель – дарэчы, паміж кім і кім? – і, разумеючы, усю непрыстойнасць абвінавачвання актораў у публічным выкананні антыфашысцкага твора, адрэжысавалі ўсю гэтую гісторыю так, каб адказнасць ляжала на саміх акторах. Маўляў – паўтаруся, – наша справа папярэдзіць, што можа быць.

Дарэчы, а што можа быць?

У мяне ў гэтым пытанні свой інтарэс.

Школьнікам і студэнтам мне давялося блукаць па драматычным тэатральным гурткам і студыям роднай Горадні. І ў дзіцячым тэатры Палаца культуры хімікаў «Праметэй» Канстанцін Алёхін паставіў п’есу «Варшаўскі набат» – пра лёс Януша Корчака. Я граў у ёй оберштурмбанфюрэра СС Конрада Вольфа, якому па сюжэце трэба было адправіць дзяцей і іх настаўніка ў Трэблінку. Нервы, прама скажу, былі напружаныя.

Але тады – а гэта быў андропаўскі час – ніхто не праводзіў такога кшталту паралеляў. У савецкай улады хапала мазгоў часам не глядзецца ў люстэрка, калі яно паказвала не занадта ліслівую карцінку. Прычым гэта тычылася не толькі паслясталінскіх часоў. Напрыклад, самая антытаталітарная з пʼес вялікага Яўгена Шварца – «Цмок» – у Савецкім Саюзе ішла зусім свабодна: фармальна ў ёй бачылі пʼесу антыфашысцкую, не больш за тое.

Гісторыя ж з «Кадишам» паказала: вялікае мастацтва ўспрымаецца як пагроза менавіта ў сілу сваёй вострай надзённасці. Галіч апынуўся актуальны, а значыць – жывы. Як жывыя аўтары рамана «Працэс» Франц Кафка і пʼесы «Цмок» Яўген Шварц. Жывыя аўтары «Быдлячага кутка» і «1984» Джордж Оруэл і «Рычарда III» Вільям Шэкспір. Жывыя, нарэшце, пастаноўшчыкі «Івана Грознага» Сяргей Эйзенштэйн і «Трону ў крыві» Акіра Курасава. Яны жывыя – таму што мы чытаем гэтыя кнігі, глядзім гэтыя фільмы, слухаем «Ленінградскую сімфонію» Дзмітрыя Шастаковіча і яго ж «Антыфармалістычны раёк» – і праводзім паралелі.

Так што дзякуй гарадзенскай пракуратуры, якая яшчэ раз прыгадала нам пра вялікую сілу мастацтва.

А «Кадиш» мы можам паслухаць хоць і ў запісы, але ў выкананні аўтара. І, дарэчы, у прысутнасці паслоў Ізраіля і Польшчы – калі, вядома, яны палічаць, што такі мяккі «недазвол» спектакля пра Януша Корчака тычыцца і іх.

/ІР

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў