Студэнты з Беларусі змогуць вярнуцца на вучобу ў Расею


Расея ўключыла Беларусь у спіс краінаў са спрыяльнай эпідэмічнай абстаноўкай, і цяпер студэнты з Беларусі змогуць вярнуцца на вучобу ў Расею, паведамляе Міністэрства адукацыі і навукі РФ.

У ведамстве ўдакладнілі, што вярнуцца ў Расею працягваць навучанне могуць грамадзяне тых дзяржаваў, якія ўхваленыя Расспажыўнаглядам як краіны з бяспечным эпідэмічным станам. На гэты момант такіх краінаў 25, сярод іх – Беларусь.

Аднак перад пачаткам вочнага навучання студэнты будуць вымушаныя зрабіць шэраг дадатковых захадаў.

Перад прыездам у Расею замежныя студэнты мусяць не менш як за 10 дзён паведаміць праз электронную пошту ўніверсітэту пра дату ўезду ў Расею. Пасля адпраўкі ліста на электронную скрынку прыйдзе інфармацыя пра ўезд.

Далей: не раней як за 3 каляндарныя дні да прыбыцця ў Расею вучню неабходна зрабіць тэст на COVID-19 метадам ПЦР і, калі вынік адмоўны, атрымаць у сваёй краіне адпаведны дакумент.

На працягу 72 гадзінаў пасля ўезду на тэрыторыю Расеі замежныя студэнты мусяць здаць паўторны ПЦР-тэст. Да атрымання вынікаў тэсту ім неабходна трымацца рэжыму самаізаляцыі паводле месца пражывання. У перыяд ізаляцыі навучанне праходзіць у онлайн-фармаце. Без паўторнага тэсту замежныя студэнты не будуць дапускацца да вочнага навучання.

АД, belsat.eu

Стужка навінаў