5 галоўных пытанняў пра палітычных вязняў


У Беларусі на сёння 289 асобаў прызнаныя палітзняволенымі, але каля 500 чалавек застаюцца за кратамі праз палітычна матываваныя прысуды. Навошта і як даюць статус вязня сумлення?

Палітычны вязень – чалавек, якога пераследуюць за грамадскую ці палітычную дзейнасць і якому беларускія праваабарончыя арганізацыі надалі такі статус.

Што дае статус палітычнага вязня?

Наяўнасць зняволеных з такім статусам дае падставы накладаць на краіну санкцыі, каб прымусіць урад адпусціць гэтых людзей. Таксама гэта можа ўратаваць ад самавольства ўладаў.

Падчас перабывання ў турме статус палітычнага вязня можа паўплываць як на тэрмін, так і на ўмовы ўвязнення такога чалавека. За ягоным станам сочаць міжнародныя структуры і палітыкі. Пра яго пішуць медыі, сочаць за ягонымі ўмовамі ўтрымання, клапоцяцца валанцёры, ягоны адрас пазначаны на сайтах для ліставання.

Чацвёрты дзень суда над журналісткамі «Белсату» Дар’яй Чульцовай і Кацярынай Андрэевай. Ім прысудзілі два гады ў калоніі агульнага рэжыму. Менск, Беларусь. 18 лютага 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

Статус аўтаматычна апраўдвае добрае імя чалавека ў вачах грамадства. Яго не пакінуць без магчымасці ўладкавацца на працу, да яго не павінны ўпярэджана ставіцца ў дзяржаўных структурах і банках.

Як атрымаць такі статус?

Каб праваабаронцы прызналі чалавека палітычным вязнем, яму ці ягонаму прадстаўніку трэба звярнуцца ў «Вясну», Беларускі Хельсінкскі камітэт ці іншыя ўстановы і даць дакументы аб справе: пратакол, прысуд ды іншыя. Часам праваабаронцы даюць статус і без звароту, калі самі сочаць за справаю. Бываюць сітуацыі, калі да судовага разбору ці прысуду матэрыялы не даступныя: гэта запавольвае працэдуру.

Каго прызнаюць палітычным вязнем?

Сёння ў Беларусі палітвязнямі да суда прызнаюць тых, каго абвінавачваюць паводле крымінальных артыкулаў 293 («Масавыя закалоты») і 342 («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх»). Праваабаронцы лічаць, што ў краіне не адбывалася такіх падзеяў, бо пікеты для падтрымання кандыдатаў на прэзідэнцтва да 9 жніўня 2020 года і пратэсты супраць вынікаў выбараў былі выключна мірныя.

Калі чалавека асудзілі паводле іншага артыкулу, то праваабаронцы разглядаюць кожны выпадак асобна. Асабліва гэта актуальна для справаў паводле арт. 364 («Гвалт або пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні працаўніка органаў унутраных справаў») і арт. 363 («Супраціў працаўніку органаў унутраных справаў») Крымінальнага кодэксу.

Чаму палітычных вязняў менш, чым тых, каму вынеслі палітычна матываваны прысуд?

Па-першае, працэдура надавання статусу палітзняволенага займае пэўны час, а палітычна матываваныя прысуды выносяцца ў Беларусі амаль штодзень.

Па-другое, не ўсе звяртаюцца да праваабаронцаў, бо баяцца пераследу сябе і сваякоў.

Першы дзень суда па справе Віктара Бабарыка і супрацоўнікаў Белгазпрамбанку. 17 лютага 2021 года.
Фота: Белсат

Па-трэцяе, чалавека могуць не прызнаць палітвязнем, калі будзе недастаткова дакументаў (напрыклад, няма прысуду).

Хто выдае чалавеку статус палітычнага вязня?

Вязнямі сумлення асуджаных прызнае супольнасць праваабарончых установаў – «Вясна», БХК, БДЦ, ПЭН-цэнтр, БАЖ, ініцыятыва «Forb», Прававая ініцыятыва, «Human Constanta» і «Lawtrend».

Спісы палітзняволеных з іхнымі адрасамі ёсць на сайце «Вясны». Там жа можна знайсці падрабязнае кіраўніцтва дзеля вызначэння панятку «палітычны вязень».

Ці могуць разлічваць на падтрыманне людзі з палітычна матываванымі прысудамі, але без статусу?

Фонд «BySol», праект «Dissidentby» ды іншыя структуры пастанавілі збіраць інфармацыю і падтрымліваць вязняў ды іхных сваякоў і без статусу палітзняволенага. Такім чынам, пакрысе ўдаецца змяняць існую парадыгму ненадання дапамогі чалавеку, якога няма ў афіцыйных спісах, бо тая ж справа за гвалт ці пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні сілавікоў найчасцей бывае самаабаронаю.

Адмыслоўцы самі знаёмяцца са справаю вязня.

«Калі мы асабіста ведаем гісторыю чалавека, што ён браў удзел у мірных акцыях ці іншым чынам рэалізоўваў свае грамадзянскія правы, мы таксама яму дапамагаем», – распавёў сузаснавальнік фонду «BySol» Андрэй Стрыжак.

МГМ, belsat.eu

Стужка навінаў