225-ы дзень пратэстаў. Справа за чаяванне, новыя затрыманні і заява кіраўніка МЗС Літвы

Belsat.eu падводзіць вынікі 21 сакавіка – 225-га дня супрацьстаяння грамадства і ўладаў.

Сям’ю рэпрэсуюць за пратэставае чаяванне

Супраць 38-гадовай жыхаркі Ждановічаў Вольгі Залатар распачалі крымінальную справу за «актыўную пратэставую дзейнасць». Пра гэта паведаміў УУС Менаблвыканкаму, але не ўдакладніў, паводле якога артыкулу завялі справу.

Вольга – маці пяцярых дзяцей. Пачынаючы з лета яна была адміністратаркай мясцовага чату, ладзіла чаяванне з суседзямі, прагулкі з бел-чырвона-белай сімволікай і канцэрты. За гэта яе пераследавалі спецслужбы, на Вольгу неаднаразова складалі адміністратыўныя пратаколы.

18 сакавіка Вольгу затрымалі, а ў ейным доме ГУБАЗіК правёў ператрус. Таксама затрымалі ейнага мужа Сяргея Ганкевіча – яго пакаралі 10 соднямі адміністратыўнага арышту за вывешванне ў кватэры бел-чырвона-белага сцяга.

«Дзеці ў цяперашні час знаходзяцца пад наглядам бабулі. Таксама кампетэнтнымі органамі будзе дадзеная ацэнка выканання мужам і жонкай абавязкаў па выхаванні дзяцей», – пагражаюць у міліцыі.

Супраць маці пяцярых дзяцей распачалі крымінальную справу за арганізацыю пратэставых чаяванняў

Новыя затрыманні

Удзень 21 сакавіка ў Менску на вачах жонкі і дзіцяці затрымалі кіраўніка Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігара Барысава. Затрыманне адбылося, калі палітык разам з сям’ёй вяртаўся дадому. Машыну спынілі людзі ў масках. Хто канкрэтна праводзіў затрыманне і ў чым вінавацяць Барысава – не вядома. Увечары старшыню БСДП(Г) змясцілі ў ізалятар на Акрэсціна.

Нагадаем, БСДП(Г), якую ўзначальвае Ігар Барысаў, разам з рухам «За свабоду» і БНФ «Адраджэнне» падавалі заяўку ў Менгарвыканкам на правядзенне шэсця на Дзень Волі 25 сакавіка.

Новыя затрыманні адбыліся ў Новай Баравой – паводле відавочцаў, сілавікі забралі мінімум двух чалавек. Таксама МУС паведаміла пра затрыманне 38-гадовага менчука за тое, што той узлез на мачту з дзяржсцягам на даху аднаго з дамоў у Новай Баравой.

Увечары пра ператрус у сваёй кватэры паведаміў актывіст Ілля Дабратвор. Раней сілавікі затрымалі ягоную жонку, журналістку-фрылансерку Іну Дабратвор.

Пратэсты працягваюцца

Традыцыйныя акцыі пратэсту і салідарнасці адбываліся ў Беларусі 21 сакавіка.

У Менску жыхары Серабранкі выйшлі на нядзельны каляровы марш. А жыхары мікрараёну Ангарская зладзілі акцыю салідарнасці з палітвязнямі.

Хор Вольных Бараўлянаў заспяваў сёння ў ГЦ «Экспабел».

Акцыі салідарнасці з Беларуссю адбываліся ў шэрагу еўрапейскіх гарадоў: Дрэздэн, Варшава, Вроцлаў і Кіеў.

Святлана Ціханоўская: усяго за тры дні мы вярнулі сабе пачуццё адзінства і большасці

Тым часам больш за 630 000 чалавек узялі ўдзел у галасаванні за перамовы з уладамі, якое абвесціла на гэтым тыдні Святлана Ціханоўская.

«Вы ж адчуваеце: усяго за тры дні мы зноў вярнулі сабе пачуццё адзінства і большасці. Галасаванне наглядна паказвае, што беларусы не здаюцца і хочуць пераменаў. Мы зноў адчуваем падтрымку ўсяго свету. І ведаем, што голас беларусаў ужо пачуты. Давайце зробім яго яшчэ мацнейшым!» – заклікала Ціханоўская ў сваім звароце 21 сакавіка.

Заява кіраўніка МЗС Літвы

Міністр замежных справаў Літвы Габрыелюс Ландсбергіс заявіў у інтэрвʼю нямецкай газеце «Der Tagesspiegel», што Еўразвязу неабходна дзейнічаць, а не проста назіраць за падзеямі ў Беларусі.

«Мы не можам сабе ўявіць, праз што праходзяць людзі ў Беларусі, колькі з іх трапілі ў турму, колькі зазналі жорсткае абыходжанне, колькі страцілі працу. У іх адабралі тыя маленькія свабоды, якія ў іх заставаліся. Але ў мяне склалася ўражанне, што ў Беларусі перайшлі рысу, пасля якой няма шляху назад. Людзі больш не давяраюць рэжыму. Пытанне толькі ў тым, як доўга пратрымаецца рэжым», – адзначыў ён.

Ландсбергіс заявіў, што ў Літву пастаянна прыбываюць палітычныя ўцекачы з Беларусі, шмат якія з іх на радзіме перажылі катаванні.

У сувязі з гэтым ён нагадаў, што Літва пачала расследаванні некалькіх справаў супраць беларускіх сілавікоў і заклікаў еўрапейскія краіны, заканадаўства якіх прадугледжвае прынцып універсальнай юрысдыкцыі, далучыцца да расследавання.

Міністр замежных справаў Літвы заклікаў ЕЗ дапамагаць Беларусі, а не проста назіраць, што адбываецца ў краіне

ІІ belsat.eu

Hавiны