Як беларусы Батумі захоўваюць родную мову і вучаць дзяцей ва ўмовах эміграцыі


Летась мы распавядалі, як дзве мянчанкі, якія з прычыны палітычнай сітуацыі ў Беларусі эмігравалі ў Грузію, стварылі ў Батумі гурток для вывучэння беларускай мовы для дзяцей. Патрэбу ў беларускамоўным асяродку хутка адчулі і дарослыя. Так гурток ператварыўся ў Беларускі клуб у Батумі, які ставіць сваёй мэтай захоўваць і развіваць беларускую мову і культуру ў эміграцыі. З нагоды Дня роднай мовы «Белсат» пагутарыў з заснавальніцай Клубу Касяй Панкевіч.

Кася Панкевіч працуе з дзецьмі падчас сустрэчы Беларускага клубу ў Батумі.
Фота: Белсат

«Наша мэта – даць магчымасць беларусам у эміграцыі быць у беларускамоўным асяродку»

З сярэдзіны верасня 2021 года мянчанкі Кася Панкевіч і Дана Кавалёва раз на тыдзень праводзілі ў Батумі інтэрактыўныя заняткі беларускай мовы для школьнікаў 6–10 гадоў. Кася зазначае, што амаль адразу адчула патрэбу ў трансфармацыі гуртка ў нешта больш маштабнае – бацькі, якія прывозілі дзяцей на заняткі, казалі, што і яны былі б не супраць збірацца разам, нешта абмяркоўваць на роднай мове.

Дзіцячы гурток збіраўся ў памяшканні сямейнай адукацыйнай прасторы «Spring School» у невялікім будынку ў старым горадзе. Ладзіць там спатканні для вялікай колькасці людзей па вечарах не было магчымасці. Але на пачатку 2022 года Школа арандавала яшчэ адно памяшканне праз дарогу. Так у Касі з’явіўся шанец зрэалізаваць сваю мару аб стварэнні Беларускага клубу сямейнага фармату. З кіраўніцтвам Школы атрымалася дамовіцца на правядзенне сустрэчаў двойчы на тыдзень.

– Я ад самага пачатку знаходжання тут бачыла жаданне беларусаў сустракацца. Я стварыла чат, апытанкі, і пераканалася, што такі клуб сапраўды патрэбны. На першую сустрэчу прыйшло шмат людзей, – распавядае Кася. – Нашая мэта – ствараць магчымасць для беларусаў, якія з’ехалі з радзімы, знаходзіцца і тут, у эміграцыі, у беларускамоўным асяродку. У Батумі больш няма такіх месцаў, толькі калі мы самі іх створым. А асабліва гэта важна для дзяцей, якім тут няма дзе вучыць беларускую мову, акрамя сям’і і вось такіх гурткоў.

«З дзецьмі мы вывучаем свет па-беларуску»

Падчас сустрэчы Беларускага клубу ў Батумі.
Фота: Белсат

Сустрэча Беларускага клубу цягнецца дзве гадзіны. Дарослыя камунікуюць, абмяркоўваюць тэмы, якія іх цікавяць, гуляюць у настольныя гульні: «Мафію», «Паўстанцаў», іншыя.

З дзецьмі Кася займаецца асобна. Сама для іх рыхтуе заняткі і праводзіць іх. Каляжанка, з якой пачыналі гурток увосень, Дана Кавалёва, з’ехала ў Тбілісі. Там яна таксама ладзіць падобныя сустрэчы, у яе нават атрымалася знайсці настаўнікаў і зрабіць больш акадэмічны фармат вывучэння беларускай мовы, распавядае Кася.

Пра свае заняткі наша суразмоўца кажа, што яны зусім не школьныя, гэта не класічнае вывучэнне мовы.

– У нас развіваючыя заняткі, мы вывучаем свет агулам, але па-беларуску, – тлумачыць Кася. – Мы праходзім розныя тэмы: жывёлаў, ежу і падобнае. Малюем, разгадваем кўэсты, ставім сцэнкі, спяваем песні, гуляем у гульні. Стараюся крыху і інфармацыйнай часткі даваць, нешта распавядаць.

Кася сама – маладая мама. Скончыла БДУіР, паводле адукацыі – матэматык-праграміст. З педагогікай і навучаннем Кася ніколі не была звязаная. Выхаванне сваіх дзяцей – і ёсць асноўны педагагічны досвед, распавядала дзяўчына яшчэ ўвосень. Рыхтуючыся да заняткаў, Кася арыентуецца на тое, што цікава дзецям. Патрабаванняў нешта вучыць, пераказваць яна не ставіць. Для Касі найперш важна, каб дзецям было цікава, каб яны вучыліся камунікаваць на роднай мове, а не сядзелі і вучылі правілы.

«Нашая адказнасць – ці вырастуць нашыя дзеці ў эміграцыі беларускамоўнымі»

Для дарослых Кася таксама хоча ўвесці інфармацыйную частку – нешта накшталт лекцыяў на розныя тэмы: пра мову, культуру, традыцыі, гісторыю. Увесну, калі стане цяплей, дзяўчына думае праводзіць заняткі на двары, ладзіць вандроўкі.

Але і той фармат, які ёсць цяпер, падабаецца людзям, кажа Кася. Для ўдзельнікаў Клубу важна найперш быць сярод сваіх, такіх жа беларускамоўных, аднадумцаў.

На сустрэчы прыходзяць у сярэднім каля 10 чалавек дарослых і 12–14 дзяцей. Кася Панкевіч асноўны акцэнт працягвае рабіць на дзецях. Дзяўчына перакананая, што трэба зрабіць усё, каб забяспечыць ім беларускамоўны асяродак у эміграцыі, даць магчымасць вывучаць і захоўваць родную мову.

– Бо дарослыя некалі вывучалі мову ўдома, у школе. База ў нас у любым выпадку ёсць. У дзяцей, асабліва зусім малых, якія яшчэ ў школу не ходзяць, няма. І калі, напрыклад, бацькі не вельмі добра ведаюць беларускую, у эміграцыі магчымасці захаваць родную мову амаль няма, – зазначае наша суразмоўца. – У школах тут беларускую мову не вывучаюць. Таму гэта цалкам нашая, дарослых, адказнасць, ці вырастуць нашыя дзеці ў эміграцыі беларускамоўнымі. Я лічу вельмі важным стварыць такое месца, дзе дзеці будуць пастаянна чуць родную мову, вывучаць яе.

Беларуская бібліятэка ў Батумі

Падчас сустрэчы Беларускага клубу ў Батумі.
Фота: Белсат

Кася стварае ў Клубе беларускую бібліятэку. Цяпер у ёй ужо больш за 100 кніг, якія любы ахвотны можа ўзяць пачытаць. Кася стварыла адмысловы каталог у электронным выглядзе, ён ёсць у чаце Клубу. Можна ўдома яго прагледзець, выбраць сабе, што зацікавіла, прыйсці на сустрэчу Клубу і ўзяць кнігу.

Большасць кніг, зазначае стваральніца Клубу, – для дзяцей, але пакрысе папаўняецца і «дарослы фонд».

– У нашай бібліятэцы асноўная частка кніг – мае, якія я прывезла з дому ці замовіла, калі ўжо была тут, – распавядае Кася. – Цяпер я заўсёды прашу тых, хто ляціць з Беларусі, нешта прывезці. Асабліва патрэбныя кнігі для дарослых.

Дзяўчына зазначае, што яна чакала большай запатрабаванасці бібліятэкі, і пакуль крыху расчараваная, што попыту мала.

– Я думала, такая бібліятэка будзе больш патрэбнай людзям, – кажа Кася. – Бо людзі ж, калі едуць сюды, не вязуць з сабой чамадан кніг, і тут іх не здабыць. Спадзяюся, мо попыт узрасце, калі ў нас будзе больш цікавай літаратуры.

Наступная сустрэча Беларускага клубу ў Батумі пройдзе ў чацвер, 24 лютага. Кася хоча прысвяціць яго Дню роднай мовы.

– Дарослым і старэйшым дзецям хачу зрабіць інфармацыйную частку пра Дзень роднай мовы з цікавымі фактамі, для дзяцей – нейкія цікавыя заданні, – распавядае Кася пра планы на наступную сустрэчу. – Хачу зрабіць акцэнт на тым, што ёсць такое свята, што існуюць праблемы моваў, як шмат моваў знікае і чаму, і што беларуская мова ў такой небяспецы таксама знаходзіцца.

Сустрэчы Беларускага клубу ў Батумі цяпер праходзяць па чацвяргах а 18-й гадзіне і ў суботу ўдзень. За дакладным часам суботніх сустрэчаў трэба сачыць у абнаўленнях чату Клубу, да якога можа далучыцца любы ахвотны.

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў