«Тут няма Наталлі Хершэ, толькі жывёліна». Размова з былой палітзняволенай – пра турму і нечаканае вызваленне


«Я – не Наталля Хершэ, я – жывёліна, сабака ці як вам падабаецца». Так казала беларуска са швейцарскім грамадзянствам, лежачы на зямлі ў клетцы на тэрыторыі гомельскай жаночай калоніі. Гэта было пакаранне за адмову шыць форму для сілавікоў. У зняволенні Наталля Хершэ правяла 17 месяцаў. 18 лютага яе раптоўна вызвалілі. У той жа дзень жанчына паляцела ў Швейцарыю. Ужо з дому Наталля распавяла «Белсату» пра амаль паўтара года за кратамі і першыя дні на волі.

Наталля Хершэ. Крыніца: Nashaniva.com

«Найперш па памяці аднаўлю турэмныя дзённікі, якія не дазволілі забраць на волю»

З Наталляй Хершэ мы размаўляем праз «Zoom» у нядзельны ранак. Былая палітзняволеная выглядае добра, усміхаецца, і хоць яна і відавочна схуднела, што нядзіўна за столькі месяцаў у турме, але не страціла сваёй прыгажосці. У вачах – адкрытасць, жывасць і годнасць.

– Наталля, як вы цяпер пачуваецеся? Чым займаецеся ўдома?

– Пачуваюся шчаслівай. Вельмі радая бачыць сваіх родных, дачку. Прыемна прачнуцца не ў турэмнай камеры, а ў сваім доме на мяккім матрацы. Адначасова ў мяне стан разгубленасці – я не ведаю, што будзе далей, што рабіць заўтра. У турме зразумела, што і калі рабіць, усё паводле рэжыму. А на волі трэба наноў прызвычайвацца самастойна планаваць свой час.

Найперш хачу ўзяць асадку, сшытак і заняцца аднаўленнем сваіх дзённікаў, якія вяла за кратамі. Мне не дазволілі забраць іх з сабой на волю. У пакоі дагляду перад самым вызваленнем мне сказалі, што дзённікі не аддадуць, бо там напісана пра супрацоўнікаў. Але гэта не праўда – там запісаныя мае асабістыя перажыванні, эмоцыі, і нічога няма пра супрацоўнікаў. Раней мне абяцалі, што я забяру дзённікі, і не трэба непакоіцца. Але я ведала, што гэта – хлусня. Увогуле, хлусня – гэта асноўная з’ява, з якой я сутыкалася цягам усяго перыяду зняволення.

Наталля Хершэ прыляцела ў Швейцарыю. 18 лютага 2022 года.
Фота: srf.ch

Цяпер я спадзяюся на сваю памяць і што здолею ўсё аднавіць. Магчыма, не так яскрава, але змагу запісаць усё зноў. Пачну з Магілёва, бо ён найбольш блізкі ў часе, успаміны самыя жывыя.

Выдаваць дзённікаў як кнігу не планую. Пакуль хачу ўсё запісаць для сябе, каб не забылася нічога з таго, што было.

Артыкулы
«Я ведаю, дзеля чаго я тут». Хто такая палітзняволеная Наталля Хершэ, і як яна жыве ў жаночай калоніі
2021.04.05 08:00

«Сэрца клікала ў Беларусь»

– Наталля, давайце вернемся ў тыя дні, калі вы прыляцелі ў Беларусь пасля выбараў 2020 года. Чаму вы прынялі такое рашэнне – быць на радзіме ў такі трывожны час, хадзіць на пратэсты?

– Я сачыла за ўсім, што адбывалася ў Беларусі. Сама адмыслова ездзіла ў Бэрн, каб прагаласаваць. Памятаю, як перажывала, што магу не паспець, бо прыехала за 10 хвілін да закрыцця ўчастку.

Каля амбасады валанцёры лічылі, колькі чалавек прыйшло і хто за каго галасаваў. У мяне быў шок, калі я пачула афіцыйныя лічбы ад беларускай амбасады ў Швейцарыі – яны цалкам супадалі са звесткамі валанцёраў. Я была ўражаная – нарэшце! Адбыўся цуд! Бо я думала, што на 90 адсоткаў усё будзе сфальсіфікавана, і, напэўна, прыйдзецца змагацца ўжо на тэрыторыі Швейцарыі, адстойваць свае галасы, бо мірыцца з хлуснёй я не збіралася.

Калі я даведалася пра вынікі, я звязалася з амбасадарам Беларусі, падзякавала яму за сумленныя лічбы. У Беларусі ж усё было інакш… У мяне ўсё кіпела ўнутры, калі я бачыла, што адбываецца на радзіме. Я хацела далучыцца да пратэстоўцаў, разам з імі выказаць сваю нязгоду.

У мяне быў запланаваны адпачынак, аднак я збіралася правесці яго ў іншым месцы. А сэрца клікала ў Беларусь. Я адчувала, што мушу быць там. Калі сарваліся планы правесці адпачынак, дзе збіраліся, я купіла квіток і паляцела ў Менск.

«Я села ў турму, каб прыцягнуць увагу да іншых палітвязняў»

– Якой вы ўбачылі Беларусь у той час?

– Памятаю ўзняты эмацыйны стан. У людзей навокал і ў мяне. Гэта перадавалася падчас пратэсных акцыяў, на якія мы хадзілі з сяброўкай.

Напярэдадні ад’езду я вырашыла прыняць удзел у жаночай акцыі – у той дзень, 19 верасня, гэта быў «Бліскучы марш». Мне абавязкова трэба было ісці ў галаве шэсця, бачыць усё, што адбываецца. Сяброўка ўжо была ўдома. Мы дамовіліся, што я ёй патэлефаную пасля акцыі. Калі мы праходзілі каля ейнага дому, я думала, мо ўжо час сыходзіць, але як сысці, калі такія дзеянні разгортваюцца?

Мне ўвогуле было шкада злятаць. Я думала: я палячу, а тут усё будзе развівацца без мяне? Мне падавалася, што нешта не стыкуецца, нешта мусіць адбыцца, каб я дагледзела гэтую гісторыю да канца. Гэта было на ўзроўні інтуіцыі.

Наталля Хершэ ў судзе Савецкага раёну, які разглядае крымінальную справу супраць яе паводле арт. 363.2, Менск, Беларусь. 3 снежня 2020 года.
Фота: Белсат

Калі падчас затрымання мая рука на аўтамаце пацягнулася да балаклавы таго сілавіка, я потым думала: навошта я гэта зрабіла, колькі клопату цяпер будзе брату, сябрам. Але пазней пазл склаўся, і я зразумела, што нішто не выпадкова, і навошта гэта ўсё было.

– І навошта?

– Калі дэпутатка Еўрапарламенту Барбара Гізі стала маёй «хроснай» – узяла мяне пад апеку, а за ёй іншыя парламентарыі сталі «хроснымі» іншых палітвязняў, я зразумела, што села ў турму, каб прыцягнуць увагу да палітзняволеных беларусаў. Для мяне было вельмі каштоўным, што пра падзеі ў Беларусі будуць казаць у Еўропе.

Балаклаву з таго сілавіка я тады цалкам не сарвала. Потым думала, чаму мне не хапіла рашучасці давесці справу да канца. Бо тады б у яго не было б магчымасці сказаць, што я яго падрапала. Але ж я б і ў турму не села б, і тады б той факт, што я, грамадзянка Швейцарыі, удзельнічала ў акцыі, магчыма, хутка забыўся б, не быў бы такім значным, да палітвязняў было б менш увагі.

Артыкулы
Палітзняволеная Наталля Хершэ тройчы адмовілася прасіць памілавання
2021.09.10 12:13

Калі я прыляцела дамоў, мясцовыя карэспандэнты пыталіся ў мяне, ці зрабіла б я тое самае, калі б не была грамадзянкай Швейцарыі. І я не ведаю. Не ведаю, які б мела менталітэт, калі б жыла ў Беларусі, ці мела б смеласць так сябе паводзіць. Таму я захапляюся Вольгай Класкоўскай, якая жыла і жыве ў Беларусі і актыўна адстойвае сваю годнасць – як і я, адмаўляецца ад пашыву формы для сілавікоў. Безумоўна, яна заслугоўвае большай увагу і ўганаравання, чым я. У мяне ёсць абарона і акалічнасці, якія дазволілі раней выйсці на волю – заступніцтва ўраду Швейцарыі. У Вольгі гэтага няма. Але я спадзяюся, што і яна, і іншыя палітвязні будуць вызваленыя.

За адмову шыць форму сілавікам – у клетку

– Вы згадалі пра адмову шыць форму для сілавікоў. Адкуль былі сілы стаяць на сваім, хоць вы і ведалі, якія будуць наступствы?

– Рашэнне не шыць форму прыйшло да мяне яшчэ на Валадарцы, калі я даведалася, што апеляцыйную скаргу не задаволілі і прысуд пакінулі ў сіле. У калоніі я не адмаўлялася ад працы зусім, аднак не збіралася шыць форму.

Адкуль былі сілы? Не ведаю. Для мяне гэта было прынцыпова, хоць я і разумела, што мне не пазбегчы ШІЗА. Тым больш я не бачыла сэнсу пагаджацца на іхныя ўмовы пасля першага зняволення ў карцары. Мне ўжо было дрэнна, мне ўжо нанеслі фізічную шкоду – у мяне было запаленне суставаў. Які быў бы сэнс зламацца ў той момант, калі самае кепскае ўжо здарылася?

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Жаночы марш у Менску. 19 верасня 2020 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

– Колькі разоў вас каралі ШІЗА?

– Агулам у ШІЗА я правяла 46 дзён. Першы раз мне далі 8 дзён, аднак адразу ж дадалі яшчэ 10 – за тое, што я ляжала ў клетцы на зямлі.

Клетка гэтая размяшчаецца на вуліцы. З двух бакоў гэта сцены цагляных будынкаў, а два іншых бакі і дах – рашоткі. Я бачыла, як там стаялі асуджаныя. Гэта выглядала жахліва. Я спачатку не разумела, навошта іх туды ставяць. Потым дайшло – калі атрады ідуць шыхтам, вязні глядзяць на гэта. Гэта паказальнае пакаранне. Як раней былі шыбеніцы, на якіх чалавек боўтаўся некалькі дзён, а мінакі глядзелі на гэта. Тут тое самае.

У мяне адразу ўзніклі асацыяцыі з утрыманнем жывёлы. Я адмовілася заходзіць у клетку. Але гэта зноў было парушэнне нібыта законных патрабаванняў супрацоўнікаў.

Тады я зайшла ў клетку і лягла на зямлю. Я сказала: я – не Наталля Хершэ, я – жывёліна. Называйце як заўгодна – сабакам, кім хочаце. Я звярнулася абаранкам і легла на зямлю. Гэта было 6 траўня, але яшчэ было халодна. Супрацоўнікі былі ў шоку, сталі бегаць, здымаць на відэа, загадвалі падняцца. Я адмаўлялася і казала – Наталлі Хершэ тут няма, тут ёсць толькі жывёліна. Я ўстала толькі калі клетку адчынілі і я магла выйсці.

«Скаргі на боль ігнараваліся, у ШІЗА – значыць у ШІЗА»

– Жахліва гучыць пра клетку…. Пасля гэтага і запаліліся суставы?

– Яшчэ ў каранціне ў мяне пачалі балець калені. Я звязваю гэта з тым, што тады прыходзілася падоўгу стаяць на холадзе на вуліцы. У выніку праз тыдзень яны ў мяне сталі проста гарэць. Я казала пра болі падчас першага афармлення ў ШІЗА, на што мне лекарка адказала: калі ШІЗА прызначылі, значыць, трэба ісці ў ШІЗА.

На дзявятыя содні ў карцары ў мяне зноў з’явіўся жар у каленях, які праз гадзіну апусціўся ў пальцы ног, і так было ўсю ноч. Але раніцай мае скаргі ігнараваліся.

Я правяла ў ШІЗА 18 дзён, а праз содні пасля выхаду мяне зноў адправілі туды на 10 дзён – зноў за адмову шыць форму.

Калі ўрэшце праз пэўную хітрасць атрымалася трапіць у медсанчастку, лячэнне мне прызначаў псіхатэрапеўт – іншага лекара не было. Тады ж я даведалася, што ў мяне падвышаная тэмпература, а я нават не адчувала гэтага. На 4 дні мне прызначылі курс уколаў.

Я была рада хоць нейкаму лячэнню, думала – хоць 4 дні перадыхнуць, а потым можна зноў у ШІЗА. Так і атрымалася. Бальнічны не працягнулі. Мне зрабілі рэнтген ступака, на ім не знайшлі змяненняў, і зноў адправілі ў ШІЗА.

Калі я ўрэшце трапіла да хірурга, ён паставіў дыягназ: пачатковая стадыя артрозу. Пра калена сказаў, што ў мяне ўсё добра, і што калі б было запаленне, то калена было б моцна распухлае. З мяне зрабілі незразумела каго – нібыта я сама сабе гэта прыдумала. А ў той жа дзень, калі я была ў камеры ШІЗА, мне балела так моцна, што я аж стагнала. Я спужалася – такога са мной ніколі не было.

«У параўнанні з Гомельскай калоніяй у Магілёўскай турме – люкс-умовы»

– Якія былі агулам умовы ў ШІЗА?

– Вельмі халодна. З рэчаў у мяне быў толькі кухонны ручнік. Ім можна было накрывацца ці спаць на ім. Уначы ад холаду было немагчыма заснуць. Таму кожныя паўгадзіны я бегала на месцы. Магчыма, гэта пагоршыла сітуацыю з суставамі.

На 9 дзень адна з дзяжурных запыталася – а чаму вы не папрасілі целагрэйку на ноч? Аказваецца, так можна было, і толькі на 9 дзень мне пра гэта сказалі. Я была вельмі шчаслівая з целагрэйкай – засоўвала ногі ў рукавы, было нарэшце цёпла. Але целагрэйку яны могуць і не даць. Мае апошнія 6 содняў у ШІЗА ў верасні 2021 года былі за тое, што, калі было халодна, я апранула спадніцу пад сукенку. Яе не было бачна, аднак яны паднялі сукенку і загадалі зняць спадніцу. Я адмовілася. За гэта мне далі 6 содняў. Дык вось тады ў карцары мне не далі целагрэйку.

Затрыманне Наталлі Хершэ на маршы ў Менску. 19 верасня 2020 года.
Фота: Белсат

Калі пасля маёй наступнай адмовы шыць форму мяне пакаралі ПКТ, а не ШІЗА, гэта быў проста рай. Я там спала на матрацы, у мяне была падушка, коўдра. І няхай удзень гэта ўсё забіралі, і нару прышпільвалі да сцяны.

– Як выглядала жыццё ў Магілёўскай турме ў параўнанні з калоніяй?

– Гэта была чарговая вельмі значная палёгка. Калі мне на адной з камісіяў паведамілі, што мяне накіроўваюць у Магілёў, я шчыра падзякавала. Бо Гомель быў суцэльным пеклам. Там столькі стрэсу, колькі не можа вытрымаць адзін чалавек. І яго ствараюць наўмысна. Робяць так, каб у людзей не было часу проста гарбаты папіць, каб пасля працы быў выбар – папіць гарбаты ці памыцца. І трэба паспець за 15 хвілін, бо калі ты не будзеш у ложку пасля каманды «адбой», гэта парушэнне.

Артыкулы
«Яна на ўсё глядзіць з аптымізмам». Брат Наталлі Хершэ – пра перавод сястры ў магілёўскую мужчынскую турму
2021.09.28 19:40

У Магілёве я была адна ў шасцімясцовай камеры. Для мяне гэта былі люкс-умовы пасля Гомля. Можна было рабіць зарадку. У калоніі я магла рабіць яе толькі ў ПКТ, у атрадзе было немагчыма.

Працаваць не трэба было, было дастаткова вольнага часу. Я чытала кнігі, вучыла вершы. Маляваць не магла – у мяне забралі вастрылкі, сціркі, зрабілі ўсё, каб я не малявала.

Таксама я амаль адразу атрымала вымову. Я купіла сыр, марскую капусту і захоўвала ўсё гэта за вакном. А дзе яшчэ, калі няма лядоўні? А аказалася, што трымаць за вакном – гэта парушэнне.

«З турмы адвезлі ў віп-залу аэрапорту, з яе ж за гадзіну да мяне вылятаў Лукашэнка»

– Ці стала вызваленне сюрпрызам для вас, ці вы прадчувалі, што гэта можа здарыцца?

– Я зусім не чакала. Спачатку я часта думала, што нейкія падзеі, якія адбываліся, магчыма, звязаныя з маім хуткім вызваленнем. Але надзеі не спраўджваліся, і я ўжо баялася спадзявацца. Думала, што мо можна нечага чакаць пасля рэферэндуму, як мне, так і іншым палітвязням. Аднак 18 лютага ніяк не чакала.

– Як гэта ўсё адбывалася?

– Я заўсёды падымаюся па будзільніку. А некаторыя любяць яшчэ паляжаць пасля сігналу «пад’ём», і таму дзяжурныя праходзяць, глядзяць у вочкі і загадваюць уставаць. 18 лютага я ўжо ўставала, калі пачула вар’яцкі стук у дзверы, аж спужалася, думала, што здарылася. Крык – пад’ём. Я ўстала, заслала ложак. Праз дзве хвіліны мне прынеслі сняданак са словамі – 5 хвілін, каб паснедаць, і 5 хвілін, каб сабраць рэчы. Тады я ўсё зразумела.

Hавiны
«Дай Бог усім зняволеным выйсці з такой годнасцю». Брат Наталлі Хершэ – пра сустрэчу сястры на волі
2022.02.18 14:45

Хуценька сабралася. Мяне павялі ў пакой дагляду. Там і забралі дзённік. Потым пасадзілі ў бус, у якім былі яшчэ тры чалавекі і кіроўца. Зайшла прадстаўніца адміністрацыі турмы, зачытала ўказ прэзідэнта ад 17 лютага аб маім памілаванні, вытрымала паўзу, чакаючы маёй рэакцыі, на што я сказала – выдатна. Уручыла мне канверт з грашыма, якія ў мяне былі на рахунку ў турме. І мы паехалі.

Сваё вызваленне я ўяўляла інакш – што адкрыюць браму, я выйду, мяне там сустрэнуць, і я паеду да брата ў Маладзечна, яшчэ тыдзень правяду ў Менску, манікюр зраблю, схаджу ў цырульню, нешта куплю і палячу ў Швейцарыю. Але ўжо ў бусе я зразумела, што мы накіроўваемся ў бок аэрапорту. А я ў целагрэйцы, сіняй робе, думаю – як я палячу ў такім выглядзе?

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Гомельская жаночая калонія.
Фота: Белсат

У аэрапорце мяне правялі ў віп-залу. Там я сустрэлася з братам і амбасадаркаю Крыстынэ Гонэгер (Christine Honegger Zolotukhin). Што цікава – за гадзіну перад гэтым з гэтай жа віп-залы ў Маскву вылятаў Лукашэнка.

«Я ні пра што не шкадую»

– Як, на ваш погляд, беларускія турмы змяняюць чалавека?

– Робяць яго больш жорсткім і выклікаюць пратэст. Толькі абвастраюць тое, з чым яны пакліканыя змагацца. Турма не выпраўляе чалавека, а робіць з яго жывёлу. Там можна толькі працаваць, есці, выконваць тое, што табе скажуць. Думаць і выказваць сваё меркаванне забаронена.

Артыкулы
Наталля Хершэ прыляцела ў Швейцарыю
2022.02.18 21:14

У той жа час зняволенне не зламала мяне, хоць холад і жахлівае харчаванне падарвалі здароўе. Са снежня я адмовілася набываць харчы ў краме, бо мне не было дзе іх захоўваць. Два з паловай месяцы я ела толькі турэмную ежу. Тэма харчавання была асноўнай маёй прэтэнзіяй да адміністрацыі турмы, бо яно не адпавядала ніякім нормам. Напрыклад, раніцай давалі разбаўленую кашу. У кашы менш крупы, чым яе павінна быць. Калі варыцца сечка ці ячка, там крупы замяняюцца на муку. У стравах з гарохам не было гароху. Мне казалі: ён разварваецца, таму вы яго не бачыце. Але там нават смаку гароху не было. Ён выпарыўся?

З 1 снежня я страціла каля 2 кілаграмаў. Напрыканцы кастрычніка я важыла 54,7 кг, а цяпер – 52. За ўвесь час зняволення страціла 6 кілаграмаў. Мая нармальная вага была 58 кілаграмаў.

– Ці змянілі вас гэтыя 17 месяцаў?

– Так. Я выйшла на волю з вялізным багажом высноваў пра сябе і іншых людзей. Гэтыя высновы такія значныя для мяне, так шмат каштуюць, што я ў нейкім сэнсе нават удзячная за тое, што ў мяне быў гэты час, і я змагла паглядзець на сябе і сваё жыццё, якое цяпер успрымаю інакш, чым раней. Каб гэта зразумець, трэба было сесці. Я не шкадую ні пра тое, што я зрабіла, ні што правяла гэты час у турме.

Палітзняволеная Наталля Хершэ пасля вызвалення.
Фота: Ignazio Cassis / Twitter

А яшчэ адзін каштоўны здабытак – я пазнаёміліся з вялізнай колькасцю цудоўных людзей. Я марыла, каб у мяне было больш сяброў – цяпер яны ў мяне ёсць па ўсім свеце.

Наталля Хершэ нарадзілася ў Беларусі, у Воршы, 20 кастрычніка 1969 года. У 1992 годзе скончыла БДЭУ. Працавала бухгалтаркай. Амаль 15 гадоў таму з’ехала ў Швейцарыю. З цягам часу атрымала там грамадзянства. Захавала пры гэтым і беларускае.

Наталлю затрымалі на Бліскучым маршы ў Менску 19 верасня 2020 года. Яе абвінавацілі паводле арт.363 КК РБ – «Супраціў супрацоўніку міліцыі ці іншай асобе, якая ахоўвае грамадскі парадак». Суддзя Сяргей Шаціла пакараў Хершэ двума з паловай гадамі пазбаўлення волі.

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў