Мінабароны Украіны пра перспектыву нападу з Беларусі: «Гэта смешна»


Міністр абароны Украіны Аляксей Рэзнікаў на брыфінгу папрасіў медыі «не наганяць паніку», перадае Укрінформ.

Украіна адмаўляецца ехаць у Менск на перамовы Трохбаковай кантактнай групы ў пытаннях Данбасу. Аляксей Рэзнікаў.
Фота: «Народная правда»

Рэзнікаў так ацаніў сітуацыю на поўначы Украіны і расейскія войскі ўздоўж мяжы:

«Мы праводзім прагназаванне па ўсіх сцэнарах. Сярод іншых, мы разглядалі і сцэнар, што Расея паспрабуе літаральна атачыць Украіну сваймі войскамі ад Берасця да Таганрогу па сушы, на двух морах і ў часова акупаваным Крыме. І пазначыць актыўнасць на часова акупаванай частцы Малдовы – у Прыднястроўі. Таксама чакалася, што РФ на фоне гэтага зладзіць абвастрэнне на ўсходзе Украіны. І ўсё гэта будзе суправаджацца іншымі спосабамі ціску: кібератакамі, мінаваннем цывільных аб’ектаў, спробамі арганізаваць беспарадкі на розных падставах і гэтак далей. Мэта гэтых дзеянняў – расхістаць Украіну знутры і прымусіць да капітуляцыі. Каб мы змянілі палітычны курс і адмовіліся ад еўрапейскай і еўраатлантычнай інтэграцыі ды перспектывы і ў выніку страцілі незалежнасць. Цяпер гэты сцэнар спрабуюць зрэалізаваць».

Міністр падкрэсліў, што цяпер каля межаў Украіны стаіць 127 тыс. расейскіх вайскоўцаў наземнага кампаненту і яшчэ 20 тыс. вайскоўцаў марскога і авіяцыйнага кампанентаў, украінскі бок тройчы склікаў паседжанне трохбаковай кантактнай групы, і тройчы расейцы адмаўляліся ад удзелу.

Пры гэтым Рэзнікаў адказаў крытыкам, якія абвінавачваюць яго ў змяншэнні пагрозы. На ягоную думку, расейскія войскі не сфармавалі каля межаў Украіны дастаткова сілаў для поўнамаштабнага нападу. Міністр упэўнены:

«Як нехта расказвае, што будзе напад на Кіеў з беларускага боку, – прабачце мне, гэта смешна гучыць.

А вось пагражаць нам, палохаць нас, ствараць сітуацыю, як быццам атачылі нас з усіх бакоў, – так, гэта працуе. Таму пачаліся і вучэнні ў Прыднястроўі, каб мы напружыліся, адцягвалі нашыя рэсурсы, расфакусаваліся. Яшчэ раз паўтару: ВСУ гатовыя да любога сцэнара, у нас усё пралічана, паверце, мы на месцы не сядзім».

Тым часам міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін заявіў, што праверка сілаў рэагавання Саюзнай дзяржавы будзе працягнутая ў сувязі з «нарастаннем вайсковай актыўнасці каля вонкавых межаў Саюзнай дзяржавы і абвастрэннем сітуацыі на Данбасе».

Hавiны
Расейскія войскі застаюцца ў Беларусі. «Прынятае рашэнне працягнуць праверку сілаў рэагавання Саюзнай дзяржавы»
2022.02.20 13:33

МГМ, belsat.eu

Стужка навінаў