«Галоўнае захаваць рынак, а не падлічыць страты». Што будзе з кантрактамі «Беларуськалію»


Прэм’ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка ў эфіры «Беларусь-1» распавёў пра поспехі ў эканоміцы і новыя магчымасці экспарту беларускага калію. Паводле прэмʼера, нашая краіна ўжо нават пачала пастаўкі калійных угнаенняў у Кітай чыгункаю. Эксперты ў размове з «Белсатам» кажуць, што насамрэч транспартаванне чыгункаю ўгнаенняў – гэта намаганне захаваць рынкі збыту, нягледзячы нават на некаторыя страты.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Scanpix / delfi.lt

Беларусь пачала пастаўляць калійныя ўгнаенні ў Кітай чыгункаю, распавёў прэмʼер-міністр нашай краіны Раман Галоўчанка.

«Калій паедзе ў іншы бок. Ён ужо едзе. Украіна і Расея – гэта што датычыць марскіх перавозаў. У асноўным ён ідзе ў Расею. Ёсць і чыгуначныя перавозкі ў напрамку Кітаю», – распавёў Раман Галоўчанка.

Даведка

«Беларуськалій» займае больш чым 20 % сусветнай вытворчасці калійных угнаенняў. Звычайна нашая краіна на рынку першай заключала кантракты з Індыяй ці Кітаем, і гэта было маркерам кошту ўгнаення ў свеце, для спотавых рынкаў. Сёлета ж сітуацыя на гэтым рынку характарызуецца істотным ростам коштаў.

Паводле выдання ARGUS.com кантрактныя абʼёмы хлорыстага калію з пастаўкай да канца бягучага года ў Індыю і Кітай падаражэлі да $ 590 за тону. Паводле папярэдніх дамоваў, кошты складалі для Індыі $ 445 за тону, а Кітай набываў угнаенні за $ 247 за тону. І калі сёння Беларусь зробіць істотную зніжку для галоўных спажыўцоў калію, то гэта будзе даволі балюча для астатніх гульцоў гэтага рынку, лічыць эканамічны аглядальнік Таццяна Манёнак.

«Я не думаю, што гэта будзе не зусім правільны крок беларускай кампаніі, але мы ж сёння разумеем, што калій – вельмі важная крыніца паступлення валюты для бюджэту. Як я разумею, што будуць максімальна шукаць магчымасці, каб захаваць экспарт і захаваць долю на рынку», – кажа Таццяна Манёнак.

Прычым магчымасці шукаюць нягледзячы на страты і мінімальныя заробкі на продаж сыравіны. Пастаўкі чыгункаю ў Кітай – надзвычай дарагія. Існуе верагоднасць, што Масква нейкім чынам падтрымае беларускі бок.

Прадукцыя, якую вырабляе трэцяе рудаўпраўленне ААТ «Беларуськалій».
Фота: kali.by

«Менск будзе прасіць у Масквы дадатковыя зніжкі за карыстанне чыгункай. Але за апошнія гады кошты на калій значна выраслі, таму страты беларускі бок можа скампенсаваць. Але страты ўсё роўна будуць», – лічыць Таццяна Манёнак.

Беларусь геаграфічна размяшчаецца вельмі зручна. Транзіт і экспарт з нашай краіны магчымыя ў любы пункт свету. Але санкцыі ЗША і краінаў Захаду прадэманстравалі, што выгаднае геапалітычнае становішча ў выніку транспартнай блакады застаюцца непераадольнай праблемай. Літва з 1 лютага адмовілася перавозіць беларускія ўгнаенні. Афіцыйны Менск пасля гэтага неаднаразова агучваў пагрозы ў бок гэтай краіны. Адзіны хаўруснік беларускіх уладаў – Крэмль. Але магчымасцяў Расеі для адгрузкі беларускага калію не існуе. Прэм’ер-міністр раней пераконваў, што беларускі калій пойдзе праз парты ў Мурманску ці Санкт-Пецярбурзе. Нашая краіна пастаўляла праз Літву 10–11 млн тонаў угнаенняў за год.

Аб’ектыў
Yara пакідае Беларусь
2022.01.10 21:46

У Расеі «Уралкалій», а таксама такія кампаніі, як «Фосагро» і «Акрон», адгружаюць на Балтыйскім тэрмінале па 7,5 млн тонаў угнаенняў за год. У двух партах Чорнага мора каля 5 млн тонаў грузаў за год адгружаюць «Транснефть» і «Еўрахім».

Вытворца мінеральных угнаенняў «Ультрамар» плануе да канца бягучага года экспартаваць праз порт Усць-Лугу да 12 млн тонаў грузаў. «Еўрахім» таксама сёлета плануе запусціць у гэтым порце тэрмінал на 6 млн тон адгрузкі ўласнай прадукцыі. Месца для канкурэнта ў выглядзе «Беларуськалію» тут няма. Будаваць свой порт – надзвычай дарагая інвестыцыя. Да таго ж накіраваць сюды грузы чыгункаю будзе даволі дорага і складана. Зрэшты, цяпер размоваў пра выкарыстоўванне расейскіх партоў практычна і няма.

Вагон кампаніі «Беларуськалій». Клайпеда, Літва. 11 жніўня 2021 года.
Фота: Белсат

Перавоз калійных угнаенняў чыгункаю тэарэтычна магчымы і ў Індыю, разважае Таццяна Манёнак. Але, на думку эксперта, даволі складана ўявіць сабе, наколькі гэта будзе рэнтабельна. Тут трэба разумець, што цяпер галоўная мэта для беларускага боку – захаванне рынку, а не падлік стратаў. Часткова страты кампенсуюцца праз рост коштаў. Але калі дэмпінгаваць пачне беларускі бок, то складанасці могуць узнікнуць для іншых гульцоў рынку.

А іншыя гульцы на рынку ўжо заявілі пра сябе. Раней «Уралкалій» ужо агучыў, што можа павялічыць пастаўкі калію. Але становішча расейскай кампаніі таксама не зусім пэўнае, паколькі праз пагрозу вайны ва Украіне краіны Захаду могуць увесці санкцыі, якія закрануць і гэтую сферу. Такая сітуацыя не зусім падабаецца расейскім вытворцам, якія нават цяпер не жадаюць дапамагаць беларускім прадпрыемствам. У прыватнасці «Уралкалій» і «Урахім» не хочуць ахвяраваць сваёй рэпутацыяй ва ўмовах санкцыяў супраць Беларусі.

Адметна, што пра павелічэнне сваіх магутнасцяў агучылі і канадскія вытворцы. «Nutrien Ltd», найбуйнейшая ў свеце здабыча калійных угнаенняў, можа павялічыць вытворчасць да 29 %. У кампаніі лічаць, што санкцыі супраць канкурэнтаў зʼяўляюцца доўгатэрміновымі і маюць намер перазапусціць да 4 млн тонаў непрацоўных гадавых магутнасцяў бліжэйшымі гадамі.

Hавiны
Канада гатовая замяніць беларускі калій сваім
2022.02.17 10:55

Раман Галоўчанка ў эфіры беларускага тэлеканалу распавядаў таксама і пра экспарт калію праз Украіну. Сапраўды, магчымасці ёсць. Але і яны абмежаваныя. Гадоў 10 таму ва Украіне актыўна працаваў тэрмінал «Нікатэра», праз які транспартаваліся калійныя беларускія ўгнаенні ў Кітай і Індыю.

«Праўда, апошні час аб’ёмы транспартавання праз Украіну былі адносна невялікія. Паколькі афіцыйны Кіеў забараніў чыгунцы транспартаванне беларускага калію. Але пакуль там існуюць магчымасці і транспартаванне вядзецца», – кажа Таццяна Манёнак.

Пастаўкі ўгнаення праз Украіну на сёння для Беларусі найбольш танныя. Але існуе пагроза поўнай забароны на транзіт праз украінскую тэрыторыю. З 16 лютага Украіна спыніла транзіт беларускіх калійных угнаенняў у краіны Еўропы і СНД.

Аб’ектыў
Украіна спыніла транзіт беларускіх калійных угнаенняў
2022.02.16 22:26

РК belsat.eu

Стужка навінаў