Аляксандр Апейкін: «Наступная Алімпіяда можа прайсці без Беларусі і Расеі»


Беларусь паказала найгоршы вынік выступаў на зімовых алімпіядах. Не паводле колькасці заваяваных медалёў, а паводле набраных пунктаў у неафіцыйным камандным заліку. Ніжэй за 24-е месца нашыя прадстаўнікі яшчэ не апускаліся.

Вынікі Гульняў для «Белсату» каментуе выканаўчы дырэктар Беларускага Фонду спартовай салідарнасці Аляксандр Апейкін.

Александр Опейкин, директор Белорусского фонда спортивной солидарности в студии Белсата
Аляксандр Апейкін, дырэктар Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці, ў варшаўскай студыі «Belsat TV». Варшава, Польшча. 21 кастрычніка 2020 года.
Фота: Белсат

– Ці такое вялікае значэнне набывае лічба медалёў? Якой была гэтая Алімпіяда для беларускіх спартоўцаў, калі ацэньваць знешне?

– Мне падаецца, што трэба глядзець на дзве Алімпіяды: якая была ў Токіа і на Пекінскую. Бо мы павінныя прасачыць за нейкай тэндэнцыяй, якая адбываецца ў беларускім спорце. І зараз бачым, што ў гэтай галіне найбліжэйшым часам нас чакае сурʼёзны заняпад. Але нашая задача данесці гэтую сітуацыю да ўсіх спартоўцаў Беларусі. Калі б гэта былі два медаля на тле ўздыму, на тле пазітыву – гэта адная сітуацыя, а калі мы маем іх – як збаўленне, то гэта зусім іншае, тое, што зусім не цешыць. Такую малую колькасць медалёў на папярэдняй Алімпіядзе і на цяперашняй – трэба разглядаць не як правал спартоўцаў, а як правал дзяржаўнай палітыкі.

– Ганна Гуськова ні ў адным сваім каментары не падзякавала ні Мікалаю Казеку, ні ўзгадала сваю былую сяброўку па камандзе Аляксандру Раманоўскую. Гэтыя імёны сталі ўжо забароненымі для афіцыйнага відэа на Беларусі?

– Відавочна, што былі нейкія абставіны, якія сапраўды не дазволілі ёй гэтага зрабіць. Трэба разумець, што спартоўцы ўвогуле здзейснілі вельмі вялікі крок адносна сябе, адносна сваёй пазіцыі. І зараз такая сітуацыя, калі шмат людзей, нават вядомых спартоўцаў разумеюць, што іх родныя, якія зараз у Беларусі, фактычна знаходзяцца ў закладніках. І трэба з нейкімі выказваннямі, з нейкімі ўчынкамі быць асцярожнымі. Ніхто не жадае нашкодзіць сваякам. Улады могуць націснуць на гэтых людзей. Лукашэнка на ўсё здольны.

Беларуская фрыстайлістка Ганна Гуськова на Алімпійскіх гульнях у Пекіне.
Фота: noc_belarus

– Падчас Алімпіяды мы атрымлівалі вельмі сціслую інфармацыю ад Нацыянальнага Алімпійскага камітэту. Штосьці ўвогуле ўтойвалі. Чаму?

– Я думаю, што працавалі так, як дазваляе прафесіяналізм. Менавіта ў тым блоку НАК РБ, дзе працуюць з піярам, з медыя. Бо гэта таксама прафесійная праца паказваць спорт як найцікавей для шырокай аўдыторыі. І зараз такіх людзей-майстроў амаль не засталося ў прысістэмных арганізацыях. А ўзгадаем тыя пакаяльныя відэа. Я не думаю, што гэта рабілася з мэтаю кагосьці абразіць, прынізіць. Проста вось такі камунікацыйны ляп. У нейкім паўцёмным цесным пакойчыку з абавязковымі адным ці двума чырвона-зялёнымі сцягамі і абавязкова партрэтам Лукашэнкі. А на тле кадыраўскага кшталту відэа затрыманых, людзі менавіта як гвалт гэта і ўспрымалі і, збольшага, не ставіліся сурёзна, не надта ўслухваліся ў тое, што тлумачаць спартоўцы, а ў першую чаргу іх шкадавалі.

– Калі казаць пра медалі, то з прагназаваных у нас толькі адзін – у фрыстайлісткі Ганны Гуськовай. Срэбра Смольскага менавіта ў індывідуальнай гонцы не было ні запланаванае, ні чаканае…

– Агулам Беларусь заняла 24-е месца ў неафіцыйным камандным заліку. З пункту гледжання міністра спорту Кавальчука гэта можа выглядаць як топ-25 у кампаніі 91-й заяўленай зборнай. Паводле іншых ацэнак – гэта, усё ж, толькі сярэдзіна трэцяга дзясятка, і толькі 24-е месца сярод 27-мі краінаў, прадстаўнікі якіх заваявалі медалі. І гэта найгоршае месца за ўвесь час выступаў беларусаў на зімовых Алімпіядах! Хаця, мы памятаем, што ў Солт-Лэйк-Сіці – 2002 і ў Турыне – 2006 у нас было ўвогуле па адным (адпаведна бронзавым і срэбным) медалі, але там агульныя месцы былі вышэйшыя, бо брала ўдзел меншая колькасць краінаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. 3 ліпеня 2021 года.
Фота: Белсат

– Пасля выбараў быў складзены спіс спартоўцаў, якія выступілі супраць гвалту і беззаконня. Але праз некалькі месяцаў і міністэрства склала свой спіс, любым чынам заносіўшы туды як мага больш людзей, якія хоць нейкім чынам звязаныя са спортам ці спартовымі арганізацыямі. І Кавальчук (міністр спорту і турызму) свайго дамогся. Налічылі подпісаў у два разы болей, чым у вольнага аб’яднання спартоўцаў. Як гэта ўплывае на агульную карціну развіцця галіны?

– Цяпер відавочна, што агульны ўзровень спартоўцаў сёння саступае такому ж у папярэднікаў. Спорт прафесійны – гэта вялікая індустрыя і ніякае ручное кіраванне дзяржавы тут не павіннае дамінаваць. Бо патрэбныя вялікія грошы, вялікія сродкі. А мы чуем толькі, што дзяржава забяспечыла ўсім неабходным. Але які адсотак «неабходнасці» для саміх спартоўцаў – мы не ведаем. Нам гэта не кажуць. Але не сумняюся, што павінныя быць зусім іншыя абставіны для падрыхтоўкі, іншыя варункі маральна-псіхалагічныя, пэўнае асяроддзе павінна быць і агульная атмасфера ў краіне.

Калі ўсё гэта памнажаецца на працу адмыслоўцаў, на выдаткі спонсараў, на сучасныя навуковыя распрацоўкі, на ўсеагульную падтрымку насельніцтва – усё адназначна больш відавочна расквітнее. Але ў Беларусі (у тым ліку і ў спорце) проста выкрэсліваюць, выключаюць любую індывідуальнасць. То бок самастойнай асобы там быць не павінна. І спартоўцы прызвычаіліся, што яны не з’яўляюцца нейкімі адзінкавымі асобамі, якія могуць на нешта паўплываць.

– Пагроза ваеннага канфлікту можа неяк уплываць на будаванне планаў развіцця спорту ў будучым?

– Канечне. За будучае спорту можна ўжо зараз хвалявацца. Бо гэта будзе нейкая новая сусветная канфігурацыя. Іншае стаўленне да краінаў, якія ініцыююць гэты канфлікт, развязваюць канфрантацыю, спакушаюцца на вайсковую агрэсію. Супраць іх абавязкова будуць уведзеныя санкцыі. А Беларусь, напрыклад, не Расея. Яна стане яшчэ бяднейшай. І на спорт будуць выдаткоўвацца яшчэ меншыя сродкі.

То бок, зараз можам няхай пакуль асцярожна, але ўжо можна задавацца пытаннем: а ці будзе наагул Беларусь прысутнічаць на наступнай Алімпіядзе ў Парыжы. Ды ці будзе самая гэтая Алімпіяда для Беларусі і Расеі. Краіны, якія ўдзельнічаюць у агрэсіі, могуць не дапусціць да Гульняў. Няхай гэта пакуль выглядае, як сумны жарт, але выклікі вельмі сурёзныя. Неяк мы ўсё бліжэй да пераўтварэння падобнай сітуацыі ў сапраўдную рэчаіснасць.

АП belsat.eu

Стужка навінаў