Стартуе маштабны праект навучання беларускай мове ў прафесійнай дзейнасці


«Мова прафесіі».
Фота: з прэс-рэлізу

Платформа say.by супольна з Цэнтрам ведаў CLARIN для апрацоўкі беларускіх тэкстаў і маўлення (K-BLP), Інстытутам мовазнаўства імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук, «ActiveCloud» і «Арт Сядзібай» рыхтуецца запусціць маштабны тэхналагічны праект «Мова прафесіі» для аўтаматызаванага навучання камунікацыі на беларускай мове ў пэўнай прафесійнай сферы.

Праграма дазволіць патрэнавацца, папрактыкавацца і пацвердзіць веды размоўнай беларускай мовы сваёй прафесіі ды нават атрымаць сертыфікат, падобны да тых, што існуюць для замежных моваў (аналаг TOEFL, IELTS, PTE).

Праект накіраваны на ўкараненне беларускай мовы ў карпаратыўную культуру, каб супрацоўнікі кампаніяў выдатна разумелі родную мову, а яшчэ лепш – гаварылі па-беларуску з кліентамі кампаніі ды часцей карысталіся ёю ў стасунках з калегамі.

Мабільны дадатак даволі лёгка і зручна выкарыстоўваць пры навучанні. Заданні не вельмі складаныя і больш арыентаваныя на вывучэнне канкрэтных выразаў у адпаведных сферах дзейнасці. Напрыклад, трэба зачытаць услых кароткі тэматычны тэкст на беларускай мове ці апісаць па-беларуску карцінку.

«Мова прафесіі».
Фота: з прэс-рэлізу

Для атрымання вынікаў выкарыстоўваюцца тэхналогіі штучнага інтэлекту – нейронавыя сеткі, якія будуць узбагачацца тысячамі гадзінаў беларускіх тэкстаў, начытаных валанцёрамі для ўзору правільнасці вымаўлення.

«Калі прадпрыемствы Беларусі возьмуць на сябе адказнасць за беларускую мову, а мы, з нашага боку, створым неабходныя інструменты, як найлепшым чынам інтэграваць беларускую мову ў працэсы кампаніі, мы зможам атрымаць вялікі скачок у пашырэнні ўжывання жывой беларускай мовы. Выйсці на якасна новы ўзровень.

Акрамя таго, гэта штуршок у развіцці навукі ў распазнаванні беларускай размовы, нездарма мы робім гэты праект разам з Цэнтрам ведаў CLARIN па апрацоўцы беларускіх тэкстаў і маўлення (K-BLP). Для бясспрэчнай правільнасці падыходу ў ацэньванні будзе задзейнічаны Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі – найлепшыя эксперты ў беларускай мове.

А самая галоўная асаблівасць праекту – гэта грунтоўнасць, своечасовасць і надзвычайная каштоўнасць для нашай краіны!» – кажа кіраўнік праекту Аляксандр Шастаковіч.

Аб падтрыманні праекту вядуцца перамовы з буйнымі кампаніямі з банкаўскай сферы, рытэйлу, тэхналогіяў, галіны сувязі. Да праекту ўжо далучыліся піваварная кампанія «Аліварыя», «ActiveCloud», «Jet BI», кавярня «Шпаркі Лось», стаматалагічная лякарня «Глорыя» і некаторыя іншыя.

Кампаніі, якія ўжываюць беларускую мову ў камунікацыі, атрымаюць лаяльнасць сваіх спажыўцоў і канкурэнтную перавагу. Акрамя таго, падтрыманне роднай мовы – гэта яркі прыклад карпаратыўнай сацыяльнай адказнасці.

Падтрымаць стартап могуць беларускія кампаніі, а таксама неабыякавыя людзі, якія хочуць зрабіць яго рэальным не толькі для сваёй прафесіі, але і для ўсёй краіны ўвогуле.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў