«Хочацца, каб гэтае свята ў будучыні стала афіцыйным»: гарадзенцы напісалі ўжо 14-ю па ліку беларускую дыктоўку


Дыктоўка ў Горадня. 21 лютага 2021 г.
Фота: СП / Белсат

21 лютага, у Дзень роднай мовы, у Горадні прайшла традыцыйная, 14-я па ліку беларуская дыктоўка.

У гэтым годзе з-за пандэміі было вырашана правесці дыктоўку онлайн. З ідэяй прачытаць тэкст дыктоўкі гарадзенскія актывісты звярнуліся да Святланы Ціханоўскай, якая адразу ж падтрымала гэтую ініцыятыву. Але гарадзенцы мелі магчымасць таксама пісаць дыктоўку і офлайн – праўда, у абмежаванай колькасці. На ўтульнай пляцоўцы Цэнтру гарадскога жыцця сабраліся каля 30 гарадзенцаў, якія разам з усімі беларусамі пісалі ўрывак з твора Уладзіміра Караткевіча «Зямля пад белымі крыламі».

Онлайн да дыктоўкі далучылася больш за 30 тысяч беларусаў: трансляцыя адбывалася на ютуб-канале Святланы Ціханоўскай і ў прамым эфіры «Белсату». Беларусы ў сацсетках выкладваюць напісаныя тэксты і віншуюць адзін аднаго са святам.

У Цэнтры гарадскога жыцця цягам сённяшняга дня працавала адмысловая фотазона. Кожны жадаючы мог прыйсці і атрымаць фотаздымак ад гарадзенскага фатографа. Таксама гарадзенцы атрымлівалі ў падарунак магніты і асадкі да Дня роднай мовы.

Анастасія з сынам Раманам.
Фота: СП / Белсат

«Я ўпершыню пішу дыктоўку. І я вельмі рада, што сын захацеў пайсці разам са мной. Яму толькі восем гадоў, але за апошнія паўгады ён стаў шчырым беларусам. Мы і раней чыталі кніжкі па-беларуску, але больш асэнсавана ставіцца да мовы ён стаў менавіта зараз. Раней у нас было правіла, што адзін дзень на тыдзень мы размаўляем па-беларуску. А цяпер сын прапанаваў толькі адзін дзень на тыдзень размаўляць па-руску, у астатнія дні – па-беларуску. Радасна, што зараз у жыцці стала больш людзей, з якімі можна размаўляць па-беларуску», – дзеліцца сваімі ўражаннямі адна з удзельніц дыктоўкі Анастасія, якая прыйшла разам з сынам Раманам.

Дыктоўка ў Горадні. 21 лютага 2021 г.
Фота: СП / Белсат
Ларыса Ліс, гарадзенка, філолаг.
Фота: СП / Белсат

«Вельмі хацелася спрычыніцца да свята роднай мовы. Фармат дыктоўкі яднае – на ўзроўні сям’і і краіны, на ўзроўні ўсіх беларусаў, у тым ліку з замежжа», – кажа гарадзенка Вольга, якая ўдзельнічала ў дыктоўцы разам з мужам і сынам.

«Хочацца, каб гэтае свята ў будучыні стала афіцыйным, і каб мы на дзяржаўны ўзроўні кожны год пісалі беларускую дыктоўку», – дадаў сын гарадзенкі Кастусь.

Дыктоўка ў Горадні. 21 лютага 2021 г.
Фота: СП / Белсат
Дыктоўка ў Горадня. 21 лютага 2021 г.
Фота: СП / Белсат

21 лютага Арганізацыя Аб’яднаных Нацыяў святкуе Міжнародны дзень роднай мовы. Летась, калі пачалася Беларуская рэвалюцыя, не толькі беларусы даведаліся больш самі пра сябе і сваіх сяброў, сваякоў, калегаў і суседзяў, але і ўвесь свет пачуў пра Беларусь. З гэтай нагоды карэспандэнты «Белсату» таксама падрыхтавалі беларускую Азбуку пратэсту – ад А да Я.

Артыкулы
Азбука пратэсту. Галоўныя словы беларускай рэвалюцыі
2021.02.21 08:10

СП belsat.eu

Стужка навінаў