197 дзён пратэстаў. Дыктоўка да Дня роднай мовы, улады краіны вызначылі 30 тысячаў асобаў, схільных да экстрэмізму


Паслявыбарчыя пратэсты ў Беларусі працягваюцца 197 дзён. Сёння беларусы не толькі выйшлі на традыцыйныя дваровыя маршы, але і адзначалі Дзень роднай мовы. Падрабязней у аглядзе «Белсату».

Дыктоўка ад Ціханоўскай

Святлана Ціханоўская зладзіла агульнанацыянальную дыктоўку. Акцыя прымеркаваная да Дня роднай мовы, які адзначаецца 21 лютага.

Святлана Ціханоўская зачытала нацыянальную дыктоўку ў адмысловым стрыме на YouTube-канале палітыка.

«Кожны жадаючы можа далучыцца да акцыі, зрабіць фота свайго аркуша з дыктоўкай і адзначыць Святлану Ціханоўскую. Давайце пакажам адно аднаму, як беларусы шануюць матчыну мову!» – адзначае прэс-служба Святланы Ціханоўскай.

Гарадзенцы пішуць дыктоўку.
Фота: Белсат

Беларусаў павіншавалі з Днём роднай мовы

«З нагоды Міжнароднага дня роднай мовы мы папрасілі дыпламатаў ЕЗ, Вялікай Брытаніі, Швейцарыі, ЗША і Японіі абраць беларускія словы, якія ім найбольш даспадобы, на якія найбольш адгукаецца сэрца гэтымі днямі», – гаворыцца ў Facebook-паведамленні прадстаўніцтва Еўрапейскага Звязу.

Украінскія міністры асудзілі пераслед журналістаў

Міністр замежных справаў Украіны Дмытро Кулэба і міністр культуры і інфармацыйнай палітыкі Аляксандр Ткачэнка асудзілі пераслед журналістаў у Беларусі. Супольная іх заява была апублікаваная 21 лютага.

«Увесь дэмакратычны свет прызнае СМІ чацвёртай уладай і не ўмешваецца ў іх прафесійную дзейнасць. Напад на свабоду слова, жыццё і здароўе журналістаў у Рэспубліцы Беларусь адкрыта парушае гэтыя асноўныя прынцыпы», – гаворыцца ў заяве.

Hавiны
Міністры Украіны асудзілі пераслед журналістаў у Беларусі
2021.02.21 14:49

Паводле міністраў, Украіна далучаецца да міжнароднай супольнасці ў асуджэнні дзеянняў беларускіх уладаў супраць СМІ.

Пры гэтым высокія чыноўнікі выказалі «асаблівую занепакоенасць» з прычыны «разбуральнай дзейнасці Расеі», «якая з выкарыстаннем сваёй арміі прапагандыстаў цалкам узурпавала інфармацыйную прастору Беларусі, пазбавіўшы беларусаў права на свабодны доступ да розных крыніц інфармацыі».

Ціханоўская лічыць санкцыі ЕЗ недастатковымі

Святлана Ціханоўская распавяла, што краіны Захаду мусяць «спыніць фінансаванне рэжыму Лукашэнкі» і ўвесці новыя санкцыі супраць чыноўнікаў і суддзяў».

«Пад санкцыямі знаходзяцца ўсяго 90 чалавек. Гэта насмешка, і рэжым Лукашэнкі смяецца», – заявіла Святлана Ціханоўская.

Былы кандыдат на прэзідэнцтва заклікала краіны Захаду падтрымаць незалежныя медыі, праваабаронцаў і страйкоўцаў.

«Быў вельмі важны той факт, што міжнародная супольнасць не стала прызнаваць Лукашэнка законным пераможцам на выбарах. Падтрымалі, але вырашаць праблему не захацелі», – сказала Святлана Ціханоўская.

Святлана Ціханоўская апублікавала стратэгію перамогі беларусаў: перамовы маюць прайсці ў траўні. Святлана Ціханоўская звяртаецца з планам перамогі. Крыніца: скрыншот / Пул Первой / Телеграм

У панядзелак 22 лютага міністры замежных справаў Еўрапейскага Звязу абмяркуюць магчымасць увядзення новых санкцыяў супраць уладаў Беларусі.

Паседжанне Рады замежных справаў Еўразвязу, на якім абмяркуюць пытанне Беларусі, ініцыявалі Польшча, Літва і Румынія. Пра гэта паведаміў дарадца Святлана Ціханоўскай Франак Вячорка.

«Гэта звязана з драконаўскімі прысудамі журналістам, актывістам і пачаткам суда над Бабарыкам. Заўтра таксама абмяркуюць і 4-ы пакет санкцыяў, які ў працэсе падрыхтоўкі», – заявіў ён.

Hавiны
Святлана Ціханоўская папросіць улады Швейцарыі пашукаць схаваныя актывы Лукашэнкі
2021.02.21 12:00

Улады збіраюць звесткі пра «схільных да экстрэмізму»

Ініцыятыва «ByPol» паведамляе, што ўсе аддзелы грамадзянства і міграцыі ў Беларусі атрымалі спісы з 30 тысячамі асобаў, схільных да экстрэмізму. У спісах – асобы, якія прыцягваліся да адказнасці паводле «народнага» артыкулу 23.34 КаАП РБ і былі залучаныя ў інфармацыйную сістэму «БЕСпарадкі». Аддзелы грамадзянства і міграцыі мусяць «апрацаваць» звесткі да 19 лютага.

Марш герояў
Марш герояў у Менску. 13 верасня 2020 году.
Фота: АВ / Vot Tak TV / Белсат

На кожнага чалавека трэба сабраць інфармацыю пра месца працы ці вучобы, склад сямʼі, атрымаць характарыстыку асобы і гэтак далей. Гэта значыць, правесці так званую «аператыўную ўстаноўку», чым раней займаўся Дэпартамент забеспячэння аператыўна-вышуковай дзейнасці МУС.

Ініцыятыва паведамляе, што праца над базай праходзіць у спеху. Кіраўнікі аддзелаў падганяюць адказных працаўнікоў, вядомыя выпадкі пагрозаў за недастатковую аператыўнасць пошуку інфармацыі. Праца над зборам звестак адбываецца ў строгай сакрэтнасці.

Артыкулы
Азбука пратэсту. Галоўныя словы беларускай рэвалюцыі
2021.02.21 08:10

СК belsat.eu

Стужка навінаў