«Буквар для пачаткоўцаў». У Варшаве прэзентавалі курс для беларусаў – навічкоў у бізнесе


У Беларускім бізнес-цэнтры ў Варшаве прэзентавалі онлайн-курс «Кіраванне малым бізнесам». Ён разлічаны на прадпрымальнікаў-пачаткоўцаў, якія жывуць як у Беларусі, гэтак і за мяжою. Найлепшым студэнтам паабяцалі асабістую кансультацыю аднаго з аўтараў курсу – Аляксандра Кныровіча. На прэзентацыі пабываў карэспандэнт «Белсату».

Аляксандр Кныровіч
Аляксандр Кныровіч прэзентуе онлайн-курс «Кіраванне малым бізнесам», створаны бізнес-школай «ImpАKt!» у форме гульні. 20 студзеня 2023 года.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

Бізнесовец Аляксандр Кныровіч, пачынаючы прэзентацыю, згадаў жыццёвыя сустрэчы з «цудоўнымі, зараджанымі, эмацыйнымі маладзёнамі», у якіх была вялікая ахвота працаваць, але не было аніякіх базавых ведаў і ўяўленняў, што такое прадпрымальніцтва. Гэта самавучкі, яны самастойна складаным шляхам заходзяць у бізнес і набіваюць гузы, якіх маглі б пазбегчы, калі былі б падрыхтаваныя. Онлайн-курс «Кіраванне малым бізнесам», які ладзіць бізнес-школа «ImpАKt!», – акурат для такіх асобаў.

Кныровіч адзначыў, што гэта таксама праца на перспектыву: «Новай Беларусі відавочна спатрэбяцца сотні тысяч людзей, у якіх будуць хаця б базавыя веды і бізнес-навыкі». Ён канстатаваў, што ў дасведчаных бізнесоўцаў няма праблемы з адукацыяй: безліч курсаў, трэнінгаў і школаў. Для пачаткоўцаў такіх магчымасцяў бракуе.

Віртуальная рэаліці-гульня

Курс «ад Кныровіча» – гэта 30 відэаўрокаў, 42 лекцыі і бізнес-гульня «Рэстаран». Навучэнцам распавядуць пра галоўнае: легалізацыя, мэта і яе дасягненне, фінансавае кіраванне, кіраванне персаналам, асновы маркетынгу. Каб ужыць атрыманыя веды і папрактыкавацца, удзельнікам прапаноўваюць онлайн-гульню пра адкрыццё і працу страўні. Яна пачнецца з выбару лакацыі на мапе Менску і рамонту памяшкання.

У кожным раёне – розная плацежная здольнасць, розныя перавагі ў ежы, рознае ўспрыманне рэкламы. Загадзя пра гэтыя адметнасці віртуальнага насельніцтва навучэнцы ведаць не будуць – давядзецца эксперыментаваць і даследаваць падчас гульні.

Пераможа той, у каго напрыканцы будзе самы вялікі балансавы кошт прадпрыемства.

На курс набяруць 60 першапраходцаў. Усё бясплатна, але з умовамі: зацікаўленасць і зваротная сувязь. На падставе водгукаў праграму, калі спатрэбіцца, палепшаць.

Прэзентацыя курсу «Кіраванне малым бізнесам»
Прэзентацыя першага онлайн-курсу бізнес-школы «ImpАKt!» «Кіраванне малым бізнесам». Курс будзе складацца з тэарэтычнай часткі і практыкі, з магчымасцю выкарыстання ведаў у онлайн-гульні. 20 студзеня 2023 года.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

«Нармальныя дзяржавы спансаруюць такія курсы»

Пасля прэзентацыі Аляксандр Кныровіч сказаў карэспандэнту «Белсату», што гэты курс – фактычна буквар для прадпрымальнікаў-пачаткоўцаў.

«Гэта азы. Мы накіраваныя на тую аўдыторыю, што не мае ведаў і яшчэ толькі думае займацца бізнесам або ўжо займаецца, але без навыкаў – у гэтым мы бачым галоўную праблему».

Бізнесовец папярэдзіў, што курс не гарантуе паспяховасці сваёй справы.

«Ёсць база, ёсць абавязковы буквар, калі ты прагнеш займацца прадпрымальніцтвам. Гэта не азначае, што без такога буквара прадпрымальнік не можа быць паспяховым, і гэта не азначае, што з такім букваром прадпрымальнік абавязкова будзе паспяховым. Але лепш яго ведаць, чым не ведаць».

Прэзентацыя курсу «Кіраванне малым бізнесам»
Аляксандр Кныровіч прэзентуе онлайн-курс «Кіраванне малым бізнесам», створаны бізнес-школай «ImpАKt!» у форме гульні. 20 студзеня 2023 года.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

Кныровіч не выключыў, што знойдуцца спонсары, і такое навучанне назаўжды застанецца бясплатным.

«Мы адпрацуем вось гэтыя дзве тэставыя групы, паглядзім, што з гэтага атрымаецца, наколькі наогул трапляем у аўдыторыю, наколькі будзе попыт, якія будуць водгукі. Маё жаданне: каб гэта не было за грошы. У нармальнай сітуацыі, у той жа Польшчы, такія курсы спансаруе дзяржава».

Навучэнцы атрымаюць сертыфікат школы «ImpAKt!» «Kierownik małego przedsiębiorstwa» («Кіраўнік малога прадпрыемства»). Траім найлепшым студэнтам падораць асабістыя кансультацыі з Кныровічам пра развіццё бізнесу ці распрацоўванне бізнес-ідэі.

Курс разлічаны на два месяцы. Рэгістрацыя – тут.

Каментар
Вынікі года: як беларускі бізнес рэлакаваўся ў Польшчу
2022.12.29 09:10

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў