«Здымала ўсе маршы ў Светлагорску, а цяпер мае намер зарэгістраваць дыяспару». Як жывуць беларускія актывісты ў Грузіі


Алена Трызна. Фота з уласнага архіву гераіні

Алена Трызна са Светлагорску была вымушаная з’ехаць у Грузію ўвесну 2021 года і прызнаецца, што сітуацыя, якая склалася цяпер, ёй нават часам падабаецца.

Свой удзел у пратэстах Алена адлічвае з дня выбараў. Яна вяла свой Ютуб канал і да таго, але 9 жніўня 2020 года пастанавіла выкласці відэа пра тое, як яна прагаласавала, і выразіла надзею, што ў Беларусі нешта памяняецца.

«Калі я ішла галасаваць, інтэрнэт яшчэ быў, а калі выйшла з участку, сеціва ўжо знікла. І відэа наўрад ці недзе захавалася, бо праз пераслед у канцы жніўня выпала вяртаць налады тэлефона да пачатковага стану», – згадвае нашая суразмоўца.

Алена здымала ўсе маршы ў Светлагорску, бо адчула, што гэта гістарычна істотны працэс:

«Тады яшчэ не было страшна паказваць твару, мы нічога не баяліся. І была надзея на хуткія змены. І з канца жніўня да сакавіка 2021 года, што б ні адбылося ў горадзе, я трапляла ў РАУС. Чатыры ператрусы былі ў маёй кватэры. У сакавіку выклікалі ў «справе «Вясны», мне сказалі, што са сведкі я вельмі лёгка магу стаць падазраванаю. Таму мне выпала пераехаць у Грузію».

Акцыя беларускай супольнасці ў Тбілісі. Фота з уласнага архіву

У Тбілісі Алена адчула на сабе моц выразу «беларус беларусу – беларус», ёй дапамагалі тыя, хто прыехаў у Грузію раней. Асабліва было істотнае менавіта псіхалагічнае падтрыманне:

«Я была ў стрэсавым стане. У мяне сын яшчэ заставаўся ў Беларусі. Нават да дзіцяці прыходзілі, яго тузалі. Я дзіўлюся, як яму далі пару месяцаў давучыцца ў школе. У чэрвені ён ужо сюды, да мяне прыехаў. З мясцовымі я перазнаёмілася хутка, бо вельмі бракавала проста з некім пагутарыць. Праз гэта я пакрысе пачала выходзіць са сваёй ракаўкі. З мясцовымі беларусамі я шчыльна перазнаёмілася недзе ў траўні. Усе добра ішлі на кантакт. Я чалавек камунікабельны. Працягваю весці свой канал, запісваю беларусаў, якія тут жывуць і прыязджаюць.

Я разумею, што мы ўсе выйшлі за праўду, што праўда мае перамагчы. Не варта спыняцца. Калі ты нешта пачаў рабіць, то не варта спыняцца дзеля сваіх дзяцей, дзеля ўнукаў».

Першае, пра што спытала Алена ў беларускай суполцы, – як тут з акцыямі. Ёй адказалі, што людзі збіраюцца з нейкай вялікай палітычнай нагоды каля амбасады, а яна хацела ладзіць штотыднёвыя акцыі.

«Давялося трошку папрацаваць. І людзі, якія сюды прыехалі, яны яшчэ гараць і ведаюць, што ў Беларусі адбывалася. Таму акцыі салідарнасці з беларусамі, якія засталіся ў акупацыі – гэта вельмі істотна», – падкрэсліла Алена.

Артыкулы
Беларусы Швецыі дамагаюцца ад ураду прыняцця ўцекачоў і падтрымання беларускай супольнасці
2022.01.22 16:00

Дыяспара актыўна падтрымлівае беларусаў, якія толькі прыязджаюць у Тбілісі: дапамагаюць з жытлом, знаходзяць садочкі і школы ды іншае.

Алена арганізоўвае супольныя экскурсіі, каб людзі не заставаліся са сваймі перайманнямі:

«Калі чалавек прыязджае, то яму вельмі складана псіхалагічна. І калі сядзець аднаму доўгі час і капацца ў сабе, то з гэтага можна і не вылезці потым. А прырода лекуе».

Дыяспара адгукаецца і на патрэбы ў фінансавай дапамозе землякам.

«У Батумі хлопчык захварэў на ковід, яму збіралі на апарат ШВЛ. Збіралі і набылі гэты апарат для дыхання. Гэта была гісторыя, калі збіралі тут усім светам, людзі з розных гарадоў», – згадвае Алена.

Акцыя беларускай супольнасці ў Тбілісі. Фота з уласнага архіву

Беларуска мае намер зладзіць у Тбілісі фотавыставу пратэстаў менавіта ў маленькіх гарадах:

«Я сама іх рабіла. Здымкі захаваліся, на дзіва, пасля ўсіх гэтых ператрусаў. Значыцца, гэта было трэба».

Ёсць і акцыі падтрымання беларусаў у Беларусі. Дыяспара зарганізавала паказ фільму «Кураж», падчас якога збіралі грошы на дапамогу палітычным вязням, а таксама пісалі лісты зняволеным. Таксама ў Грузіі зарганізавалі чат, дзе прадаюць беларускую сімволіку, частку сродкаў з продажу аддаюць на патрэбы палітвязняў.

Трымаюць удзельнікі дыяспары кантакт і з палітыкамі ды журналістамі, каб беларуская тэма была навідавоку. Калі з’явілася інфармацыя, што ЦВК Грузіі запрасіла былую кіраўніцу ЦВК Беларусі Лідзію Ярмошыну, адбылася вялікая акцыя пратэсту:

«Нас падтрымалі і грузіны, і расяяне, якія тут жывуць. Ніхто з беларускай ЦВК не змог прыехаць. Я лічу, што гэтага дамогся наш супольны ўплыў. Мы шчыльна супрацоўнічаем з тутэйшымі журналістамі і распавядаем мясцовым, што адбываецца ў Беларусі. Бо частка людзей дасюль думае, што ў Беларусі ўсё чысценька, ахайненька і мухі не кусаюць. А мы кажам, што нават за чырвона-белыя шкарпэткі цябе могуць пасадзіць на месяц. Для іх гэта быў нейкі нонсэнс.

Я прыходзіла ў белай майцы ды чырвоных штанах і тлумачыла, што на мне ўжо 30 содняў арышту. Людзі глядзелі на мяне і не маглі зразумець, не маглі паверыць у такое».

Артыкулы
«Да 2020 года для датчанаў Беларусі не існавала». Як жыве беларуская дыяспара ў Даніі
2022.01.23 16:05

Алена адзначыла, што ў Грузіі мала складанасцяў з легалізацыяй побыту – дастаткова выехаць за мяжу краіны літаральна на 15 хвілінаў раз на год, а адмысловай паперы ці пасведчання дамагацца не абавязкова.

Беларуска хоча афіцыйна зарэгістраваць беларускую дыяспару. Адна ўжо ёсць у Батумі, там зарэгістраваліся Беларусы Аджарыі. Ці будзе пасля рэгістрацыі тбіліскай супольнасці агульнабеларуская дыяспара, Алена не ведае:

«Я хачу, каб беларусы Грузіі былі афіцыйнай дыяспараю, было гэта дакументальна пацверджана, каб мы маглі мець нейкі палітычны голас. Я добра разумею, што на нас будуць зусім іначай глядзець. Мы развіваемся, і назад дарогі няма. З беларусамі Батумі мы трымаем кантакт. У іх свая праграма. Часам мы робім нейкія акцыі разам, нешта глабальнае. У іх усё вельмі добра развіваецца. Яны ўжо самі будуць думаць, ці далучацца да агульнай дыяспары. Ёсць яшчэ грамада ў Кутаісі, і мы таксама з імі трымаем сувязь».

Акцыя беларускай супольнасці ў Тбілісі. Фота з уласнага архіву

Алена мяркуе, што беларуская дыяспара атрымала вялікі імпульс пасля выбараў і рэпрэсіяў. Аднак беларусы, якія там былі раней, таксама шмат чаго дамагліся:

«Тутэйшыя беларусы вельмі добра зарганізавалі галасаванне, насілі петыцыі, падпісвалі скаргі. Вынікаў галасавання нават не вывесілі. Яны зрабілі вельмі шмат. І дзякуючы ім мы можам сюды прыехаць і нас прымаюць».

Свае акалічнасці ў супрацы ёсць і ў гэтай дыяспары.

«Нават у сям’і бывае, што муж з жонкаю спрачаюцца. А тут розныя людзі, са сваймі поглядамі, імкненнямі, са сваім разуменнем, як што варта рабіць. Але я перакананая, што праўда нараджаецца ў спрэчцы. Усе мы розныя. Можам і пакрычаць часам. Але мы заўжды намагаемся знайсці пункты судакранання, прыйсці да нейкай згоды. Галоўнае – не сядзець роўна на пятай кропцы», – перакананая Алена.

Галоўнае для дыяспары цяпер – клопат пра людзей, якія прыязджаюць у Грузію.

«Ведаеце, гэта як дзіця прыводзяць за руку ў новую групу, а яно нічога не разумее. Так і з дарослым. Трэба з ім ці ёю гутарыць, хаця б у той жа батанічны сад пайсці пагуляць, каб чалавек не адчуваў сябе адзінокім і кінутым, усё растлумачыць, падказаць, як што лепей рабіць. Бо працягваюць прыязджаць людзі і з Беларусі і з Украіны, у каго там тэрмін пражывання без рэгістрацыі канчаецца. А такі пераезд – гэта заўжды стрэс. Вось такі клопат для нас цяпер на першым месцы», – падкрэсліла Алена.

Каб скантактавацца з беларускаю супольнасцю ў Грузіі, звярніцеся праз Telegram да @lenatrizno ці далучыцеся да каналу.

Інтэрв’ю
«Людзі з Беларусі просяць не пісаць лістоў». Як беларусаў падтрымліваюць з Японіі
2022.01.29 16:00

МГМ belsat.eu

Стужка навінаў