Ці магчымы ўдзел Беларусі ў канфлікце Расеі з Украінай? Меркаванне палітолага


Кіраўнік МЗС Расеі Сяргей Лаўроў і дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен правялі перамовы па гарантыях бяспекі ў Жэневе, адной з асноўных тэмаў якіх стала ўкраінскае пытанне. Украінскі палітолаг Алег Саакян у эфіры праграмы «Студыя Белсат» падвёў вынікі гэтай сустрэчы, распавёў аб тым, наколькі верагодная агрэсія Расеі ў дачыненні да Украіны, а таксама якая ў ёй роля адводзіцца Беларусі.

Палітолаг Алег Саакян упэўнены, што афіцыйная сустрэча паміж Расеяй і ЗША не прынясе зменаў у плане бяспекі, паколькі Масква нацэлена на агрэсію.

«Перамовамі гэта з нацяжкай можна назваць, гэта хутчэй абмен пазіцыямі. Прычым абодва бакі разумелі выдатна, што выйсці з прарывам з іх не ўдасца. Я не думаю, што гэтыя перамовы змянілі нешта кардынальна. Расея і далей канцэнтруе войскі і пашырае патэнцыйную лінію фронту».

На думку палітолага, для апраўдання сваёй агрэсіі Масква будзе выкарыстоўваць тыя ж метады, што і ў папярэдніх канфліктах: абарона рускамоўных і заявы аб з’яўленні амерыканскіх баз.

«Расейская прапаганда выбудаваная такім чынам, што Расея заўсёды абараняецца ва ўсіх войнах. Развязваючы войны і акупуючы чужыя тэрыторыі, яна заўсёды абараняецца. Гэта частка нацыянальнага міфа. І нічога новага тут прыдумляць не будуць».

У духу расейскай прапаганды выступае і Аляксандр Лукашэнка, які заяўляе аб магчымай вайне з Украінай. Алег Саакян упэўнены, што рызыкі такога развіцця падзеяў вельмі высокія.

«Беларускі кірунак для Украіны цяпер усё больш і больш патэнцыйна становіцца пагрозлівым і рызыкоўным. Зразумелая справа, што Лукашэнка і ягоны рэжым цяпер зʼяўляецца марыянеткай у руках Крамля, рукамі якой можна рабіць правакацыі».

Разам з тым палітолаг падкрэслівае, што беларусы не гатовы страляць у ўкраінцаў.

«Можна ўспомніць 2014 год, наколькі цяжка было ўкраінскім вайскоўцам абараняць уласную тэрыторыю ад расейцаў, паколькі ў галаву нават не прыходзіла, і гэта быў каштоўнасны барʼер – пачаць страляць у рускіх. Таму, безумоўна, задзейнічанне беларускага войска супраць украінцаў сутыкнецца з сурʼёзным супрацівам у сярэдзіне. Для беларусаў вельмі цяжка патлумачыць, чаму яны павінны ваяваць з украінцамі».

Поўную размову з украінскім палітолагам Алегам Саакянам можна паглядзець тут.

Hавiны
Лукашэнка зрабіў шэраг заяваў наконт магчымай вайны з Украінай. Галоўнае
2022.01.21 17:39

ВК belsat

Стужка навінаў