Пра што кажуць былыя прэзідэнты ў звароце да народу пасля ўцёкаў


Як часта беглыя прэзідэнты звяртаюцца да свайго народу і што гавораць пасля доўгай адсутнасці ў цяжкі для краіны час? Нядаўняе знікненне экс-прэзідэнта Казахстана Нурсултана Назарбаева падчас пратэстаў парадзіла шмат чутак, усё маглі толькі здагадвацца дзе ён, нават былі тэорыі аб ягонай смерці. Аднак ён з’явіўся на публіцы і заверыў, што з ім усё добра.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Алматы, Казахстан. 11 студзеня 2022 года.
Фота: Павел Міхееў / Reuters / Forum

Сабралі прыклады такіх зваротаў да народу з былымі прэзідэнтамі пасля іх знікнення.

Нурсултан Назарбаеў

Першы прэзідэнт Казахстану падчас пратэстаў у пачатку 2022 года знік на тры тыдні і ніяк не каментаваў падзеяў у краіне.

5 студзеня Назарбаева адхіліў ягоны пераемнік і цяперашні прэзідэнт Такаеў з пасады кіраўніка Савету бяспекі. Назарбаеў знік з публічнай прасторы, з 28 снежня мінулага года не было вядома, дзе ён. Выказваліся меркаванні, што Назарбаеў уцёк з краіны, цяжка хворы ці нават памёр. Гэтак, лідар расейскай партыі ЛДПР Уладзімір Жырыноўскі 15 студзеня заявіў, што Назарбаеў даўно памёр, народ нібыта ўзбунтаваўся супраць былога лідара, таму ад яго можна пазбавіцца.

Hавiны
«Ноччу я двойчы прачыналася ад выстралаў». Агонь у Алматы не сціхае
2022.01.08 22:14

Аднак 18 студзеня Назарбаеў выступіў з відэазваротам да жыхароў краіны.

Падчас першага звароту пасля пратэстаў ён зазначыў, што мэтаю студзеньскіх падзеяў «было разбурыць цэласнасць краіны і асновы дзяржавы», ды пацвердзіў пераход усёй улады да свайго пераемніка Касым-Жамарта Такаева. Назарбаеў назваў сябе пенсіянерам на заслужаным адпачынку і заявіў, што ўвесь гэты час быў у сталіцы Казахстану і нікуды не з’язджаў. Паводле яго, «ніякага канфлікту ці супрацьстаяння ў эліце няма».

Таксама Назарбаеў заклікаў падтрымаць і «новую праграму рэформаў, накіраваную на павышэнне дабрабыту народу».

Пасля з’яўлення Назарбаева Уладзімір Жырыноўскі заявіў, што той хацеў застацца ўбаку падчас закалотаў і далучыцца да пераможцы пасля пратэстаў.

Віктар Януковіч

Чацвёрты прэзідэнт Украіны пакінуў краіну ў лютым 2014 года пасля закалотаў у цэнтры Кіева, ахвярамі якіх сталіся больш за 100 чалавек. Януковіч пакінуў краіну наземным шляхам праз Крым і з таго часу застаецца на тэрыторыі Расеі. Вярхоўная Рада 22 лютага 2014 года прагаласавала за пастанову, у якой гаварылася, што Януковіч самаўхіліўся ад ажыццяўлення канстытуцыйных паўнамоцтваў прэзідэнта.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.Віктар Януковіч.
Фота: Антон Новадзярэжкін / TASS / Forum

Падчас першай пасля ўцёкаў прэс-канферэнцыі ў Растове-на-Доне адхілены ад улады прэзідэнт Украіны Віктар Януковіч зламаў асадку, просячы прабачэння перад народам. Таксама ён назваў пратэст узброеным дзяржаўным пераваротам, «здзейсненым апазіцыяй на зброі тэрарыстычных груповак пры поўным падтрыманні некаторых заходніх дзяржаваў», а актуальную ўладу назваў нелегітымнаю.

Свае ўцёкі Януковіч адмаўляе і кажа, што пераехаў з Кіева ў Харкаў, па дарозе быў абстраляны з аўтаматычнай зброі. Потым праз Крым перабраўся ў Растоў-на-Доне да свайго даўняга сябра.

Пасля рэвалюцыі новыя ўлады Украіны ўсклалі адказнасць за гібель людзей на Януковіча і спецпадраздзяленне МУС «Беркут». Супраць экс-прэзідэнта завялі некалькі крымінальных справаў, у тым ліку яго вінавацяць у дзяржаўнай здрадзе.

Ашраф Гані

Прэзідэнт Афганістану разам з сямʼёй уцёк з Кабулу 15 жніўня 2021 года, у той жа дзень, калі тэрарыстычны рух «Талібан» абвясціў пра поўны захоп краіны.

Тады ж сталі прыходзіць паведамленні, што падчас адʼезду прэзідэнта Гані суправаджалі «чатыры машыны, набітыя грашыма, а іншую частку грошай спрабавалі засунуць у верталёт, але не ўсё змясцілася».

18 жніўня стала вядома, што палітык схаваўся ў Абʼяднаных Арабскіх Эміратах. Тады ж ён упершыню звярнуўся да жыхароў рэспублікі і заявіў, што тым самым хацеў пазбегнуць баёў за сталіцу і кровапраліцця.

Гані таксама назваў хлуслівымі абвінавачанні ў тым, што ён зʼехаў з краіны, узяўшы з сабою буйную суму грошай:

«Мяне вінавацяць у тым, што я забраў з сабою грошы. Але гэта ўсё хлусня: я зʼехаў з краіны ў адной кашулі, турбане ды туфлях і змог узяць толькі некалькі кніг у адной торбе».

Ашраф Гані дасюль па-за межамі Афганістану.

Яўген Шаўчук

Былы прэзідэнт Прыднястроўя з’ехаў з непрызнанай рэспублікі ў чэрвені 2017 года. На яго завялі пяць крымінальных справаў, у тым ліку за перавышэнне службовых паўнамоцтваў. Шаўчука абвінавацілі ў часовым замарожванні пенсіяў і незаконнай дзейнасці з заробкамі бюджэтным работнікам у 2015 годзе.

Пазней Шаўчук заявіў, што пакінуў рэспубліку праз замах, які рыхтуецца на яго, а сведкі абвінавачання падкупленыя. Пасля выбараў 2016 года ён доўга не каментаваў таго, што адбываецца ў краіне. У 2017 годзе ён запісаў відэазварот да народу з Санкт-Пецярбургу, у якім абвінаваціў цяперашнюю ўладу ў карупцыі, а таксама заявіў пра пераслед яго, ягонай сям’і і прыхільнікаў.

Аналітыка
Што важнага ў новым праекце Канстытуцыі, які Лукашэнка вынесе на рэферэндум
2022.01.21 13:37

АД, belsat.eu

Стужка навінаў