Новыя прысуды: пакаранне за каментар і за «счэпку» падчас пратэстаў 2020 году


Праваабарончы цэнтр «Вясна» паведамляе пра новыя палітычна матываваныя выракі ў Менску.

20 студзеня суд Фрунзенскага раёна Менска прызнаў 28-гадовага Максіма Галко вінаватым паводле арт.369 («Абраза прадстаўніка ўлады») Крымінальнага кодэкса і асудзіў яго да двух гадоў «хіміі».

Менчука прыцягнулі да крымінальнай адказнасці за тое, што 18 сакавіка 2021 года ён напісаў абразлівы каментар пад фотаздымкам дзевяцярых супрацоўніц АМАП, які быў размешчаны ў Telegram-канале. Згодна з матэрыяламі следства, ён хацеў «прычыніць шкоду аўтарытэту дзяржаўнай улады, яе прадстаўнікам, гонару і годнасці іх асобы»: выклаў пад публікацыяй каментар у непрыстойнай форме.

Таксама суд задаволіў пазовы васьмі пацярпелых супрацоўніц АМАП аб кампенсацыі маральнай шкоды. Галко мусіць выплаціць на карысць кожнай пацярпелай па 500 рублёў – усяго 4000 рублёў. Вырак вынес суддзя Андрэй Млечка.

У судзе Савецкага раёна Менску за ўдзел у акцыі пратэсту 9 жніўня 2020 году трох менчукоў пакаралі 2 гадамі «хіміі». Мікіту Саснова, Аляксея Кандраценку і Ягора Ж. прызналі вінаватымі паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса («Удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»). Галоўным доказам іх віны на судзе стаў фотаздымак з сеціва, дзе яны стаяць разам у «счэпцы». Вырак вынесла суддзя Алена Жуковіч.

Усе трое ўтрымліваліся пад вартай у менскім СІЗА-1 па некалькі месяцаў, а пасля абвяшчэння прысуду іх вызвалілі ў зале суда і адпусцілі на волю да накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

Артыкулы
Як рэпрэсіі прымушаюць людзей падчышчаць гісторыю ў інтэрнэце – і да чаго гэта можа прывесці
2022.01.18 18:10

РР belsat.eu

Стужка навінаў