«Да 2020 года для датчанаў Беларусі не існавала». Як жыве беларуская дыяспара ў Даніі


Вольга Сомава, сябра дацка-беларускай суполкі «Талака».

Вольга Сомава жыве ў Даніі з 1999 года, сябра дацка-беларускай суполкі «Талака». Да выбараў 2020-га ніякіх шчыльных стасункаў з беларускаю палітыкаю не мела і лічыла сябе апалітычным чалавекам, але ўсё змянілася з пачаткам выбарчай кампаніі на радзіме.

«Было такое пачуццё, што ўсё робіцца так слушна, што не можа не прывесці да поспеху. Шмат хто тут, у Даніі, зацікавіўся працэсамі. Асабліва тыя, у каго сем’і засталіся ў Беларусі. Яны вельмі сачылі за ўсім. Людзі паляцелі ў Фінляндыю галасаваць, і было зарганізаванае назіранне за выбарамі. Была ўпэўненасць, што калі так шмат асобаў узняліся і зацікавіліся гэтымі выбарамі, то не можа быць правалу, што ўлады паслухаюць народ. Цяпер гэта нават смешна, што мы былі такія наіўныя, але ж былі», – згадвае Вольга.

Артыкулы
Маша Забара, якая першаю выйшла на пікет да МВФ: У беларусаў за мяжою няма права здавацца
2021.08.30 08:40

Суразмоўца распавядае, што надзею змяніла абурэнне, калі людзей у Беларусі пачалі затрымліваць, збіваць і катаваць:

«Настроі змяніліся і мы тут у Даніі зразумелі, што трэба падтрымліваць нашых людзей і нейкія перамены ажыццяўляць. Мы аб’ядналіся і нават пачалі паміж сабою на беларускай мове размаўляць. У верасні 2020 года мы афіцыйна аб’ядналіся ў суполку, не ўсе, хто тут жыве ў краіне. Беларусаў тут каля тысячы, а аб’ядналіся, можа, каля сотні чалавек».

Беларуская супольнасць арганізоўвала і працягвае ладзіць акцыі салідарнасці з беларусамі на радзіме, а таксама пратэставыя імпрэзы пры палітычнай нагодзе. Была выстава да гадавіны выбараў аб пратэстах у Беларусі, якая цяпер вандруе па Даніі ды знаёміць датчанаў з падзеямі ў нашай краіне.

Акцыя беларусаў Даніі. Фота з уласнага архіву

«Мы таксама зарганізавалі прагляд фільму Палуяна «Кураж» і яго запрашалі. Сам Аляксей рабіў свае каментары. Мы раздрукавалі партрэты палітвязняў, гледачы трымалі іх. Было вельмі шмат зацікаўленых не толькі ў нашай суполцы, але таксама расейцаў і датчанаў. Але самая вялікая праца, што мы рабілі і робім, – гэта зацікавіць дацкае грамадства пытаннем Беларусі. Бо для Даніі Беларусі неяк не існавала да 2020 года, і нават потым гэтым мала хто цікавіўся. Таму мы знаёміліся з журналістамі і стымулявалі іх пісаць пра тое, што адбываецца ў Беларусі. І мы дапамагаем выдаваць артыкулы», – кажа прадстаўніца беларускай суполкі.

Дыяспара шмат намаганняў укладае ў асветніцкую дзейнасць, каб распавядаць дацкай моладзі пра падзеі ў Беларусі, як краіна ператварылася з дэмакратычнай у таталітарную.

«Вельмі шмат дацкай моладзі цікавіцца гэтым. Яны нават пішуць лісты палітычным вязням. Ну, спрабуюць пісаць. Я не чула, каб нехта атрымаў адказ. Але яны вельмі намагаюцца падтрымаць студэнтаў і моладзь у зняволенні. Ведаю, што яны ім пішуць. І мы пішам таксама», – зазначае Вольга.

Акцыя беларусаў Даніі. Фота з уласнага архіву

Супольнасць таксама падтрымлівае дзяцей палітзняволеных, ладзіць ім падарункі на святы, збіраюць іх у школу.

«Былі праекты дапамогі ўцекачам у Літве і Польшчы. Мы дапамагалі ім з камп’ютарамі, і рознымі прыладамі, каб дзеці маглі пачаць адукацыю ў Польшчы ці далучыцца да беларускіх онлайн-школаў, каб у іх не было перапынку ў адукацыі», – паведаміла суразмоўца.

Таксама суполка падтрымлівае беларусаў у Беларусі. Былі і ёсць іншыя ініцыятывы ды праекты, пра якія прадстаўніца супольнасці папрасіла не пісаць праз пагрозу пераследу сем’яў актывістаў.

«Мы працуем над тым, каб беларускім пісьменнікам і журналістам дацкія ўлады далі магчымасць працягваць працу ў Даніі. Я ведаю, што праз гэтую праграму ўжо адну сям’ю запрасілі сюды. І мы працуем над тым, каб запрасілі больш асобаў, якіх пераследуюць на радзіме», – расказвае беларуска.

Вольга падкрэсліла, што беларусы Даніі трымаюць шчыльную сувязь з тамтэйшымі палітыкамі:

«У Даніі гэта лёгка – сустрэцца з палітыкамі парламенту ці мясцовымі ўладамі. Яны лічаць сваёй адказнасцю трымаць кантакт з выбарнікамі. Мы наладзілі добрыя кантакты з парламентарамі, некаторыя займаліся праграмамі для Усходняй Еўропы і шмат чаго ведаюць. Таксама ёсць афіцыйны кантакт з міністрам замежных справаў».

Акцыя беларусаў Даніі. Фота з уласнага архіву

Праз гэтыя стасункі беларуская супольнасць дамаглася перамены назвы нашай краіны з літаральнага перакладу на назву Belarus, атрымала падтрымку ў арганізацыі выставаў і акцыяў. Акрамя таго, дзякуючы ціску беларусаў, дацкія фонды пазбавіліся аблігацыяў беларускіх прадпрыемстваў.

«Мы звярнуліся да журналістаў, і яны паднялі такі пярэпалах, што звычайныя датчане, якія не маюць дачынення да тых фондаў, пачалі пісаць і тэлефанаваць у фонды і патрабаваць, каб яны спынілі фінансаванне беларускіх дзяржаўных прадпрыемстваў. І Данія на сёння – адзіная краіна, якая пазбавілася гэтых еўрабондаў», – паведаміла прадстаўніца дыяспары.

На 2022 год супольнасць плануе працягваць сваю працу.

«Варта рыхтавацца да пераменаў. Бо супраць біялогіі не пойдзеш, гэта ўсім вядома. Калі палітычна не развяжам праблему, то прырода развяжа за нас», – усміхаецца суразмоўца.

Яшчэ адзін праект, які пакуль у працы: дыяспара дапамагала беларускаму палітолагу зрабіць фільм пра дацкую дэмакратыю, як маленькая краіна выбудоўвала свой лад і стабільныя ўмовы для развіцця грамадства і бізнесу.

«Такі прыклад будзе карысны. Тут танкі гусеніцамі не лязгаюць, пагрозаў ад суседзяў няма. Так жа можа быць і ў Беларусі», – мяркуе Вольга.

Суразмоўца прызнаецца, што ў дыяспары агульная група пакуль не склалася:

«У нас дзве афіцыйныя супольнасці, і я бяру ўдзел у абедзвюх. Яны паралельна суіснуюць, але не супрацоўнічаюць. «Беладанія» больш накіраваная на культурніцкую працу, а «Талака» займаецца палітычнымі і гуманітарнымі праектамі. Таму суіснуем без вялікіх канфліктаў і не перашкаджаем адно аднаму. Але не было такога, каб яны аб’ядналіся і рабілі нешта разам. Спадзяюся, што гэта адбудзецца ў будучыні, але пакуль не. Праўда, вялікага канфлікту ў нас няма, проста падзялілі адказнасць за розныя кірункі і працуем».

Сустрэча Святланы Ціханоўскай з беларускай супольнасцю ў Даніі. Фота з уласнага архіву

У Даніі Вольга не сустракала «ябацек» сярод беларусаў, а самаю кранальнай акцыяй назвала перформанс з нагоды адкрыцця выставы ў Капэнгагене:

«У нас вельмі эмацыйныя дзяўчаты. Калі прыязджала Святлана Ціханоўская ў Капэнгаген, у яе была вельмі кранальная прамова. Выстава была аб пратэставым мастацтве, такі таймлайн. Да адкрыцця дзяўчаты зладзілі танец пад песню «Купалінка» ў белых сукенках з чырвонымі паясамі, з кветкамі ў валасах і звязанымі рукамі, то нават датчане пусцілі слязу, а мы там ужо стаялі і рыдалі».

Акцыя беларусаў Даніі. Фота з уласнага архіву

Звязацца з супольнасцю беларусаў Даніі можна праз іхную старонку ў Facebook.

Артыкулы
Беларусы Швецыі дамагаюцца ад ураду прыняцця ўцекачоў і падтрымання беларускай супольнасці
2022.01.22 16:00

МГМ belsat.eu

Стужка навінаў