Больш за 7 тысяч медыкаў не стае ў Беларусі. Распавядаем, як трапіць на прыём да доктара ў райцэнтры


У Беларусі ўсё больш адчуваецца нястача медыкаў. Толькі ў Менску цяпер наймальнікі шукаюць больш за 1000 медсясцёр і 860 дактароў-спецыялістаў. У шмат якіх гарадах людзі мусяць некалькі гадзінаў выдаткаваць на тое, каб трапіць на прыём.

Ілюстрацыйнае фота.
Фота: АК / Белсат

Міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч раней выказваўся, што нястача дактароў не ёсць надзвычайнаю сітуацыяй і адмаўляў існаванне масавага звальнення медперсаналу з палітычных матываў. Агулам на сайце ведамства няма асобнага раздзелу, прысвечанага працаўладкаванню медыкаў, а толькі спасылка на рэсурс doctorjob.by. Але на гэтым сайце толькі некалькі вакансіяў. А вось медычныя ўстановы краіны на сваіх старонках размяшчаюць даволі шмат вакансіяў і шукаюць як медсясцёр, гэтак і дактароў. Выключэнне – шпіталі Магілёва. Раздзелу пра вакансіі на сайтах медычных установаў гэтага абласнога цэнтру не існуе.

А вось у агульнарэспубліканскім банку для дактароў-спецыялістаў – ажно 3196 вакансіяў, да гэтага размешчаныя 1063 вакансіі для фельчараў і 3047 для медсясцёр. Агулам на рынку не стае больш за 7 тысяч медыкаў.

Hавiны
У асобных раёнах да 50 вакансіяў дактароў. Паглядзелі, дзе найбольш катастрафічная сітуацыя з медыкамі
2021.12.29 15:35

У некаторых рэгіёнах гэта стала вялікаю праблемаю. Напрыклад, у Жодзіне, як распавядаюць мясцовыя жыхары, катастрафічна бракуе тэрапеўтаў, памочнікаў. Каб выпісаць лекі пенсіянеру, трэба за тыдзень запісацца на прыём.

«Летась я хварэла на ковід. Давялося звярнуцца ў больніцу, была ў чырвонай зоне.Гэта было жахлівае відовішча. Людзі ў калідоры стаялі ў чарзе, чакалі прыёму. Прычым чырвоная зона – на чацвёртым паверсе, некаторыя нават не даходзілі да гэтага паверху, бо людзям цяжка было дыхаць. Я выйшла з прыёму а 22:30. Лекары працавалі да апошняга наведніка, хоць у іх працоўны дзень завяршаецца а 20:00. Як сёлета выглядае сітуацыя, я не ведаю, але ў 2021 годзе гэта выглядала проста жахліва», – распавядае «Белсату» жыхарка Жодзіна.

Ілюстрацыйнае фота.
Фота: Belsat.eu

Таксама вельмі вострая праблема з педыятрамі. Чытачы «Белсату» паведамляюць, што ў горадзе, дзе жывуць больш за 65 тысячаў жыхароў, няма дзіцячага лора, неўрапатолага.

«Тры разы за тыдзень на тры гадзіны з дарослага аддзялення прыходзіць у дзіцячае лор. Таму трэба атрымаць дазвол педыятра на зварот да доктара. Але пры гэтым да педыятра трэба запісвацца за тыдзень. З вузкіх спецыялістаў ёсць толькі хірург, афтальмолаг і эндакрынолаг, які сумяшчае з працаю тэрапеўта. За 13 гадоў змяніліся 6 педыятраў. Прыязджаюць маладыя спецыялісты, але як толькі яны адпрацоўваюць, то адразу ж знікаюць. І пакуль не зʼявіцца новы доктар, участак далучаюць да іншага. У выніку мы мусілі або лячыцца самастойна, або звяртацца ў бліжэйшы медцэнтр, дзе ёсць дзіцячыя дактары, а гэта ў Барысаве. У Жодзіне ёсць медычныя цэнтры, але чамусьці там не прымаюць аналізаў у дзяцей, а прымаюць толькі дарослых», – кажа жыхарка Жодзіна.

Размова
Доктарка Лідзія Тарасенка: Масавы ад’езд медыкаў – таксама забастоўка
2020.10.27 08:35

Жанчына распавядае, што наведвала паліклініку на гэтым тыдні і не змагла запісацца да педыятра. У рэгістратуры ёй распавялі, што ўсе дактары працуюць у чырвонай зоне.

Цяпер у Жодзіне працуюць у дзіцячым аддзяленні шасцёра педыятраў. Нават загадчык аддзялення прымае дзяцей. Такая колькасць спецыялістаў не дастатковая. Жыхары гораду кажуць, што, каб датэлефанавацца і запісацца на прыём у дзіцячую паліклініку, трэба выдаткаваць амаль дзве гадзіны.

У снежні летась мясцовыя ўлады абяцалі адкрыць у Жодзіне новую дзіцячую паліклініку. Але адкрыццё перанеслі на пазнейшыя тэрміны. Шкляны 4-павярховы будынак дзіцячай паліклінікі, які выглядае даволі сучасна, пакуль не функцыянуе. Улады цяпер шукаюць магчымасці набыць медычнае абсталяванне. Збіраюць грошы на прадпрыемствах. Але жыхары кажуць, што калі няма каму працаваць у існай паліклініцы, то хіба магчыма, каб нешта змянілася з увядзеннем новай.

Новая дзіцячая паліклініка ў Жодзіне.
Фота: mlyn.by

Цяпер жа дзіцячая паліклініка месціцца ў будынку гарадской паліклінікі і займае палову паверху. Улады абяцаюць, што сітуацыя хутка зменіцца, новая паліклініка пачне прымаць дзяцей ужо ў канцы гэтага года.

«Калі мне кажуць пра бясплатную медыцыну, я здзіўляюся, бо, прабачце, соплі навучылася лячыць сама, а іншае і больш сурʼёзнае – толькі за грошы ў медцэнтрах. Ніводнага бясплатнага УГД дзецям не прапанавалі. Чатыры гады таму, каб зрабіць УГД сэрца, мне давялося чакаць шэсць месяцаў. Так і жывём», – кажа жодзінка.

Hавiны
У Беларусі заблакавалі сайт дыстанцыйных кансультацыяў лекараў
2021.08.14 14:16

 

ЛК belsat.eu

Стужка навінаў