Беларусы Швецыі дамагаюцца ад ураду прыняцця ўцекачоў і падтрымання беларускай супольнасці


Зміцер Васэрман, прадстаўнік Народнай Амбасады. Фота прадстаўлена рэдакцыі

Зміцер Васэрман пакінуў Беларусь у 1996 годзе і цяпер жыве ў Швецыі. Меў кантакты з апазіцыяй, але калі з’ехаў, то прыпыніў сваю дзейнасць ажно да 2020 года, хаця за падзеямі на радзіме сачыў.

Размаўляем пра жыццё беларускай дыяспары ў Швецыі і працу народнай амбасады.

«Я выпаў з гэтай абоймы, бо не верылася, што нешта можна змяніць. І не было адчування, што беларускі народ гэтага хоча. А калі народ не хоча, то нічога не зробіш. Я быў ахвяраю таго міфу, які шмат гадоў стварае сам Лукашэнка, што яго падтрымлівае большасць. Таму чаго я мушу бегчы перад цягніком? А ў 2020 годзе сітуацыя стала для мяне шокам, калі народ прачнуўся, што нават у мястэчках Святлана Ціханоўская з Марыяй Калеснікавай і Веранікай Цапкала збіраюць вялікія мітынгі. У маім родным млявым Віцебску сабраліся больш 10 тысячаў чалавек! У мяне таксама з’явілася надзея, што беларусы змогуць жыць нармальны жыццём», – згадвае суразмоўца.

Зміцер Васэрман і народная амбсада ў Швецыі. Фота прадстаўлена рэдакцыі

Спадар Зміцер узяў удзел у экзітполе, вынікі якога таксама сталі для яго адкрыццём:

«Больш за 90 % выбарнікаў прагаласавалі за Ціханоўскую, а з Лукашэнку – менш за 4 %, напэўна, самі супрацоўнікі амбасады. Гэта яшчэ раз мяне пераканала, што гэта ўжо не той народ, які я ведаў у сярэдзіне 1990-х. Гэта пакаленне, якое не хоча дыктатуры. Гэта стала пачаткам таго, што я зноў вярнуўся да актыўнай дзейнасці».

У 2020 годзе арганізацыя беларусаў у Швецыі вырасла з 18 чалавек да больш як 200. Яны зарганізавалі народную амбасаду, наладзілі кантакты з палітыкамі і грамадскімі дзеячамі.

«Мы сталі сур’ёзна працаваць, каб дапамагчы гэтай новай Беларусі, новаму пакаленню, якое хоча жыць у нармальнай еўрапейскай дзяржаве», – падкрэслівае спадар Зміцер.

Беларуская супольнасць у Швецыі падтрымлівае палітычных вязняў і ўцекачоў, дапамагае беларусам у Беларусі, трымае беларускую тэму бачнаю для шведаў.

«Першым крокам у падтрыманні палітвязняў стала тое, што мы прыцягнулі некалькі шведскіх дэпутатаў да кампаніі #WeStendByYou, і васьмёра ўдзельнікаў парламенту ўзялі шэфства над беларускімі палітычнымі вязнямі. З гэтага ядра вырасла група сяброў вольнай і дэмакратычнай Беларусі, якая адкрылася, калі ў снежні ў Стакгольм прыязджала Святлана Ціханоўская», – адзначыў прадстаўнік народнай амбасады.

Святлана Ціханоўская і Зміцер Васэрман у Швецыі. Фота прадстаўлена рэдакцыі

Беларусы Швецыі працягваюць ладзіць акцыі падтрымання і салідарнасці з землякамі. На маніфестацыях удзельнікі беларускай дыяспары інфармуюць жыхароў краіны пра падзеі ў Беларусі.

«Вельмі істотна, каб людзі падтрымлівалі беларусаў не толькі пасіўна, але і актыўна. А для гэтага трэба, каб Беларусь заставалася на старонках газетаў, тэлебачання ды іншых СМІ. У нас ёсць кантакты з журналістамі, яны да нас звяртаюцца. Была вельмі сур’ёзная гісторыя, калі шведы асэнсавалі, што мясцовая дзяржаўная ўстанова страхавання крэдытуе ўгоды з незаконным рэжымам Лукашэнкі. Быў вялікі скандал, на слуханні ў парламенце выклікалі міністра ўнутраных справаў і міністра замежных эканамічных сувязяў. Скончылася тым, што агенцтва перапыніла кантракт – і крэдытаванне еўрапейскіх банкаў перапынілася».

З акцыяў спадар Зміцер згадаў вельмі незвычайную падзею, калі на плошчы ў Стакгольме мітынг зарганізавалі не ўдзельнікі дыяспары, а шведскія грамадскія актывісты:

«Звяз пісьменнікаў, журналістаў, ПЭН-цэнтр, група «За дэмакратыю і правы чалавека» ды іншыя. Гэта было напярэдадні гадавіны выбараў у Беларусі, 8 жніўня 2021 года. Калі я загаварыў пра тое, што народная амбасада таксама хоча ўзяць удзел у арганізацыі, мне сказалі: «Не, гэта дэманстрацыя, якую арганізуюць шведы ў падтрымку беларусаў. А вы будзеце запрошаныя для прамовы». І гэта была вельмі моцная дэманстрацыя. Выступала міністарка замежных справаў, міністарка культуры і палітыкі ад усіх палітычных партыяў ды ўстановаў».

Яшчэ адзін напрамак дзейнасці народнай амбасады – дапамога ўцекачам. У асноўным праца складаецца ў тым, каб Швецыя давала прытулак рэпрэсаваным, бо на гэты момант прытулак атрымалі адзінкі.

Акцыя беларускай супольнасці ў Швецыі. Фота прадстаўлена рэдакцыі

«Мы звязваемся з людзьмі, тлумачым, якая сітуацыя з атрыманнем палітычнага прытулку. На жаль, з гэтым у Швецыі сітуацыя застаецца складаная: краіна вельмі мала давала прытулку беларусам, якія пацярпелі ад рэпрэсіяў. Тут не ўсё можна развязаць праз палітыкаў. Тут палітыкі не маюць права ўмешвацца ў дзейнасць ведамстваў. Калі палітыкі могуць толькі мяняць заканадаўчую базу, а не займацца нейкімі прыватнымі выпадкамі. Але міністэрства можа апісаць сітуацыю ведамствам, каб тыя зрабілі нейкія захады. Гэта складанае і балючае для нас пытанне, але мы працягваем над ім працаваць», – падкрэсліў Васэрман.

На гэты год у беларускай дыяспары няма дакладнага плану дзеянняў. Спадар Зміцер падкрэсліў, што ўдзельнікі супольнасці намагаюцца дапасавацца да зменлівай сітуацыі:

«Мы будзем развіваць стасункі з групаю ў справе Беларусі, што склалася ў парламенце. Збіраемся звярнуць увагу на пытанне культуры, будзем падымаць пытанне дапамогі дэмакратычнай супольнасці, якую знішчыў Лукашэнка і чые прадстаўнікі былі вымушаныя ўцякаць за межы Беларусі, каб Швецыя падтрымлівала і гэтыя супольнасці. Бо пакуль такая сітуацыя не ўпісваецца ў шведскае разуменне панятку «эканамічная дапамога». Звычайна дапамога ў развіцці ідзе тым, хто ў краіне. Але праз тое, што на сёння Беларусь існуе і за межамі таталітарнай дзяржавы, нам трэба забяспечыць падтрыманне грамадзянскай супольнасці беларусаў там, дзе яны цяпер ёсць».

Фота прадстаўлена рэдакцыі

На думку прадстаўніка народнай амбасады, Швецыя можа падтрымаць і дзеячаў культуры:

«Культура – гэта частка грамадзянскай супольнасці. Таму мы дамагаемся, каб падтрымку атрымалі мастакі, акторы, музыкі, пісьменнікі ды іншыя творцы, хто быў вымушаны ўцякаць з Беларусі, але працягвае працаваць на развіццё беларускай культуры».

Яшчэ адным напрамкам на будучыню Зміцер Васэрман назваў узмацненне ціску на рэжым Лукашэнкі да поўнай яго ізаляцыі.

МГМ belsat.eu

Стужка навінаў